Вы тут

Галоўнае — не парушыць раўнавагу


Міхаіл Вішнеўскі, загадчык кафедры філасофіі МДУ імя Куляшова:

— Усебеларускі народны сход — вельмі станоўчая і важная падзея. Гэта магчымасць зноў выверыць курс, пазіцыі шырокіх слаёў беларускага народа. Я слухаў фрагменты даклада Прэзідэнта і ўважліва прачытаў яго цалкам. Вельмі канструктыўная галоўная думка — пазбягаць непрадуманых крокаў, рэфарматарскага свербу. Калі нешта паспешліва ламалася, неабдумана ўводзілася ў дзеянне, узнікала шмат праблем. Вынік атрымліваўся не той, які чакалі. Асабліва небяспечна паспешлівасць у сферы адукацыі. Спробы прыхапкам нешта радыкальна перайначыць, вельмі небяспечныя пры рабоце з дзецьмі. Бо тут наша будучае закладваецца. Тут кожны крок павінен быць добра прадуманы і ўзважаны. Добрыя падручнікі не нараджаюцца хутка. Новыя падыходы ў адукацыі наогул не павінны нараджацца хутка, яны павінны быць апрабаваны. Агульная настроенасць кіраўніка дзяржавы стрымліваць рэфарматарскі запал мне здаецца вельмі слушнай.

Зразумела, што эканоміка краіны апынулася ў няпростым становішчы не па нашай віне. Тут адбіваецца цяжкая спадчыннасць мінулага. Раптоўна, у адно імгненне лідарам не станеш. Калі размова ідзе пра лідарства той жа Еўропы, то трэба прызнаць, што за гэтым стаяць стагоддзі развіцця ў асаблівых умовах. Напрыклад, каланіяльныя імперыі, якія заклалі аснову багацця значнай часткі сённяшніх еўрапейскіх краін. Стартавыя ўмовы спрыяльныя для гэтай групы краін ствараліся не сёння. У Беларусі нічога такога за плячыма няма. Яна ніколі не была імперскай дзяржавай, не выцягвала сокі ні з Афрыкі, ні з Амерыканскага кантынента. Таму нельга разлічваць на тое, што мы вельмі хутка выйдзем на ўзровень еўрапейскіх краін, якія свае багацці будавалі на няшчасці цэлых народаў. Успомніце, маленькая Бельгія і вялікае бельгійскае Конга, невялікая Галандыя і велізарная Інданезія, якая ў свой час стала яе калоніяй. Іспанія — і палова амерыканскага кантынента. Такія рэчы не трэба забываць, калі кажам пра сённяшні дзень. Я ўжо маўчу пра французскую, англійскую каланіяльныя імперыі. У нас сапраўды розныя стартавыя магчымасці.

Галоўнае, пераўтварэннямі не ўзарваць раўнавагу, не парушыць грамадскай згоды. Для таго, каб зрабіць рывок і наблізіцца да сусветных лідараў у эканоміцы, трэба вялікае напружанне сіл, а гэта стварае пэўныя рызыкі. Ва ўмовах грамадскага расколу ніякія эканамічныя задачы не будуць вырашаны. Перш за ўсё трэба, каб наша цэласнасць як беларускага народа была захавана. Калі той жа Кітай пераадольваў катастрафічнае становішча, у якім ён апынуўся, адбілася гэтая глыбінная ідэя, якая аб'яднала кітайскі народ. Нягледзячы на тое, што кітайцам прыйшлося прайсці складаны шлях, яны засталіся аптымістамі. І нам трэба браць з іх прыклад. Галоўнае не страціць адчування адзінства, нацыянальнай цэласнасці, нацыянальнай годнасці.


Тамара ДАЎГАШЭЙ, галоўны ўрач Гродзенскага абласнога клінічнага кардыялагічнага цэнтра, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці:

— Што тычацца развіцця медыцыны, Прэзідэнт агучыў тыя задачы, якімі мы займаемся ўжо цяпер. Гэта развіццё фармацэўтычнага рынку — прасоўванне айчынных лекавых сродкаў і стварэнне іх свабоднага руху на тэрыторыі Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Я магу як доктар канстатаваць, што якасць айчынных лекаў належная, і субстанцыі, з якіх іх робяць, закупляюцца ў адным і тым жа месцы і заходнееўрапейскімі канцэрнамі, і нашымі беларускімі фармацэўтычнымі прадпрыемствамі. Якасць належная, а суадносіны кошту і якасці аптымальныя. Таксама зараз актыўна адбываецца развіццё першаснай медыка-санітарнай дапамогі, сістэмы ўрачоў агульнай практыкі, сямейнага ўрача, памочніка доктара і ў прынцыпе ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай і кадравай базы амбулаторна-паліклінічных устаноў. У цэлым, у ідэале, чалавек павінен атрымаць дыягнастычную дапамогу ў той медыцынскай установе, у якую ён звярнуўся перш-наперш. А правесці якасную дыягностыку можна і ў амбулаторна-паліклінічных установах, калі яны належным чынам аснашчаныя. Гэта б значна разгрузіла месцы ў стацыянарах, якія б заставаліся для экстраннай паталогіі.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».