Вы тут

Падведзены вынікі работы «гарачай лініі» падчас Усебеларускага сходу


За два дні работы «гарачай ліні» падчас пятага Усебеларускага народнага сходу было разгледжана больш за паўтысячы зваротаў. Большасць з іх тычылася жыллёва-камунальнай гаспадаркі, будаўніцтва і жылля, сацыяльнага забеспячэння, працоўных адносін, аховы здароўя, аграпрамысловага комплексу.


«Усе пытанні, якія паступілі ў гэтыя два дні, накіраваныя ў адпаведныя дзяржаўныя органы для разгляду. Хачу адзначыць, што кожнаму, хто датэлефанаваўся, будуць дадзены адказы ва ўстаноўленыя тэрміны. Ні адзін званок, ні адзін зварот не застанецца без увагі», — сказаў Аляксей Цвяткоў, кіраўнік «гарачай лініі». Паводле яго слоў, за час работы лініі паступіла 538 зваротаў. У разрэзе рэгіёнаў яны размеркаваліся наступным чынам: Мінск — 208, Мінская вобласць — 84, Брэсцкая і Гомельская — па 55, Магілёўская — 48, Віцебская — 47, Гродзенская — 41.

Большасць зваротаў на «гарачую лінію» паступіла ад жыхароў сталіцы. Па словах Андрэя ШОРЦА, старшыні Мінгарвыканкама, мінчан поруч з іншымі пытаннямі цікавілі і звязаныя з сацыяльным забеспячэннем. Так, у сталіцы да 1 ліпеня будзе здадзена дзіцячая паліклініка ў Каменнай Горцы, да канца года — дарослая, а дзіцячая — у Брылевічах, таксама новы корпус дзіцячай інфекцыйнай бальніцы. Што тычыцца ўстаноў адукацыі, то да канца года плануецца адкрыць два дзіцячыя садкі ў Каменнай Горцы, адзін — у Маскоўскім раёне і школу ў Масюкоўшчыне.

Большасць пытанняў, якія паступілі на «гарачую лінію» — каля 100 — тычылася ЖКГ. Як паведаміў Аляксандр ЦЕРАХАЎ, міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі, адзін з блокаў такіх зваротаў звязаны з прыватызацыяй жылля. Па словах міністра, цяпер у прыватнай уласнасці знаходзіцца больш за 95% жылля, прыватызавана 1,5 мільёна кватэр. «З выхадам указа №563 вызначана, што з 1 ліпеня ўсе жылыя памяшканні дзяржаўнага жыллёвага фонду пераходзяць у арэнднае жыллё. У сувязі з завяршэннем прыватызацыі ўрадам быў распрацаваны план мерапрыемстваў, якім прадугледжана апавяшчэнне ўсіх наймальнікаў дзяржаўных кватэр, якія маюць права на прыватызацыю. Акрамя таго, забяспечаны прыём дакументаў у чэрвені ў будныя і выхадныя дні да 20.00, у апошні тыдзень месяца — з 6.00 да 24.00. Такім чынам створаны ўмовы, каб грамадзяне, якія па якіх-небудзь прычынах не змаглі падаць заяву, змаглі гэта зрабіць», — падкрэсліў Аляксандр Церахаў.

Уладзімір ПАТУПЧЫК, міністр энергетыкі Беларусі, адзначыў, што ў яго галіне паступіла 18 зваротаў, і асобна закрануў пытанні, звязаныя з разлікамі за газ і электраэнергію для асобных катэгорый грамадзян — пенсіянераў. «Летам яны з'язджаюць з гарадоў у сельскія населеныя пункты, дзе жывуць у набытых або атрыманых па спадчыне дамах, у якіх ніхто не зарэгістраваны. Варта адзначыць, што парадак аплаты насельніцтвам паслуг электра- і газазабеспячэння рэгулюецца пастановай Саўміна, у якой прапісана, што тарыфы, якія субсідзіруюцца дзяржавай, на ўказаныя паслугі прымяняюцца па асноўным месцы жыхарства для ўсіх катэгорый грамадзян без выключэнняў. Неабходнасць увядзення такога парадку абумоўлена наяўнасцю ў асобных грамадзян двух і больш жылых памяшканняў, дзе ніхто не зарэгістраваны. У такіх выпадках электраэнергія і газ аплачваюцца па тарыфах, якія забяспечваюць поўнае пакрыццё эканамічна абгрунтаваных затрат», — растлумачыў ён. Але нагадаў, што для асобных катэгорый грамадзян, у тым ліку для непрацуючых пенсіянераў, існуюць выключэнні. Варта толькі часова зарэгістравацца праз сельсавет, на тэрыторыі якога знаходзіцца лецішча...

Анатоль ЧОРНЫ, міністр архітэктуры і будаўніцтва, паведаміў, што для шматдзетных сем'яў, якія будуюць індывідуальнае жытло, будуць адшуканы сродкі для дадатковага крэдытавання. Такое рашэнне, па яго словах, было прынята прэм'ер-міністрам. Для гэтага спатрэбіцца выдаткаваць 450 мільярдаў рублёў, якія яшчэ належыць адшукаць. Таксама шэраг пытанняў тычыўся і сферы медыцыны, у асноўным — лекавага забеспячэння. Напрыклад, аб незарэгістраваных у краіне леках і забеспячэнні ферментазамяшчальнай тэрапіі пацыентаў з рэдкімі генетычнымі захворваннямі, паведаміў міністр аховы здароўя Васіль ЖАРКО.

Міністр працы і сацыяльнай абароны Беларусі Марыяна ШЧОТКІНА заявіла, што павышэння пенсій беларусам варта чакаць у другім паўгоддзі (пра гэта паступалі пытанні на «гарачую лінію»). Таксама звярталіся і з прапановамі зрабіць надбаўку да пенсіі доўгажыхарам — старэйшым за 90 гадоў, што, па словах міністра, будзе разгледжана, а таксама «дзецям вайны», што разглядаць не плануецца. Акрамя таго, на лінію паступіла прапанова 2017 год зрабіць Годам сям'і. «Цудоўная прапанова. Мы яе абавязкова разгледзім», — адзначыла міністр.

pustavit@zviazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: На ўсе пытанні будуць дадзены адказы

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.