Вы тут

Майкл Маргуліс: «Беларусь — краіна схаваных талентаў»


З Ганаровым консулам Беларусі ў штаце Флорыда (ЗША) спадаром Майклам МАРГУЛІСАМ можна весці бясконцыя гутаркі на розныя тэмы. Ён знакаміты багаслоў, палітолаг, аўтар канцэпцыі духоўнай дыпламатыі, а таксама пісьменнік, рэдактар амерыканскага часопіса US-Belarus, які расказвае жыхарам Злучаных Штатаў пра нашу краіну. Не так даўно спадар Майкл завітаў у Беларусь, каб прыняць удзел у V Усебеларускім народным сходзе, а наш карэспандэнт звярнулася да яго з пытаннямі пра ролю літаратуры ў сучасным свеце, місію айчынных пісьменнікаў, ну і натуральна, — пра ўспрыманне жыхарамі ЗША часопіса пра Беларусь.


— Спадар Майкл, ці ёсць будучыня ў літаратуры?

— Сёння літаратура не адыгрывае ў жыцці людзей такой ролі, як раней. Але ўсё роўна яна не памерла і суправаджае чалавека. Ды яна і не можа памерці, думаю, што чалавецтва раней ці пазней вернецца да чытання. Лепшы доказ таму: калі зайсці ў кнігарню, можна пабачыць шмат сучасных выданняў класікі, новых раманаў. Але ж гэта таксама бізнес: калі кнігі выдаюцца — значыць імі нехта цікавіцца. Таксама лічу, што папяровая кніга, дзякуючы прыемным атрыбутам яе чытання — паху друкарскай фарбы, працэсу перагортвання старонак, — пераможа электронную.

— Што павінна несці свету літаратура?

— Памяць пра мінуўшчыну. Як казаў Горкі: хто плюе ў сваё мінулае, той страляе ў сваю будучыню. Кожны пісьменнік у сваіх кнігах паказвае краіну, але добры аўтар праз яе прызму адлюстроўвае ўвесь свет, ён піша пра вечныя паняцці любові, спачування, болю, смеху скрозь слёзы.

— Усё часцей кажуць пра вяртанне аўтараў да жанру вялікага рамана, аднаўленне цікавасці чытачоў да яго...

— Тут назіраюцца два паралельныя працэсы. Час інтэрнэту прымушае людзей чытаць тэксты вельмі кароткай формы. Вы ж не будзеце ў сацыяльных сетках размяшчаць і чытаць некалькі старонак. Але калі ў чалавека знікае магчымасць засяродзіцца, задумацца, пасуперажываць чужому болю і чужому каханню (а менавіта гэтыя адчуванні дае вялікі раман), то ён знікае як асоба. Таму і адбываецца вяртанне да вялікіх жанраў прозы. Раптам зноў пачалі чытаць «Вайну і мір» Талстога, прозу Дастаеўскага. Кніга — гэта не толькі працэс чытання, гэта сыход у чыёсьці жыццё, дзе вы знаходзіце водгулле ўласнага лёсу, свайго кахання і болю. Добрая літаратура валодае такімі ўласцівасцямі. Кароткая форма твора не дазваляе чытачу перанесціся ў іншае жыццё, а раман — дае такую магчымасць. У кнізе і ў каханні трэба заставацца сам-насам.

— Каго лічыце сваімі літаратурнымі настаўнікамі?

— Гэта ў асноўным амерыканскія пісьменнікі, я на іх выхоўваўся. Эрнест Хемінгуэй, Фрэнсіс Скот Фіцджэральд, з нямецкіх — Эрых Марыя Рэмарк. Гэтая літаратура ў час маёй маладосці была навіной. Сёння яна ўжо ператварылася ў класіку.

— Ці сочыце за падзеямі ў беларускай літаратуры, чытаеце кнігі нашых аўтараў?

— Так, канешне, чытаю Васіля Быкава, чытаю кнігі аўтара з Брэста Аляксандра Валковіча, іншых сучасных пісьменнікаў. Нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч напісала важныя, патрэбныя творы, але жорсткія, праўдзівыя, магчыма, надта страшныя. Праўда заўсёды надта страшная. Я не лічу, што яе кнігі маюць высокі літаратурны ўзровень, але яна — важны публіцыст. Мала стала літаратуры на ўзроўні, на якім я хачу яе бачыць. У мяне ўласныя крытэрыі: параўноўваю новыя кнігі з тымі, што для мяне лічацца вельмі высакаякаснымі. Я разумею, што адбываецца ў беларускай літаратуры і лічу, што ў бліжэйшы час павінна з'явіцца некалькі яркіх асоб новага пакалення, якія напішуць выдатныя кнігі. Думаю, што Беларусь — краіна схаваных талентаў. Тут людзі вельмі сціплыя і часта пра сябе не кажуць. Значыць — нехта іншы пра іх павінен сказаць. Магчыма, гэта мушу рабіць я, пакуль жывы.

