Вы тут

Якія прафесіі будуць запатрабаваныя праз пяць гадоў


«Столькі вучыўся, а нікуды не магу ўладкавацца», — наракаюць некаторыя выпускнікі. Штогод частка моладзі не знаходзіць сабе работу па спецыяльнасці і ідзе працаваць па прынцыпе «куды возьмуць». Якія прафесіі выбраць сённяшнім абітурыентам, каб пасля вучобы быць запатрабаванымі на рынку? І хто ж са спецыялістаў у 2020 годзе аказацца не пры справе? Разбіраемся разам з экспертамі.


У прыярытэце — высоканавуковыя тэхналогіі

Адной з самых запатрабаваных прафесій застануцца медыкі, лічыць начальнік упраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Алег ТОКУН.

— З аднаго боку расце працягласць жыцця, пажылых становіцца больш, з іншага — павялічваецца нараджальнасць, — тлумачыць устойлівы попыт на ўрачоў эксперт. — Гэтыя ж прычыны, дарэчы, будуць абумоўліваць і патрэбу ў работніках сацыяльнай сферы. Плюс у Беларусі развіваецца экспарт медыцынскіх паслуг, да нас актыўна едуць лячыцца замежнікі.

Будуць у трэндзе прадаўцы і спецыялісты сферы паслуг: цырульнікі, афіцыянты. Гэта прафесіі, дзе камп'ютар не зможа замяніць чалавека, таму патрэба ў такіх кадрах не знікне. Застануцца творчыя прафесіі, але пры гэтым варта разумець, што попыт на іх заўсёды невялікі. І конкурс у нашы ВНУ на творчыя спецыяльнасці гэта пацвярджае.

— У прыярытэце — развіццё высоканавуковых тэхналогій, а значыць будуць неабходны айці-спецыялісты (ад тэсціроўшчыкаў да праграмістаў) і інжынеры. У сувязі з будаўніцтвам атамнай станцыі перспектыўным кірункам стане ядзерная энергетыка, тым больш, што кваліфікаваных работнікаў у гэтай галіне ў Беларусі пакуль няшмат, — дадае Алег Токун.

Калі казаць пра сельскую мясцовасць, то там заўсёды быў попыт на аграномаў, ветэрынараў, механізатараў, трактарыстаў. Ён захаваецца, хоць і ў меншай ступені. У вёску таксама прыходзіць аўтаматызацыя, і там, дзе раней на ферме было занята 40-50 чалавек, цяпер дастаткова шасці.

У цэлым, мяркуе прадстаўнік міністэрства, будуць неабходны прафесіі, якія патрабуюць творчага асэнсавання, а не механічнага выканання дзеянняў.

Спецыялісты па тэндэнцыях

Два гады таму ў «Сколкава» выпусцілі «Атлас будучых прафесій». Па ацэнках даследчыкаў, якія складалі даведнік, да 2020 года на біржы з'явіцца больш за 120 новых спецыяльнасцяў. Многія з іх будуць звязаны з экалогіяй: урбаніст-эколаг (яго задача — праектаваць высокатэхналагічныя «зялёныя» гарады), спецыяліст па пераадоленні сістэмных экалагічных катастроф (гэта катастрофы, працяглыя ў часе, якія ўсведамляюцца людзьмі паступова, напрыклад забруджванні вакол буйных прамысловых цэнтраў, радыяцыйныя звалкі), спецыяліст па рэцыклінгу адзення, экааналітык у здабыўных галінах.

Зніжаць напружанасць у грамадстве будуць медыятары сацыяльных канфліктаў і спецыялісты па адаптацыі мігрантаў. Кансультант па бяспецы асабістага профілю будзе праглядваць інфармацыю ў сеціве пра кліента і, калі неабходна, падчышчаць яго анлайн-вобраз. Вырасце попыт на трэндвотчараў (тых, хто адсочвае новыя тэндэнцыі) і распрацоўшчыкаў персанальных пенсійных планаў.

Гэты аналіз рабілі з улікам сітуацыі на расійскім рынку працы, але, на думку старшага даследчыка CASE Belarus (Цэнтр сацыяльных і эканамічных даследаванняў) Уладзіміра ВАЛЕТКІ, прагнозы цалкам верагодны і для беларускіх рэалій.

Эксперт раіць таксама звяртаць увагу на новыя напрамкі, якія адкрываюцца ў ВНУ. Гэта непасрэдны водгук на попыт з боку рынку працы.

— Прынамсі ў БДЭУ летась пачалася падрыхтоўка эканамістаў-аналітыкаў у межах спецыяльнасці «Нацыянальная эканоміка». Выпускнікі змогуць ацэньваць не толькі стан эканомікі рэгіёнаў, фінансавага рынку, але і эфектыўнасць дзяржаўных і карпаратыўных праграм і палітык. У спецыялізаванай эканаметрычнай лабараторыі на базе прыкладнога пакета аналізу Stata студэнты будуць авалодваць сучаснымі колькаснымі і якаснымі метадамі аналізу, такімі як фокус-групы, экспертныя апытанні, — прыводзіць прыклад Уладзімір Валетка.

