Вы тут

Прывабнасць Глускага краю


Глускі раён — скарбніца непаўторнай прыроды і маляўнічых мясцін. І гэта не выпадкова, бо тут удзяляецца вялікая ўвага захаванню высокага ўзроўню экалогіі. Акрамя таго, у раёне добра развітыя кірункі сельскай гаспадаркі, турызму, ёсць свае прадпрыемствы, знакамітыя на ўсю краіну. Нездарма карэспандэнты «Звязды» бліжэй пазнаёміліся з гэтым маляўнічым месцам.


На­мес­нік стар­шы­ні Глус­ка­га рай­вы­кан­ка­ма Дзміт­рый Цім­чан­ка.

На ўскрайку Палесся

Камандзіроўка ў Глуск. Так пачаўся адзін з працоўных тыдняў журналіста. Напярэдадні я старанна шукаў інфармацыю пра гэтае месца. Аказалася, гарадскі пасёлак Глуск знаходзіцца не так ужо і далёка ад Мінска — крыху менш за 180 км. Ён жа з'яўляецца адміністрацыйным, культурна-бытавым і гаспадарчым цэнтрам усяго Глускага раёна, які раскінуўся ў паўднёва-заходняй частцы Магілёўскай вобласці, у межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны і Прыпяцкага Палесся на тэрыторыі 1336 кв. км. У раёне пражывае 13 994 чалавекі, з якіх крыху больш за палову жывуць у Глуску. Раён мяжуе з Любанскім і Старадарожскім раёнамі Мінскай вобласці, Бабруйскім і Асіповіцкім Магілёўскай вобласці і з Акцябрскім раёнам Гомельскай вобласці.

Падчас непрацяглай «рэкагнасцыроўкі» таксама атрымалася даведацца, што на тэрыторыі раёна знаходзяцца вялікія залежы торфу, калійных соляў, сапрапелю. З 1980 года там вядзецца прамысловая здабыча нафты. Пры гэтым усё адбываецца без парушэння экалагічнага становішча, што немалаважна, бо асноўным багаццем раёна лічыцца менавіта прырода. Добрыя ўмовы створаны і для развіцця сельскай гаспадаркі — у аграпрамысловы комплекс раёна ўваходзяць 2 сельскагаспадарчыя кааператывы, адкрытыя акцыянерныя таварыствы «Глуская Зара», «Аграфірма «Слаўгарадскі», «Эксперыментальная база «Глуск», «Глускі райаграпрамтэхзабеспячэнне», а таксама прадпрыемствы, якія абслугоўваюць сельскую гаспадарку. Згодна з праграмай адраджэння і развіцця вёскі на тэрыторыі раёна добраўпарадкавалі 8 аграгарадкоў: Заеліца, Катка, Клетнае, Калацічы, Бярозаўка, Турыно, Засценак Усцярхі і Завалочыцы. Добра развітая інфраструктура для турызму, палявання, рыбнай лоўлі. Увогуле, гэта маляўнічы гасцінны куток, дзе мы збіраліся правесці сваіх некалькі працоўных дзён.

Плеяда землякоў

Глуск — дагледжанае мястэчка. Датай яго заснавання лічыцца 1396 год. Размяшчэнне на скрыжаванні адразу некалькіх важных дарог і суднаходнай рацэ Пціч зрабіла гэтае месца адным з цэнтраў рамяства і гандлю. У 1525 годзе Глуск атрымаў права на правядзенне кірмашоў, а ўжо ў XVІІ стагоддзі тут быў узведзены мураваны замак, ад якога сёння, на жаль, мала што засталося. У краязнаўчым музеі расказалі, што тэрыторыя, на якой сёння размешчаны гарадскі пасёлак, перажыла набегі крымскіх татараў, пацярпела падчас «казацкай вайны» 1648 года і вайны Расіі з Рэччу Паспалітай. У 1812 годзе ў ваколіцах адбылася бітва паміж польскімі войскамі і атрадам рускага генерала Эртэля. Аб драматычным мінулым раёна нагадваюць 26 помнікаў археалогіі ды царква Святых Касмы і Даміяна ў вёсцы Гарадок.

Глуская зямля падарыла свету цэлую плеяду знакамітых імёнаў: гэта вядомы мастак XVІІ–XVІІІ стст. Аляксандр Тарасевіч, байкапісец Альгерд Абуховіч, вядомыя беларускія паэты Сяргей Грахоўскі, Янка Бобрык, пісьменнік Навум Сандамірскі, заслужаны ўрач БССР Аляксандр Сямёнаў, чыё імя носяць вуліца і бальніца, народны артыст Беларусі Валерый Іваноў, прафесар Еўрапейскай акадэміі мастацтваў Вячаслаў Захарынскі.

