Гэта пісьмо можна было адразу пакласці ў архіў, бо яно не змяшчае прозвішча аўтара і тым самым трапляе ў разрад ананімак. Але ліст нагадваў крык душы аб дапамозе хлопчыку, тым больш інваліду. Суседзі, так падпісаны зварот у рэдакцыю, расказваюць, што хлопчык Саша Хлебнік, які жыве па вуліцы Леніна ў Пружанах, рана застаўся без маці, цяпер ён не дагледжаны, забыты, пакінуты, часам, магчыма, галадае. А бацька даўно жыве ў Мінску з новай сям'ёй, пра сына забыўся, пакінуўшы дзіця пад апекай сваёй сястры, значыць, Сашынай цёткі.
Першае, што падумалася пасля прачытання, што быць такога не можа. Спецыялісты з аддзелаў адукацыі адсочваюць дзяцей-сірот і аператыўна прымаюць меры па іх абароне. У аддзеле адукацыі райвыканкама сказалі, што непаўналетняга інваліда з такім прозвішчам у іх горадзе няма. Пазней высветлілася, што Аляксандр Хлебнік, інвалід другой групы, пражывае ў Пружанах па вуліцы Леніна. Яму 31 год.
А для старых суседзяў, на чыіх вачах ён вырас, Саша па-ранейшаму застаецца хлопчыкам. І гэта можна зразумець, як і іх абурэнне бацькам Аляксандра, які мала ўвагі ўдзяляе хвораму сыну. Але не ўсё так проста.
З псіхолагам раённага тэрытарыяльнага цэнтра абслугоўвання насельніцтва Ганнай Мышкевіч наведваем Галіну Несцярчук, з якой і пражывае разам Аляксандр Хлебнік. У доме хоць і бедна, але даволі чыста і акуратна. Галіна Міхайлаўна запрашае прысесці на кухні, дзе мы з ёй і гутарым.
54-гадовая Галіна Несцярчук не працуе праз інваліднасць, у яе праблемы з пазваночнікам. Раней яна доўгі час працавала медсястрой. Калі гаворка заходзіць пра Сашынага бацьку, гаспадыня дома вельмі нервуецца, расказвае эмацыянальна, часам амаль зрываючыся на крык скрозь слёзы. Але паступова яна супакойваецца, і вымалёўваецца няпростая гісторыя жыцця маладога інваліда.
Нарадзіўся Саша глухім, ёсць і іншыя праблемы са здароўем. Маці хлопчыка хварэла на рассеяны склероз і памерла, калі дзіцяці было ўсяго пяць гадоў.
Гадавалі яго бабуля і цётка Галіна. Бацька неўзабаве стварыў новую сям'ю і ўжо шмат гадоў жыве ў Мінску.
Сашу на некаторы час адпраўлялі ў спецыялізаваныя ўстановы, дзе ён вучыўся ў асяродку равеснікаў. Малады чалавек не гаворыць, але ўсё разумее, бо добра ўмее чытаць па губах.
— Ён быў асабліва прывязаны сэрцам да бабулі, — расказвае Галіна. Яна ў канцы жыцця зусім аслепла. Саша быў для яе вачамі, а яна для яго вушамі, так яны падтрымлівалі адно аднаго.
Дзесяць гадоў таму бабуля памерла, указаўшы ў завяшчанні, што права на дом пераходзіць да дачкі Галіны. Праўда, гэта было зроблена са згоды сына Генадзя, ён не прэтэндаваў на сваю частку спадчыны, аддаючы належнае сястры за яе гатоўнасць даглядаць пляменніка.
