Вы тут

Ці стане больш гісторыка-культурных каштоўнасцяў?


Прыняты праект Кодэкса, аналагаў якому няма ў свеце.

Учора дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу ў другім чытанні прынялі праект Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры. Ён будзе рэгуляваць грамадскія адносіны ў сферы культуры па такіх напрамках, як творчая дзейнасць, ахова гісторыка-культурнай і археалагічнай спадчыны, бібліятэчная і музейная справа, народныя мастацкія рамёствы, кінематаграфічная дзейнасць, арганізацыя і правядзенне культурных мерапрыемстваў... Гэты дакумент — унікальны не толькі для нашай краіны. Яму, як адзначаюць распрацоўшчыкі, увогуле няма аналагаў у свеце.


Праект Кодэкса аб культуры складаецца з Агульнай і Спецыяльнай частак, пяці раздзелаў, 257 артыкулаў.

Наталля КУЧЫНСКАЯ, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы, у размове з карэспандэнтам «Звязды» паведаміла, што да таго, як Кодэкс запрацуе, ён павінен быць прыняты Саветам Рэспублікі і падпісаны Прэзідэнтам.

— Дакладна сказаць, калі ён пачне дзейнічаць, не магу, але ўпэўнена, што гэта адбудзецца сёлета — бо зараз Год культуры, — сказала Наталля Кучынская. — Так што ў 2017 годзе Кодэкс ужо будзе працаваць.

У праекце Кодэкса вызначаны змест дзяржаўнай палітыкі і кампетэнцыя дзяржаўных органаў у сферы культуры. Так, сёння напрамкамі дзяржаўнай палітыкі ў сферы культуры з'яўляюцца: стварэнне ўмоў для супрацоўніцтва дзяржаўных органаў з камерцыйнымі арганізацыямі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі, прыцягненне сродкаў спонсараў і мецэнатаў культуры, іншых юрыдычных асоб і грамадзян, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў... У той жа час захоўваецца фінансаванне сферы культуры за кошт сродкаў рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў.

Кодэкс спрашчае парадак прыняцця некаторых кіраўніцкіх рашэнняў. У прыватнасці, да кампетэнцыі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў абласнога ўзроўню аднесена прыняцце рашэнняў аб наданні культурным каштоўнасцям, якія маюць значнасць для асобнага рэгіёна, статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, а таксама прыняцце рашэнняў аб пазбаўленні іх такога статусу.

Адказваючы на пытанне пра тое, ці стане ў сувязі з гэтым новаўвядзеннем больш аб'ектаў са статусам гісторыка-культурнай каштоўнасці, Наталля Кучынская выказала спадзяванне, што такіх аб'ектаў павінна прыбавіцца:

— Людзі ў сферы культуры актыўныя. Увогуле, гэта вельмі важны нюанс: у кожным рэгіёне ёсць значныя культурныя аб'екты.

Яшчэ адно новаўвядзенне — у праекце Кодэкса прадугледжаны больш сур'ёзныя патрабаванні да стварэння музеяў. Абавязковае патрабаванне — магчымасць увядзення штатнай адзінкі (адзінак) музейнага работніка. Спрашчаецца парадак стварэння музеяў-запаведнікаў і музеяў пад адкрытым небам: не патрабуецца прыняцця рашэнняў Прэзідэнта або Савета Міністраў.

У сваім выступленні ў авальнай зале дэпутат Наталля Кучынская звярнула ўвагу і на тое, што ў Кодэксе прадугледжана магчымасць вяртання ўваходных білетаў «у выпадку змянення складу ўдзельнікаў ці змянення месца і часу правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства». Кампенсацыя кошту білета ў поўным памеры будзе выплачвацца не пазней чым за сем каляндарных дзён з дня падачы заявы.

Карыстацца авіямадэлямі стане прасцей

Учора дэпутаты ўхвалілі змены і дапаўненні і ў іншы грунтоўны дакумент. Пра новаўвядзенні ў Паветраны кодэкс нашай краіны расказала Алена БЕРАСНЕВА, член Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце.

— На практыцы спрашчаецца выкарыстанне авіямадэляў у паветранай прасторы, іх не трэба будзе рэгістраваць, гэта значыць, усё будзе нашмат прасцей, — паведаміла парламентарый. — Пасля таго, як мы прымем адпаведныя змены ў заканадаўства, выкарыстанне авіямадэляў будзе рэгламентавацца не Паветраным кодэксам нашай краіны, а правіламі Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, якія зараз распрацоўваюцца.

Дадатковыя паўнамоцтвы

Алег СЛІЖЭЎСКІ, міністр юстыцыі, расказаў пра змены ў Закон «Аб адвакатуры і адвакацкай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь.

— Законапраектам прапануецца дэ-юрэ замацаваць такія прынцыпы арганізацыі адвакатуры, як самакіраванне і самафінансаванне, а таксама адзінства статусу адвакатаў, — адзначыў ён. — Сёння рэспубліканская калегія адвакатаў фармальна аб'ядноўвае ўсіх членаў калегіі, але не мае такіх кіруючых паўнамоцтваў, як тэрытарыяльныя калегіі. Таму неабходна павысіць ролю рэспубліканскай калегіі адвакатаў, якая павінна не толькі каардынаваць работу тэрытарыяльных калегій адвакатаў, але і здзяйсняць аператыўнае кіраванне некаторымі пытаннямі дзейнасці ўсёй адвакатуры ў краіне.

Бюджэт прыйдзецца карэктаваць

Парламентарыі разгледзелі шэраг законапраектаў, прысвечаных зацвярджэнню справаздач аб выкананні бюджэтаў дзяржаўных пазабюджэтных фондаў. Адказваючы на пытанне дэпутата Валянціны Ляоненкі, члена Пастаяннай камісіі па міжнародных справах, Уладзімір АМАРЫН, міністр фінансаў, прызнаў, што сёлета, на жаль, нестабільнасць знешніх фактараў, змяненне цэн на нафту ўплываюць на выкананне бюджэту.

— Нам прыйдзецца яго карэктаваць па выніках першага паўгоддзя, таму што цэны на нафту не адпавядаюць прагнозным значэнням, ёсць і іншыя адхіленні, — паведаміў міністр фінансаў. — Мы ўжо зарэзервавалі частку расходаў рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў для таго, каб збалансаваць бюджэт з улікам умоў, што змяняюцца.

Па словах міністра, меры па дадатковым прыцягненні ў бюджэт даходаў прынятыя. Уладзімір Амарын запэўніў, што бюджэт збалансаваць атрымаецца.

yushkevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?