Вы тут

Як школьнікі зарабляюць свае першыя грошы ў летнім лагеры


На гадзінніку крыху больш за 9 раніцы, а ў гімназіі №37 г. Мінска праца ўжо ідзе поўным ходам.  У гэты час школьнікі актыўна арудуюць... лыжкамі, каб набрацца сіл для больш сур'ёзных заданняў. Менавіта так пачынаецца кожны дзень у гарадскім лагеры працы і адпачынку.


Ілюзорныя перспектывы

У адрозненне ад падманлівых абяцанняў у інтэрнэце, гэта сапраўды рэальная магчымасць для непаўналетніх зарабіць грошы і атрымаць карысны вопыт. Самастойна школьніку знайсці працу на лета вельмі цяжка. Прадпрыемствы і гандлёвыя арганізацыі не надта жадаюць супрацоўнічаць з досыць складанай катэгорыяй работнікаў: нізкія запыты ў аплаце кампенсуюцца часта безадказным стаўленнем да абавязкаў і мноствам абмежаванняў, звязаных з найманнем непаўналетніх. У перыяд крызісу працу складана знайсці нават спецыялістам, не кажучы ўжо пра тых, хто, калі быць аб'ектыўнымі, яшчэ практычна нічога не ведае і не ўмее. Але ж прыцягальную вакансію можна адшукаць з лёгкасцю: практычна з кожнага слупа прызыўна вабіць рэклама аб простай працы, якая шчодра аплачваецца і прызначаецца менавіта для школьнікаў. Здавалася б, што складанага можа быць у тым, каб расклеіць некалькі дзясяткаў аб'яў ці раздаць усяго пару соцень улётак? Цяжкасці ўзнікаюць на этапе атрымання заробку. Ветлівыя працадаўцы ператвараюцца ў... агрэсіўных незнаёмцаў. Усё таму, што дамаўляюцца звычайна аб такой працы толькі на словах, самавітыя «бізнесмены» падпісаць дагавор не прапаноўваюць, а сарамлівым школьнікам першым пачынаць размову аб гэтым часцей за ўсё неяк няёмка. Вось і атрымліваюць у выніку няўдачлівыя работнікі замест вялікага заробку толькі вялікае расчараванне.

У лагерах працы і адпачынку ўсё зусім па-іншаму. «Такі від занятасці сапраўды надзейны. Дзякуючы яму ў школьнікаў з'яўляецца магчымасць атрымаць працоўную кніжку і страхавую картку. Для мяне гэта было сур'ёзным аргументам за такі пачатак працоўнай дзейнасці, — разважае Аня Ломжа, якая перайшла ў 11 клас. — Да таго ж заданні вельмі лёгкія. Здаецца, я б з такімі і ў шостым класе справілася», — ужо весела дадае дзяўчына.

Але ўмовы прыёму ў лагер дакладна вызначаны. Згодна з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, пачаць працаваць можна з 14 гадоў, таму часцей за ўсё ў дзейнасці такіх лагераў задзейнічаны былыя дзесяцікласнікі.

Падсобныя работы? Нам бы ў афіцыянты...

— Сёлета сапраўдны пік папулярнасці лагераў працы і адпачанку. Калі ў мінулым годзе я ледзь знайшла трох чалавек, то ў гэтым — далёка не ўсіх ахвотных удалося працаўладкаваць, — дзеліцца назіраннямі намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Юлія Дзмітрыеўна Скадорва. — Пасля таго, як я абвясціла пра такую магчымасць, быў ажыятаж. Але многія, як толькі даведваліся аб тым, што менавіта трэба рабіць, адразу ж адсейваліся.

«Рваць пустазелле, фарбаваць плот і наводзіць парадак у вучэбных кабінетах? Вы што, жартуеце? Нам бы афіцыянтамі папрацаваць», — абураліся некаторыя школьнікі.

У той час як іншыя з радасцю ўхапіліся за магчымасць зарабіць крыху на кішэнныя выдаткі. Змена, як і ў любым іншым летніку, доўжыцца 18 дзён, падчас якіх можна атрымаць 1,5 мільёна рублёў. Гэта нядрэнная сума за палову працоўнага дня. Калі быць дакладным, ён павінен складаць 4 гадзіны 36 хвілін, — усміхаецца Юлія Дзмітрыеўна.

...Тым часам яшчэ трохі сонныя юныя работнікі ўжо справіліся са сняданкам і гатовыя да новых здзяйсненняў. Яны ажыўлена балбочуць, гадаючы, якое заданне ім дастанецца сёння.

—Толькі не фарбаваць плот, толькі не фарбаваць плот! — нібы зачараваны, паўтарае Дзіма Строеў.

— О, так! Цудоўна было б хоць сёння абысціся без гэтага, — падтрымлівае яго сябар Лёша Луцук.

— А я не супраць кветкі паліваць. Праўда, здаецца, дождж абяцалі, — расчаравана дадае Аня.