Нельга сказаць, што цяпер ён зусім не падтрымлівае сына. Паводле слоў Галіны, брат штомесяц прысылае па 500 тысяч рублёў; калі яна папросіць, то перавядзе крыху больш, напрыклад 700 тысяч. «Але ж гэта вельмі мала, — абураецца жанчына. — Сашына пенсія складае 1 700 000 рублёў, мая — 2 500 000. Трэба ж хлопца накарміць, апрануць, купіць лекі. У яго праблемы з падстраўнікавай залозай, перыядычна праводзяцца курсы лячэння. А ў хаце даўно неабходны рамонт».
Яна лічыць, што брат мог бы дапамагаць больш адчувальна. І прычынай такой скупаватасці Галіна называе новую жонку брата. Суседзі ёй нават раілі падаць у суд і спагнаць аліменты з Генадзя на ўтрыманне сына. Толькі яна палічыла ў дачыненні да брата такі крок непрымальным, нават высвятляць не стала, ці сапраўды магчыма так вырашыць пытанне.
— Саша — мой сын, я яго выгадавала змалку, і нават калі будзе толькі мая і яго пенсія, неяк пражывём. У цягніку некалі сустрэлася з жанчынай. Тая прапанавала паваражыць на картах і сказала: «У цябе будзе сын, але не твой, да таго ж інвалід». Тады мне было 23 гады, жыццё наперадзе, яно здавалася шчаслівым, неабсяжна-бясконцым, нават увагі асаблівай не звярнула на такое прароцтва. А потым усё стала збывацца. Відаць, такі лёс. Такі мой крыж, і мне яго несці, — хавае за штучнай усмешкай слёзы жанчына.
Галіна Міхайлаўна расказвае, што у іх ёсць свой агарод, на якім Саша ёй першы памочнік. Ён з задавальненнем гатуе на кухні розныя стравы, але трэба крыху пакамандаваць, адным словам, многае можа зрабіць пад наглядам. І псіхолаг Ганна Мышкевіч успомніла, калі яна наведвала гэту сям'ю папярэдні раз, Аляксандр смажыў бліны на кухні. Яшчэ ў Галіны ёсць невялікі дамок у вёсцы, куды яны таксама час ад часу наведваюцца разам. І там Саша дапамагае падтрымліваць парадак.
Яшчэ раз уважліва чытаем ліст з дырэктарам тэрытарыяльнага цэнтра Нэлі ПЕДЧАНКА. Нэлі Георгіеўна кажа, што па іх мерках гэта звычайная сям'я інвалідаў. Звяртаю яе ўвагу на радок, дзе суседзі згадваюць любоў да выпіўкі як Галіны, так і яе сужыцеля. «Можа, дыму без агню не бывае. Але ж не злоўжываюць яны так, каб п'янымі валяліся, — заўважае дырэктар цэнтра. — Кожную нядзелю Галіна з пляменнікам ходзяць у царкву на службу. Вось толькі наш цэнтр для дзённага знаходжання інвалідаў Аляксандр Хлебнік не наведвае. Яго запрашалі, ён і цётка яго не адмаўляюцца, але і прыходзіць малады чалавек не спяшаецца. А ў нас дзейнічае вельмі добрая праграма па рэабілітацыі маладых інвалідаў. Яны займаюцца ў розных гуртках, вучацца».
* * *
Пра гэту сям'ю не скажаш, што тут жыве шчасце. Лёс, як у многіх людзей з паталогіямі, так і тых, хто побач з імі, незайздросны. Невялікія даходы, пастаянная няхватка грошай, адсутнасць якіх-небудзь перспектыў накладваюць свой адбітак. Але ж людзі прызвычаіліся жыць, падтрымліваць адно аднаго, іншага ім не дадзена. Відаць, і суседзі складалі свой ліст у рэдакцыю не з горшымі думкамі альбо намерамі. Толькі вось прымусіць бацьку, які дасягнуў пенсійнага ўзросту, больш дапамагаць сыну-інваліду наўрад ці ў каго атрымаецца. Гэта пытанні сумлення і асабістага выбару кожнага.
г. Пружаны
Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.
Прафесійна, аператыўна, па-добраму.