Вы тут

Гісторыя найлепшага барца ХХ стагоддзя Аляксандра Мядзведзя


Ён стаў сапраўдным сімвалам цэлай спартыўнай эпохі, сваім прыкладам выхаваў цэлую плеяду маладых атлетаў і даказаў, што немагчымае магчыма. Аляксандр Мядзведзь па праву прызнаны найлепшым барцом вольнага стылю мінулага стагоддзя, тры Алімпіяды запар ён не пакідаў вышэйшай прыступкі п'едэстала, сем разоў станавіўся пераможцам на чэмпіянатах свету... І яго гісторыя працягваецца сёння.


Вытокі

Аляксандр Васілевіч нарадзіўся на ўкраінскай зямлі ў невялікім мястэчку Белая Царква ў сям'і лесніка. Яго дзяцінства прыпала на ваенныя і пасляваенныя гады. Цяпер вядомы спартсмен успамінае, што менавіта гэта загартавала яго характар і было першай, але вельмі істотнай школай жыцця. «Гаспадарка ў нас у сям'і была вельмі вялікая, а сачыць за ёй і апрацоўваць усё гэта прыходзілася ўручную. Таму я і араў, і сеяў, і дровы нарыхтоўваў. Самае складанае было раскалоць дубовы пень. Гэта цэлае мастацтва, і яго даводзілася спасцігаць», — распавядае Аляксандр Мядзведзь.

Не выпадкова ўжо пазней, у гады яго слаўнай спартыўнай кар'еры, усе будуць захапляцца неверагодна ўчэпістымі і спрытнымі рукамі, а чэмпіён прызнаецца: «Кісці ў мяне напрацаваны з дзяцінства».

Трэба аддаць даніну і выдатным генам. Па ўспамінах Мядзведзя, добрымі фізічнымі данымі валодалі многія яго сваякі, а бабулю будучага барца так і называлі — «мядзведзіца». Жанчына мела рост 185 см і насіла 45 памер абутку.

Як нараджалася легенда

Сам Аляксандр, вядома, не адразу зразумеў, што яго жыццё ператворыцца ў сапраўдную і бясконцую барацьбу. Ён спрабаваў займацца рознымі відамі спорту: валейбол, баскетбол, лёгкая атлетыка, а неяк нават запісаўся ў секцыю па гімнастыцы, але трэнер не падтрымаў ініцыятывы маладога хлопца. «Ідзі адсюль! Што я, перакладзіны падымаць з-за цябе буду?» — быццам гэта было ўчора, успамінае словы настаўніка Аляксандр Васілевіч. (Хлопец меў рост больш за 190 см і вагу звыш 90 кг.)

У секцыю барацьбы Мядзведзь трапіў толькі ў 16 гадоў, але прабыў там нядоўга: маладому чалавеку трэба было зарабляць грошы, таму ён уладкаваўся зборшчыкам на завод, а неўзабаве пашоў у войска.

Аляксандр трапіў у танкавую часць і адразу звярнуў на сябе ўвагу. Спачатку для яго не знайшлося падыходячага па памеры абутку, таму месяц ён праходзіў у тапачках. Потым праз свой рост не мог працяглы час глядзець у акенца танка (каб бачыць дарогу) і ў выніку гэтага паваліў пару сосен. Ну і нарэшце, па прызнанні самога героя, менавіта ў войску пачалася сур'ёзная спартыўная кар'ера Мядзведзя. «Там я ўпершыню заявіў пра сябе як барца, атрымаўшы перамогу над лейтэнантам Іванам Кацагубам, чэмпіёнам Мінскай вобласці па барацьбе. Схватка працягвалася нядоўга. Я скруціў яго ў ахапак, падняў і прыціснуў галавой да дывана. Без усялякіх бачных высілкаў. Здаецца, у той момант я канчаткова зразумеў, што барацьба — гэта маё прызначэнне», — распавядае Аляксандр Васілевіч.