Найвышэйшай узнагароды за воінскую доблесць — звання Героя Савецкага Саюза — удастоены Сцяпан Антонавіч Калінкоўскі, Ульян Аляксандравіч Рыбак, двойчы ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза Сцяпан Фёдаравіч Шутаў.

Ма­кет ста­ра­жыт­на­га зам­ка на тэ­ры­то­рыі гіс­та­рыч­на­га за­мчы­шча.

Багацце для гаспадароў

Глускі раён багаты не толькі падзеямі гістарычнага мінулага, але і тым, што створана сёння. За сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі замацавана 40,8 тысячы га сельгасугоддзяў, у тым ліку 20,4 тысяч га раллі. У гаспадарках працуюць 1065 чалавек. На Глушчыне вырошчваюць элітнае насенне збожжавых і зернебабовых культур, а таксама бульбы. Займаюцца гэтым на ААТ «Эксперыментальная база «Глуск». На базе таварыства «Глуская Зара» ёсць комплекс па адкорме буйной рагатай жывёлы на 3200 галоў. Усяго ў сельгасарганізацыях ёсць 21 малочнатаварная ферма, у тым ліку большая частка з іх ужо аснашчаны сучаснымі даільнымі заламі.

Восенню 2015 года ў аграфірме «Слаўгарадскі» заклалі 5 га парэчкі і спыняцца на дасягнутым не збіраюцца. Сёлета плануюць пашырыць плошчу ягадніку да 15 га, тым больш што захаваць і рэалізаваць ягады можна адразу ў раёне: менавіта ў раённым цэнтры знаходзіцца цэх замарозкі Глускага райспажыўтаварыства, якое добра вядомае не толькі ў краіне, але і за яе межамі.

Як расказала намеснік старшыні Глускага райвыканкама Алена Булатоўская, у раёне 18 сялянска-фермерскіх гаспадарак, за якімі замацавана 1100 га ўгоддзяў. У асноўным яны займаюцца вытворчасцю прадукцыі раслінаводства, у прыватнасці гародніны: вырошчваюць моркву, буракі, цыбулю, бульбу, збожжавыя і зернебабовыя. Летась вырасцілі 12 755 тон агародніны, што на 22% больш, чым пазалетась. Ураджайнасць па мерках краіны даволі добрая — 437 ц/га. Многія гападаркі маюць свае сховішчы для гародніны. У 2016 годзе арганізавалася сялянска-фермерская гаспадарка «Дуброўская гародніна», якая таксама зоймецца яе вытворчасцю. А новая фермерская гаспадарка «Яблык-Агра» плануе сёлета пасадзіць яблыневы сад на плошчы 6 га.

Тут на базе Веснаўскага дома-інтэрната ўвасабляецца ўнікальны для краіны праект па сацыяльнай адаптацыі дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Выхаванцам дапамагаюць не толькі прыстасоўвацца да жыцця ў грамадстве, але і даюць магчымасць навучыцца працаваць і зарабляць у сталярным цэху. Тут яны сваімі рукамі ствараюць сталярныя вырабы, а потым прадаюць іх. У цэлым аздараўленню і рэабілітацыі ў раёне спрыяе добрая экалагічная абстаноўка. Нездарма менавіта тут знаходзяцца абласны дзіцячы цэнтр медыцынскай рэабілітацыі «Космас» і аздараўленчыя лагеры «Гарадок» і «Пціч».

Прыродныя багацці дазваляюць развівацца турыстычнай сферы. У раёне зарэгістравана 12 аграсядзіб, функцыянуе Дом рыбака ў аграгарадку Заеліца і Дом паляўнічага ў вёсцы Даколь, дзе ёсць усё неабходнае для адпачынку ў добрай кампаніі. Акрамя таго, распрацаваны 4 турыстычна-экскурсійныя маршруты: 2 пешыя і 2 водныя.

Свя­та-Бо­га­яў­лен­скі храм зна­хо­дзіц­ца ў но­вым жы­лым ра­ё­не Глус­ка.

З прыцэлам на экспарт

У раёне ёсць прадпрыемствы, якія працуюць на экспарт.

Калі вам патрэбныя маленькія спружыны з высокай нагрузкай або складанай геаметрыі з высокімі дынамічнымі характарыстыкамі — тады вам на прадпрыемства «Тэхнатрансдэталь». Яно адкрылася яшчэ ў 2000 годзе і ўжо сёння адно з вядучых у раёне. Спецыялізуецца «Тэхнатрансдэталь» не толькі на розных відах спружын (кшталту конусных, бочкападобных, цыліндрычных, сціскання, расцяжэння з рознай формай зачэпу, заклёпванняў), але і на разнастайных вырабах з дроту. Прадпрыемства працуе як на ўнутраны рынак, так і на экспарт.

