Вы тут

Брытанскі плебісцыт і яго глабальныя наступствы


Без перабольшання галоўную сусветную навіну апошняга часу забяспечыў «туманны Альбіён». «Брэксіт», пра які так шмат гаварылася, нарэшце адбыўся. Дакладней, як казаў некалі вядомы палітык, «працэс пайшоў». Па выніках падліку галасоў ва ўсіх 382 акругах Вялікабрытаніі (380 — у Англіі, Шатландыі і Уэльсе і па адной акрузе ў Паўночнай Ірландыі і Гібралтары) за выхад з Еўрасаюза прагаласавалі 17 млн 410 тыс. 742 чалавекі (51,9%), супраць — 16 млн 141 тыс. 241 чалавек (48,1%). Галасаванню папярэднічала доўгая кампанія, якая раскалола брытанскі ўрад і прыцягнула ўвагу ўсяго свету. Гэты рэферэндум адметны тым, што па яго выніках Брытанія стане другой (пасля Грэнландыі) краінай, якая выйшла з ЕС.


Рэферэндум з гісторыяй

З 1793 года, калі ў Францыі выбаршчыкі галасавалі за новую рэвалюцыйную канстытуцыю, ва ўсім свеце адбылося амаль 3000 агульнанацыянальных рэферэндумаў і яшчэ больш — па мясцовых і рэгіянальных пытаннях. Звычайна гэта апытанне выбаршчыкаў па любым важным пытанні — ад нацыяналізацыі газавай прамысловасці да ўвядзення новай выбарчай сістэмы.

Прыняцце рашэнняў на падставе агульнанацыянальных рэферэндумаў — даволі рэдкая падзея ў Злучаным Каралеўстве, у адрозненне, напрыклад, ад Швейцарыі, дзе гэты інструмент прамой дэмакратыі выкарыстоўваецца 4 разы на год. Дарэчы, у апошняй усяго адбылося каля 600 плебісцытаў. У Вялікабрытаніі рэферэндум прайшоў толькі трэці раз. Так, у 1975 годзе брытанцы падтрымалі ўдзел краіны ў Еўрапейскім эканамічным супольніцтве, а ў 2011 годзе адхілілі прапанову аб зменах у нацыянальнай выбарчай сістэме.

Правядзенне рэферэндуму аб далейшым членстве Брытаніі ў ЕС было адным з перадвыбарчых абяцанняў кансерватараў перад усеагульнымі выбарамі 2015 года. Прэм'ер-міністр Дэвід Кэмеран абвясціў аб намеры правесці такі рэферэндум яшчэ ў 2013-м. Пасля перамогі на выбарах ён пачаў перамовы з іншымі краінамі — членамі ЕС і з кіраўніцтвам Еўракамісіі аб рэформах Еўрасаюза і аб змене ўмоў членства Брытаніі. Гэтыя перамовы дасягнулі кульмінацыі ў лютым 2016 года. Вярнуўшыся з Бруселя, дзе ён дамогся пагаднення аб новых умовах членства Брытаніі ў ЕС, Кэмеран абвясціў дату агульнанацыянальнага рэферэндуму — 23 чэрвеня. Такім чынам, бурная агітацыйная кампанія доўжылася чатыры месяцы. Падчас яе прыхільнікі выхаду Брытаніі з ЕС аб'ядналіся пад лозунгам Vote Leave («Галасуй за выхад»), а галоўным лозунгам іх праціўнікаў стаў Remaіn («Застацца»).