Барацьба зрабіла з яго сапраўднага мядзведзя

Вынікі прыйшлі да маладога хлопца даволі хутка, на сваім першым чэмпіянаце СССР ён увайшоў у дзясятку лепшых, а ўжо ў 1961 годзе заваяваў свой першы залаты медаль на асабістым першынстве СССР па вольнай барацьбе ў цяжкай вазе. Гэтая перамога адкрыла дарогу на Алімпійскія гульні 1964 года ў Токіа, дзе Аляксандр узышоў на Алімп барцоўскай славы. Гэтае «золата» далося яму з вялікай цяжкасцю і ад таго стала асабліва каштоўным. «Ведаеце, што мяне засмучала, калі вярнуўся з Токіа? Што бацька да гэтага дня не дажыў, не меў магчымасці ацаніць мой трыумф. Ён заўсёды мяне крыху недаацэньваў і барацьбу маю ўсур'ёз ніколі не ўспрымаў, а я хацеў яму даказаць, што барацьба — гэта маё і што мы, Мядзведзі, моцныя ва ўсім», — ужо праз гады падзеліцца сваімі перажываннямі славуты спартсмен.

З тых часоў перамог у Аляксандра Мядзведзя было шмат: валявых, яркіх, простых і не вельмі. Ён уварваўся ў барцоўскі свет і, не баючыся аўтарытэтаў, крок за крокам сам станавіўся кумірам для многіх.

Паядынкі з яго ўдзелам любілі не толькі гледачы, але і суддзі, таму што тэхніка Мядзведзя была вельмі разнастайнай, публіка з заміраннем сэрца назірала, як савецкі спартсмен спраўляецца з барцамі, большымі за яго па масе і аб'ёме.

Ну а пра трываласць і сілу волі Аляксандра Васілевіча хадзілі легенды. «Калі хочаш дасягнуць перамогі, трэба ўмець перамагчы боль, і я гэта рабіў шмат разоў. Мне было ўсё роўна, колькі важыць мой сапернік, якога ён росту... нават калі ён важыў 100 кг, ён усё роўна апынаўся на дыване. Я бачыў мэту і не думаў пра тое, што яе немагчыма ўзяць», — і цяпер з поўнай упэўненасцю расказвае Мядзведзь.

Нагляднае ўяўленне пра тое, як ён змагаўся з болем, усе атрымалі ў адным з паядынкаў з адным з галоўных сапернікаў Мядзведзя (а за межамі дывана — сябрам), спартсменам з ФРГ Вільфрыдам Дзітрыхам. Неяк яны сышліся ў фінальным паядынку за тытул чэмпіёна. Немец не стаў траціць час на «гульню» і рушыў на савецкага барца напралом. Неўзабаве здарылася неспадзяванае. У цішыні велічэзнай залы раптам пачуўся моцны і страшны хруст, абодва барцы спынілі схватку, а суддзя, спахапіўшыся, свіснуў толькі тады, калі Вільфрыд убачыў, што вялікі палец правай рукі Мядзведзя ненатуральна тарчыць убок. На дапамогу Аляксандру паспяшаліся медыкі, але не паспелі дабрацца да спартсмена, як той на вачах у здзіўленай публікі сам паставіў палец на месца і даў суддзі знак, што можа працягваць паядынак. Сутычка працягнулася, але Дзітрыха з гэтай секунды быццам падмянілі, пасля атакі Аляксандра ў ногі ён закульгаў, а затым... наогул адмовіўся ад паядынку. Той выпадак Мядзведзь успамінаць не любіць, але аднойчы ён прызнаўся: «У той момант у мяне пацямнела ў вачах...»

Аляксандр Мядзведзь — чалавек, які ведае кошт перамогам: ведае, што такое боль, а галоўнае, як яго пераадолець. Напэўна, таму сваю высакароднасць ён пранёс праз усё жыццё, праяўляючы яе як на дыване, так і за яго межамі. Яшчэ ў гады сваёй кар'еры Аляксандр Васільевіч атрымаў прыз «За высакароднасць у спорце», заснаваны ЮНЕСКА. У сутычцы з іранскім барцом, у якога была траўмаваная нага, у ходзе паядынку Мядзведзь ні разу не ўзяўся за яе.

Сышоў непераможаным

Пасля свайго першага алімпійскага золата ў 1964-м Аляксандр Мядзведзь стаў самым лепшым у сваім відзе і на наступнай Алімпіядзе, у 1968 годзе, а на трэція Гульні ў кар'еры ў Мюнхен-72 ён адправіўся ўжо ў 35-гадовым узросце і ведаў, што, хутчэй за ўсё, яны стануць для яго апошнімі.