— Лагеры працы і адпачынку арганізоўваюцца ў кожнай сярэдняй навучальнай установе. Часцей за ўсё ў чэрвені: па-першае, у гэты час у школах сапраўды шмат працы, па-другое, потым большасць дзяцей раз'язджаецца. З 5-га па 8-ы клас вучні павінны праходзіць абавязковую пераводную практыку. Па сутнасці, лагер працы і адпачынку — гэта тое самае, хіба заданні на парадак складанейшыя, але пры гэтым за іх выкананне плацяць грошы, — тлумачыць Юлія Дзмітрыеўна. — Толькі ў лагеры многія першы раз сутыкаюцца з фізічнай працай. Яны ж нават рыдлёўку ў руках трымаць не ўмеюць!

— Гэта няпраўда. Усё мы ўмеем! — крыўдзяцца дзеці.

— Я ўсяго пару разоў не магла кветку ад пустазелля адрозніць, — абараняецца Аня.

Ільготнікі і выдатнікі — першыя ў чарзе

— Да нас бацькі прыходзяць з удзячнасцю, што дзеці не сноўдаюцца без справы, а вучацца простым, але карысным рэчам. Праўда, для таго, каб трапіць у лагер працы і адпачынку, патрэбна іх пісьмовая згода. Таксама неабходна медыцынская даведка, у якой часта ўказваюцца абмежаванні ў працы.

Летась хлопчык прынёс нам даведку, у якой быў вялізны спіс забарон. Мы вымушаны былі яму адмовіць, таму што да здароўя трэба ставіцца вельмі сур'ёзна. Акрамя таго, ёсць афіцыйна зацверджаны пералік дазволеных работ: напрыклад, школьнікам нельга ўзаемадзейнічаць з хімікатамі ці падымаць цяжары, — падрабязна расказвае Юлія Дзмітрыеўна. — У першую чаргу мы прапануем працу дзецям з няпоўных, шматдзетных сем'яў — тым, хто аб'ектыўна мае патрэбу ў дадатковых сродках. І часцей за ўсё яны сапраўды адклікаюцца. Толькі пасля таго, як мы арганізуем занятасць для іх, звяртаемся да ўсіх астатніх. Цяпер у нас задзейнічаны 6 чалавек. Двое ўжо паспелі папрацаваць у маі (па дзве гадзіны на дзень). Акрамя лагера працы і адпачынку, ёсць яшчэ другасная занятасць. Мы спрабавалі наладзіць сувязь з ЖРЭУ, але ў іх цяпер не хапае працы нават для спецыялістаў. У ліпені мы частку школьнікаў накіруем у «Мінскзеленбуд», гэта праект, арганізаваны сумесна з БРСМ.

Праблем з паводзінамі ў лагеры не ўзнікае. Усе праходзяць абавязковы інструктаж, і правілы бяспекі выконваюцца беспярэчна. І ўсё ж перавагу мы аддаём надзейным хлопцам і дзяўчатам з добрай паспяховасцю. Тых, каму не ўдалося трапіць у лагер цяпер, я ўнесла ў спіс на наступны год. Калі яны выкажуць жаданне, іх кандыдатуры будуць разглядацца ў першую чаргу. У лагер працы і адпачынку і на другасную занятасць мы вызначаем розных падлеткаў, каб у кожнага была магчымасць праявіць сябе.

Забаўкі — толькі па жаданні

Хочацца падкрэсліць, што нездарма лагер носіць назву менавіта працы і адпачынку. Хлопцы і дзяўчаты якасна выконваюць пастаўленыя перад імі задачы, дарослыя ж, у сваю чаргу, займаюцца арганізацыяй іх вольнага часу. У распараджэнні моладзі знаходзіцца трэнажорная зала з усім спартыўным інвентаром, даволі часта яны ходзяць у кіно, тэатры, на выстаўкі. Але ўсё гэта — толькі па жаданні, ніякай абавязковай праграмы. Акрамя таго, з імі працуе псіхолаг. Вучні вельмі любяць пасля працы зайсці да яго, каб выканаць якія-небудзь цікавыя тэсты на прафарыентацыю ці больш асабістую тэму.

— А яшчэ з «забаў», нашы любімыя — сняданак і абед, — жартуюць дзеці.

На гадзінніку ўжо амаль 12. Дзяўчынкі займаюцца праполкай яркіх, пышных кветнікаў, хлопцы разбіраюць шафы ў адным з кабінетаў.

— Можна, я ўжо адпачну? Крышку пасяджу? — гаворыць сам з сабой Алёша. — Добра-добра. Сілы ж яшчэ ёсць. Што яшчэ трэба зрабіць? — ужо значна гучней пытаецца ён.

Як толькі ўзнікае пытанне, на што яны плануюць патраціць свой першы заробак, усе заўважна ажыўляюцца.

— Хачу нарэшце сам адрамантаваць тэлефон, — з гонарам заяўляе Дзіма.

— Я прапусціла занадта шмат канцэртаў. Буду наганяць, — задумліва кажа Аня.

— А ў мяне будзе вясёлае лета, — бадзёра адказвае Лёша.

— Я ўкладу грошы ў ровар!

— А я — у новы скейтборд!

— Збіраю на гульнявы камп'ютар!

— А ў мяне будзе найлепшае лета ў жыцці! — чуюцца вясёлыя галасы.

— Нягледзячы на ўсю сур'ёзнасць і працавітасць, гэта яшчэ зусім дзеці, — з усмешкай разводзіць рукамі Юлія Дзмітрыеўна.

Дар'я Каско

Загаловак у газеце: Хто працуе, той і адпачывае

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.