«Землятрус» на астравах

Падчас галасавання 23 чэрвеня ў бюлетэнях было два пытанні, насупраць аднаго з якіх трэба было паставіць крыжык: «Ці павінна Злучанае Каралеўства застацца членам Еўрапейскага саюза?» і «Ці павінна Злучанае Каралеўства выйсці з Еўрапейскага саюза?» Вынік вызначаўся на аснове простай большасці — для вызначэння далейшага лёсу Брытаніі аднаму з гэтых пытанняў неабходна было набраць 50% плюс адзін голас. На выбарчыя ўчасткі, нягледзячы на непагадзь, прыйшлі амаль 80% брытанцаў, якія маюць права голасу. Такой рэкордна высокай яўкі не могуць прыгадаць нават старажылы. Гэта, напэўна, той выпадак, калі кажуць: набалела. Прычым кажуць у дачыненні да флегматычных і спакойных брытанцаў, вялікіх прыхільнікаў традыцый і асноў.

Большасць выбаршчыкаў старэйшага пакалення галасавала за «брэксіт», у той час як маладыя людзі ў асноўным былі за тое, каб застацца ў Еўрасаюзе.

Многія прадстаўнікі брытанскай моладзі ўжо выказаліся аб тым, што старэйшае пакаленне вырашыла за іх будучыню.Так падзяліліся галасы паміж выбаршчыкамі ў Вялікабрытаніі: пераважная большасць жыхароў Шатландыі і Паўночнай Ірландыі прагаласавалі за тое, каб застацца ў ЕС, Англія і Уэльс — у асноўным за выхад. У Лондане за тое, каб Брытанія заставалася часткай Еўропы, выказаліся 60 працэнтаў жыхароў. На думку сацыёлага Джона Кёрціса, які каментаваў ход рэферэндуму ў студыі ВВС, «гэта рэферэндум, у якім Лондан і ўніверсітэцкія гарады прайгралі сельскай і прамысловай Англіі. Гэта рэферэндум, у якім касмапалітычная ліберальная Брытанія прайграла больш кансерватыўнай частцы насельніцтва, якая выказвала глыбокую занепакоенасць іміграцыяй».

Пасля пяцідзесяці гадоў паступовага, але няўхільнага зніжэння сваёй ролі ў свеце Вялікабрытанія, нарэшце, падала заяўку і на вялікую палітычную аўтаномію. Па сутнасці цяперашні рэферэндум у краіне аказаўся «ўзважваннем пераваг» яе знаходжання ў рамках ЕС ці па-за ім. Гэта спроба адказаць на пытанне, ці гатовая краіна зараз весці паўнавартасную самастойную палітыку. Падчас плебісцыту брытанцы вырашалі для сябе, ці задавальняе іх функцыянаванне «ў рэчышчы» еўрапейскай палітыкі і «з аглядкай» на ЗША, ці яны хочуць вярнуцца да «дыпламатыі вялікіх дзяржаў».

Брытанскія астравы так скаланула, што адгалоскі «землятрусу» магутнымі цунамі разыдуцца па ўсёй планеце. Не выключана, што ў Вялікабрытаніі, калі яна, вядома, захавае пасля рэферэндуму сваю звыклую назву, з'явіцца новае нацыянальнае свята. 23 чэрвеня можа ўвайсці ў каляндар як Дзень незалежнасці Злучанага Каралеўства — час, калі большасць падданых Лізаветы ІІ прагаласавалі за «развод» з Еўрасаюзам.

«Атлантычны Сінгапур»

Раскол насельніцтва краіны на два лагеры мае вельмі цяжкія наступствы. Якія, дарэчы, ўжо пачалі праяўляцца. Урад Шатландыі будзе дамагацца тэрміновых перамоў з Бруселем, каб абараніць права рэгіёна застацца ў ЕС, заявіла першы міністр гэтай дзяржавы Нікола Стэрджэн. Яна сказала, што яе кабінет пагадзіўся пачаць працу над заканадаўствам, якое дазволіць правесці ў Шатландыі другі рэферэндум аб незалежнасці. Старшыня ірландскай нацыяналістычнай партыі «Шын Фейн» Дэклан Керн таксама заявіў пра намер арганізаваць галасаванне. Аднак кіраўнік урада Паўночнай Ірландыі Арлін Фостэр адпрэчыла такую магчымасць і заявіла аб падтрымцы вынікаў рэферэндуму. Больш за 3 млн жыхароў Вялікабрытаніі запатрабавалі правядзення паўторнага галасавання аб членстве ў ЕС. Адпаведная петыцыя на сайце брытанскага парламента імкліва набірае галасы.