— Вы маеце шмат сяброў сярод беларусаў, не толькі пісьменнікаў, але і кампазітараў, палітыкаў. Напэўна, многія стасункі — ужо самі па сабе гісторыі, нават легенды?

— Так, напрыклад, з кампазітарам Ігарам Лучанком мы сябруем з 17 гадоў. Яшчэ калі ён быў студэнтам кансерваторыі, а я вучыўся ва ўніверсітэце. У Гомельскай філармоніі мы зарабілі разам першыя грошы на сумеснай песні: я напісаў словы, а ён — музыку. Ужо праз многа гадоў, калі я прыехаў з дэлегацыяй Кангрэса ЗША, Лучанок мяне спачатку не пазнаў, але калі я заспяваў радок з той самай песні: «Зеркалом волшебным серебрится Сож...», ён адразу падбег да раяля і пачаў іграць, сказаў: «Майкл, гэта ты!»

— Часопіс US-Belarus выдаецца ў шыкоўным на сёння фармаце: глянцавая папера, шмат ілюстрацый. Ці складана трымаць такі ўзровень у час панавання электронных СМІ?

— Тое, што карысна для чалавека, — складана. А калі шкодна, — проста. Некалі казалі, што інтэрнэт заменіць газеты, бо навошта доўга перагортваць старонкі, калі можна хутка знайсці патрэбныя навіны ў інтэрнэце. Але гэта не працуе! Сёння інтэрнэт займае ў некалькі разоў больш часу, чым газеты. Таму людзі вернуцца да друкаванага слова. Вось і я стаў выдаваць часопіс, таму што ў інтэрнэце ніхто пра Беларусь інфармацыю не знойдзе. Там яна, натуральна ёсць, але яе ніхто не будзе шукаць і чытаць. Мне ж патрэбна адкрыць краіну як з'яву, каб пра яе даведаліся многія. Тыраж нашага выдання — 5 000 асобнікаў, яго атрымліваюць у Кангрэсе, сенаце, у буйных банках, універсітэтах, бібліятэках. Наш мэтавы чытач — эліта амерыканскай нацыі, бо менавіта яна прапагандуе ідэі ў масах. Мы расказваем амерыканцам пра беларускі гумар, традыцыі, ручнікі, пра Хатынь і Брэсцкую крэпасць... Самі жыхары Беларусі пра гэта выдатна ведаюць, але для чытача ў Штатах — гэта як звесткі з іншай планеты.

— Выйшла ўжо тры выпускі часопіса. Ёсць нейкія водгукі чытачоў?

— Водгукі вельмі добрыя. Хоць я рыхтаваўся да негатыўнай рэакцыі. Часопіс усім падабаецца: палітыкам, бізнесменам, банкірам і простым чытачам. Ды і самім беларусам, якія чытаюць па-англійску, часопіс таксама прыйшоўся даспадобы: яны самі бачаць сваю краіну па-новаму, нібыта збоку.

Падчас візіту спадара Майкла Маргуліса ў Беларусь адбылася сустрэча Ганаровага консула Беларусі ў штаце Флорыда з пісьменнікам, рэдактарам і ўкладальнікам Брэсцкага раённага краязнаўчага альманаха «Астрамечаўскі рукапіс» Аляксандрам Валковічам. Аляксандр Міхайлавіч перадаў у калекцыю Майкла Маргуліса беларускі вышываны ручнік, а таксама прэзентаваў новы выпуск «Астрамечаўскага рукапісу». Дарэчы, матэрыял пра гэты ўнікальны альманах плануецца да выхаду ў наступным нумары часопіса US-Belarus.

Не абышлося без сюрпрызаў: Аляксандр Валковіч атрымаў прэмію амерыканскага тоўстага літаратурнага часопіса The New Revіew па выніках літаратурнага конкурсу фонду «Духоўная дыпламатыя» за кнігі «Бяроза чорная, бяроза белая» і «Лета чырвоных коней».

vesіaluha@zvіazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.