Сярод цікавых сёлетніх навінак — 3D-мадэляванне (працаваць з трохмернымі тэхналогіямі будуць вучыць у БДТУ), біяінфарматыка (спецыяльнасць прапануе БДУ), тэхнічная праца і тэхнічная творчасць (Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт).

Апроч гэтага, будзе расці попыт на высакакласных спецыялістаў па найме персаналу. «Бо канкурэнтаздольнасць эканомікі вызначаецца як якасцю чалавечага капіталу, так і адпаведнасцю людзей месцу працы», — заўважае даследчык.

Экс­пер­ты ра­яць пры­гля­дзец­ца да но­вых спе­цы­яль­нас­цяў у ВНУ.

Бібліятэкары і турагенты знікнуць?

Хто на рынку ў будучым акажацца лішнім? Апошнія гады паступова зніжалася патрэба ў рабочай сіле. Калі ў 2011-м у агульнай структуры вакансій доля такіх месцаў складала амаль 78 працэнтаў, то цяпер — менш за палову.

Скарачаецца попыт на кадры ў банкаўскай сферы. «Мы гэта бачым на працягу апошніх трох гадоў, — каментуе Алег Токун. — Гэта галіна, дзе многае можа быць аўтаматызавана. Ужо сёння некаторыя банкі адмаўляюцца прымаць плацяжы ад насельніцтва, ставяць тэрміналы».

— Будзе змяншацца патрэба ў тэхнічных работніках, кшталту падлікоўцаў, — дадае Уладзімір Валетка. — Неабходнасць у персанале, які займаецца ўводам даных, таксама адпадзе, паколькі сучасныя айці-тэхналогіі дазваляюць лёгка запісаць інфармацыю ў электронным выглядзе, абмінаючы папяровы варыянт.

У даведніку, распрацаваным «Сколкава», сярод спецыяльнасцяў-«пенсіянераў» — бібліятэкары, паштальёны, турагенты, капірайтары. Расійскія даследчыкі ўпэўнены, што да 2020 года гэтыя прафесіі знікнуць. Беларускія эксперты не такія катэгарычныя. «Магчыма, калісьці так і будзе, але не ў бліжэйшыя 10 гадоў», — выказаўся Алег Токун.

Прагнозы не заўсёды цалкам спраўджваюцца, адзначае прадстаўнік міністэрства.

— Некалі думалі, што нам не патрэбна будзе столькі бухгалтараў, колькі ёсць. Планавалася, што ўкараніцца праграмнае забеспячэнне і замест пяці работнікаў будзе адзін, які з усім справіцца. Існавалі нават праекты па перанавучанні бухгалтараў у праграмісты. Але гэтага чамусьці не адбылося. Не ўгадалі і з псіхолагамі. Гадоў 15 таму казалі, што яны будуць вельмі папулярныя. Жыццё паказала, што не настолькі. Псіхолагі ў нас занялі пэўную нішу ў школах і дзіцячых садах.

Адгадаць на 100 працэнтаў немагчыма

Прагназаваннем сітуацыі на рынку працы звычайна займаецца сістэма прадбачання будучых кваліфікацый, skіlls antіcіpatіon. У Беларусі, як і ў іншых постсавецкіх краінах, робяцца толькі першыя крокі да наладжвання такіх механізмаў. У 2014 годзе былі створаны дзве рабочыя групы, якія курыруе Міністэрства эканомікі. Першая вызначае каротка- і сярэднетэрміновую сітуацыі на біржы, ажно да зацвярджэння кантрольных лічбаў па наборы ў ВНУ студэнтаў за кошт бюджэтных сродкаў. Другая — глядзіць на доўгатэрміновыя перспектывы, спрабуе стыкаваць патрэбы рынку працы, магчымасці сістэмы адукацыі і дэмаграфічную сітуацыю.

З наступнага года распачынаецца яшчэ адзін праект у гэтым напрамку. Універсітэты на працягу трох гадоў будуць адсочваць сваіх выпускнікоў. Маніторыць, наколькі задаволены тыя атрыманай адукацыяй, ці дынамічна прасоўваюцца па кар'ернай лесвіцы. На думку Уладзіміра Валеткі, такі праект дапаможа ў распрацоўцы сістэмы прадбачання будучых кваліфікацый.

Разам з тым стапрацэнтна спрагназаваць патрэбы эканомікі ў кадрах складана. У міністэрстве заўважаюць, што фактычна ніводная краіна ў свеце на сёння не вырашыла гэта пытанне.

lubneuskaya@zvіazda.by

Фота Надзеі БУЖАН.

Загаловак у газеце: Медыкі, эколагі, цырульнікі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».