Наймагутны імпульс атрымліваюць еўраскептыкі па ўсёй Еўропе. «Перамагла свабода», — напісала ў «Твітары» лідар французскай партыі «Нацыянальны фронт» Марын Ле Пен. Яна заклікала правесці аналагічны плебісцыт у Францыі. Наогул, апытанні, апублікаваныя ў дзень брытанскага галасавання, паказваюць, што практычна ва ўсіх ключавых еўрапейскіх краінах — Італіі, Францыі, Германіі — да паловы грамадзян хацелі б таксама выказаць сваю думку пра ЕС на рэферэндуме. Гэта палохае і ўрады, і еўрапейскія інстытуты, бо кожны плебісцыт у сённяшняй Еўропе — падрыў асноў. Цікава, што прыклад з брытанцаў ужо сабраўся браць «закляты саюзнік» — турэцкі лідар Рэджэп Таіп Эрдаган. Ён паабяцаў правесці рэферэндум аб мэтазгоднасці працягу перамоў з ЕС аб членстве, калі еўрапейцы працягнуць тлуміць туркам галаву.

Сцягі Вялікабрытаніі здымаюць з усіх устаноў Еўрасаюза. Настрой у Бруселі вельмі змрочны.

«Брэксіт» пасылае вельмі трывожны сігнал: Еўрасаюз у яго цяперашнім стане не працуе. Тое, што здарылася — небывалы прэцэдэнт. Палітычны эфект проста разбуральны. Адна з важных асноў Еўрасаюза — вобраз прывабнага аб'яднання, куды імкнуцца ўсе, а адтуль — ніхто. Выпадзенне з сістэмы аднаго з найбольш важных і ўплывовых элементаў парушае і без таго хісткі баланс грувасткай структуры ЕС.

Кіраўніцтва Еўрасаюза заклікала ўлады Брытаніі не зацягваць працэс выхаду са складу ЕС пасля таго, як большасць брытанцаў падтрымалі «брэксіт». Дарэчы, сёння ЕС правядзе першы нефармальны саміт 27 краін — без Вялікабрытаніі. Пра гэта заявіў Дональд Туск: «Я прапанаваў лідарам дзяржаў ЕС правесці нефармальную сустрэчу «на палях» пасяджэння Еўрапейскага савета 28-29 чэрвеня (у якім павінен быў прымаць удзел Лондан), каб абмеркаваць далейшыя дзеянні. Апошнія гады сталі самымі складанымі ў гісторыі супольнасці, аднак што нас не забівае, робіць нас мацнейшымі».

Тое, што Еўрапейскі саюз мае патрэбу ў сур'ёзнай інстытуцыйнай трансфармацыі, разумеюць цяпер амаль усе. Але адважыцца на кардынальныя перамены пакуль не можа ніхто. Відавочна, што ЕС усё глыбей апускаецца ў востры крызіс. Тэарэтычна ў выніку ўдасца перайначыць і ўмацаваць інтэграцыю, стварыць кантынентальнае ядро. Магчыма і супрацьлеглае развіццё падзей: запуск незваротнага дэмантажу ўсёй легенды аб еўрапейскім адзінстве. Будучая роля, якую будзе адыграваць на сусветнай арэне сама Вялікабрытанія, пакуль не ясная. Яна можа звесціся да функцыі «атлантычнага Сінгапура», калі глабальным з усяго брытанскага застаецца толькі лонданскі Сіці, астатняе ж страціць значэнне.

burak@zvіazda.by

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: Страсці па «брэксіту»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?