У паўфінале яго сапернікам стаў амерыканец Крыс Тэйлар, які важыў больш за 190 кілаграмаў — амаль на сотню больш за Мядзведзя. Перамога над ім далася нашаму спартсмену вельмі цяжка. У гэтай сутычцы Аляксандр Васілевіч зарабіў траўматычны радыкуліт, а наперадзе яшчэ быў фінал. У вырашальным паядынку Мядзведзь сустрэўся з даўнім сваім сапернікам — балгарынам Асманам Дураліевым. Ён таксама хацеў пакінуць спорт пасля гэтай Алімпіяды, пайсці, адабраўшы ў Мядзведзя «золата». Гэты неверагодны па напрузе паядынак скончыўся пераканаўчай перамогай савецкага барца. Мядзведзь пакланіўся ва ўсе бакі гледачам, выйшаў на сярэдзіну дывана, упаў на калені і пацалаваў яго... Зала ўстала і абрынула на трохразовага алімпійскага чэмпіёна гром апладысментаў.

«Самыя ўзвышаныя пачуцці спартсмена ўзнікаюць, калі ён падымаецца на п'едэстал. Калі ты стаіш, іграе гімн і адразу ўспамінаеш сваю радзіму, сям'ю. Адчуваеш гонар за сябе, за тое, што ты апраўдаў давер. Гэта самыя выдатныя пачуцці ў жыцці, гэта непаўторна», — кажа Аляксандр Васілевіч.

Алімпіяда-1972. Мюнхен.  Паядынак  Аляксандра Мядзведзя  і амерыканскага барца  Крыса Тэйлара.

Працяг ёсць

Стаўшы першым трохразовым алімпійскім чэмпіёнам у вольнай барацьбе, ён пакінуў спорт, але назаўжды ўпісаў сваё імя ў сусветную гісторыю. Мядзведзь быў прызнаны найлепшым барцом вольнага стылю ў гісторыі спорту і ўведзены ў залу спартыўнай славы барацьбы. На Алімпійскіх гульнях ён тройчы быў сцяганосцам, а паралельна спартыўнай кар'еры стварыў надзейны тыл у выглядзе моцнай сям'і.

«Без такога надзейнага тылу не было б мяне. Я заўсёды і ва ўсім ставіў на першы план сям'ю. І ні разу пра гэта не пашкадаваў», — кажа Аляксандр Мядзведзь.

Сёння гэта ўжо вялікая сям'я: у Аляксандра Васілевіча двое дзяцей (дачка і сын), ёсць унукі і нават праўнукі. Сын Аляксей пайшоў па слядах свайго бацькі і таксама займаўся барацьбой. Гены, уласны талент і тата-трэнер прывялі Аляксея да чэмпіёнскага тытулу. Са сваёй жонкай Таццянай Аляксандр Васілевіч пражыў усё жыццё (на жаль, сёлета яе не стала)...

Аляксандр Мядзведзь з'яўляецца моцнай апорай, верным сябрам, мудрым настаўнікам і бацькам не толькі для сваёй сям'і, але і для многіх іншых. Ён выхаваў далёка не аднаго прызёра і чэмпіёна прэстыжных спартыўных турніраў. «Мяне ён навучыў самаму галоўнаму, таму, што быць трохразовым алімпійскім чэмпіёнам магчыма. На працягу ўсёй кар'еры Аляксандр Васілевіч быў маім маяком», — гаворыць неаднаразовы чэмпіён Алімпійскіх гульняў, чэмпіянатаў свету і Еўропы Аляксандр Карэлін.

У арсенале легендарнага барца сёння маецца ўласная кніга («Усё жыццё — барацьба»), ужо больш за 40 гадоў праходзіць турнір імя Аляксандра Мядзведзя, сам майстар і сёння выкладае ва ўніверсітэце, а значыць, яго гісторыя працягваецца...

Біяграфічная даведка

Нарадзіўся 16 верасня 1937 года ў горадзе Белая Царква, савецкі спартсмен (вольная барацьба), заслужаны майстар спорту. Алімпійскі чэмпіён па вольнай барацьбе (у 1964-м — у паўцяжкай вазе, у 1968 і 1972 гадах — у цяжкай вазе). Чэмпіён свету 1962-1963, 1966-1967, 1969-1971 гадоў. Чэмпіён Еўропы 1966, 1968, 1972 гадоў. Чэмпіён СССР 1961-1963, 1966-1970 гадоў. Узнагароджаны сярэбраным алімпійскім ордэнам і медалём ЮНЕСКА «За высакароднасць у спорце».

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Савецкі Мядзведзь

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.