На прадпрыемстве «Дока-Дрэў» займаюцца выпускам прадукцыі дрэваапрацоўкі: мэблевага шчыта, пілаванай шпоны, паркетнага фрыза і міжпакаёвых дзвярэй з масіву дубу. Вытворчасць сарыентавана на экспарт у краіны Еўрасаюза, але і айчынным пакупнікам ніколі не адмовяць.

Старшыня райвыканкама Уладзімір Царыкаў адзначыў, што цяпер у раёне пачалі рэалізацыю інвестпраекта па арганізацыі дрэваапрацоўчай вытворчасці дзякуючы прадстаўнікам малога бізнесу з фірмы «МансіЁн». Рэалізацыя гэтага інвестпраекта пройдзе ў тры этапы: рамонт будынкаў, устаноўка абсталявання і вытворчасць гатовых вырабаў з сухога драўнянага матэрыялу. Прадпрыемства ўжо на пачатковым этапе плануе працаваць не толькі на ўнутраны рынак, але і пастаўляць прадукцыю за мяжу.

Прынада для інвестара

У канцы лістапада 2014 года ў Глускім раёне адкрыўся свінакомплекс «Поблінскі». Гэта ўдалося дзякуючы ініцыятыве дырэктара комплексу Дзмітрыя Яшчанкава, які прыехаў сюды з Мінска, і падтрымцы мясцовых уладаў. Дырэктар свінакомплексу ствараў новыя працоўныя месцы для 10 чалавек. Цяпер кіраўнік прадпрыемства ўжо плануе павялічыць пагалоўе свіней да дзвюх тысяч. А гэта новыя працоўныя месцы і паступленні ў бюджэт раёна.

«Мы рады бачыць у сябе ініцыятыўных людзей. У раёне разглядаюцца любыя інвестыцыйныя прапановы, і прадстаўнікі ўлады заўсёды адкрытыя да супрацоўніцтва», — патлумачыла Алена Булатоўская.

Інвеставаць тут цікава ў турыстычную сферу, дзе ўжо цяпер гатовы прымаць у сябе турыстаў круглы год. Прызнаюся, далёка не ўсюды ў Беларусі можна знайсці такую прыродную разнастайнасць: запаведныя дубровы, якія захоўваюць таямніцы мінулых стагоддзяў, сасновыя бары, багатыя ягадамі і грыбамі. Акрамя таго, падарожнікаў можа зацікавіць і возера з красамоўнай назвай Выгада. І справа не толькі ў яго чыстай вадзе. Найбольшую прывабнасць мае радовішча сапрапелю, які можна выкарыстоўваць у лячэбных мэтах. Для распрацоўкі гэтага кірунку тут таксама чакаюць інвестара, які б паставіў яго на «камерцыйныя рэйкі».

Дарэчы пра рэйкі — Глускі раён досыць аддалены ад чыгунак. Таму тут таксама сур'ёзна задумваюцца аб прыцягненні інвестара ў сферу лагістыкі. Вось і атрымліваецца, што турызм, аздараўленне, лагістыка, сельская гаспадарка — прыцягальныя напрамкі для развіцця прыватнай ініцыятывы.

Аб'ездзіўшы раён, мы з фатографам зноў вярнуліся ў Глуск, дзе правялі яшчэ адзін дзень, каб лепей адчуць аўру гарадскога пасёлка. Ужо пакідаючы яго, сышліся на думцы, што ёсць у гэтым месцы свая магія. Гэта мясціна, дзе любы, нават малазнаёмы чалавек ставіцца да цябе з разуменнем і асаблівай непаўторнай гасціннасцю. Тое месца, куды хочацца вяртацца.

kryzhevіch@zvіazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Выбар рэдакцыі

Грамадства

​Дзе прызначалі спатканні ў даваенным Мінску?

​Дзе прызначалі спатканні ў даваенным Мінску?

Атрымаць падказкі вам дапаможа экскурсія «Рамантыка мінскіх дворыкаў».

Культура

Алесь Бадак: Важна знайсці перакладчыка, які цябе зразумее

Алесь Бадак: Важна знайсці перакладчыка, які цябе зразумее

Паэт і празаік Алесь Бадак шмат гадоў працаваў у літаратурных перыядычных выданнях Беларусі, а з 2015 года ўзначальвае выдавецтва «Мастацкая літаратура».