Вы тут

У Віцебску тры дні святкавалі 1042-ю гадавіну заснавання горада


Нягледзячы на тое, што дата не круглая, адбылося нямала падзей, якія запомняцца надоўга. У прыватнасці, цяпер можна прайсціся па вуліцы Марка Шагала. Упершыню шанавалі лаўрэатаў звання «Віцяблянін года»...


Індыйскае свята фарбаў усё больш моднае ў Беларусі.

І міжнародны фестываль фатографаў

Гонару стаць «Віцяблянінам года» ўдастоіліся міліцыянер, які выратаваў дзіця на дарозе ад сутыкнення з аўто, спартсмены, актрыса, бізнесмен...

Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Аляксандр Косінец стаў ганаровым грамадзянінам горада Віцебска. Калі ён узначальваў Віцебскі аблвыканкам, шмат зрабіў для аднаўлення храмаў, развіцця прадпрыемстваў. Ён быў ініцыятарам усталявання помнікаў.

Падчас святкавання на плошчы Тысячагоддзя Віцебска прэзентавалі скульптурную кампазіцыю, прысвечанаю князю Аляксандру Неўскаму, яго жонцы, віцебскай княжне Аляксандры і іх сыну Васілю. На цырымоніі адкрыцця прысутнічалі кіраўнікі вобласці і горада. Недалёка ад яго — самая старая ў горадзе Дабравешчанская царква, пабудаваная ў XІІ стагоддзі, і царква ў гонар святога Аляксандра Неўскага, узведзеная ў 1990-я гады. У планах — узвядзенне самага вялікага ў краіне будынка ЗАГС.

А на супрацьлеглым беразе Заходняй Дзвіны ўстанавілі драўляную трохметровую скульптуру княгіні Вольгі. Яна, згодна з легендай, заснавала горад. Вольгу можна ўбачыць ля аднаго з трох былых саляных складоў, пабудаваных ў XVІІІ стагоддзі. Там знаходзіцца культурна-гістарычны комплекс «Залатое кола горада Віцебска «Дзвіна».

Адкрылі і памятную дошку ў гонар паэта Давіда Рыгоравіча Сімановіча. Творца шмат зрабіў для таго, каб у Віцебску захоўвалі памяць пра Шагала. Цяпер ёсць вуліца Марка Шагала (частка былой вуліцы «Праўды»). На гэтай самай вуліцы ў будынку, дзе працавалі Шагал, Малевіч і іншыя цяпер вядомыя ўсім мастакі, ствараецца музей, пра які «Звязда» ўжо пісала. У гэтыя дні (да 7 ліпеня) праходзіць міжнародны пленэр, прысвечаны 25-й гадавіне шагалаўскага музея.

Ёсць упэўненасць, што ў горадзе стане традыцыйным і яшчэ адзін культурны праект — «ФотаКрок». Сёлета ўпершыню адбыўся міжнародны фестываль фатографаў імя Зыгмунта Юркоўскага. Ён сканструяваў шторна-шчылінны затвор для фотаапарата. Яго прозвішча ведаюць усе, хто захапляецца фотамастацтвам. І, на жаль, пакуль што мала хто ведае, што гэты легендарны канструктар жыў у Віцебску. Тут у яго была майстэрня. Яго здымкі даюць нам уяўленне пра мінулае горада. Падчас фэсту адбыліся майстар-класы, адкрыліся выстаўкі. І адна з іх — на чыгуначным вакзале. Такім чынам, Віцебск, як цяпер модна казаць, у трэндзе еўрапейскіх традыцый. На вакзалах у краінах ЕС розныя выстаўкі даўно сталі часткай інтэр'ера.

Гараджан вучылі рабіць аздараўляльны напой скрыпеню.

Рэтрааўто і конкурс калясак

На галоўнай плошчы — Перамогі — адбыўся Дзень моладзі. Свае захапленні паказалі прадстаўнікі субкультур. Цікавым стаў арт-пікнік для мастакоў-пачаткоўцаў. Прыемна, што адбылася і акцыя «Размаўляй па-беларуску».

На плошчы вызначылі самага высокага і моцнага гараджаніна.

Шмат публікі сабраў парад рэтрааўтамабіляў. Уладальнікі ўнікальных «колаў» расказвалі пра гісторыю стварэння, куплі машын, паказвалі клас ваджэння.

Цікавым стаў і конкурс самых крэатыўных дзіцячых калясак.

У гарадскім парку адпачынку адбылася навамодная «фішка» — «Свята ветру». Арганізатары пастараліся, каб кожны правёў там час з карысцю. Правялі конкурс паветраных змеяў. Можна было навучыцца рабіць іх, правільна запускаць. Ёгі прачыталі невялічкую лекцыю. Парады наконт здаровага ладу жыцця давалі розныя эксперты. І яшчэ адна прыкмета часу — на свяце можна было бясплатна (!) забраць рэчы, у якіх больш не маюць патрэбы былыя гаспадары.

Традыцыйнае ў Індыі свята фарбаў Холі ўпэўнена ўвайшло ў моду і ў нас. Сёлета сотні гараджан пажадалі пакідацца парашком з фарбай, сфатаграфавацца на памяць у адзенні, якое ў выніку «феерычнага вар'яцтва» стала каляровым. Цікава, што забава папулярная не толькі ў моладзі.

З Польшчы... па каханне

На свяце горада было шмат прыезджых. І не толькі з Беларусі.

Прыгожая дзяўчына Ганна прыехала з польскага горада Лодзь. З ёй пазнаёміліся на першым гарадскім вегетарыянскім свяце. Яно адбылося ў комплексе «Залатое кола горада Віцебска «Дзвіна». Спадарыня Вжэсінска распавяла, што цікавіцца традыцыямі славян, радавымі ведычнымі практыкамі. Прыехала, каб пажыць у паселішчы радавых маёнткаў «Звон-гара». Адзначыла, што такіх у яе краіне няма. Дзяўчына хоча жыць на прыродзе, весці натуральную гаспадарку, вырошчваць экалагічна чыстую прадукцыю, займацца рамёствамі. Марыць сустрэць у Беларусі хлопца, які стане яе каханнем і пабудуе дом. Нядаўна брала ўдзел у «злёце палавінак» (праводзіцца ў паселішчы). Там ёсць шанц сустрэць свой лёс. Полька цудоўна ведае рускую мову, якую любіць з дзяцінства. А яшчэ яна — інструктар па гімнастыцы.

Госць з Масквы Уладзімір Горбань — чалавек з «залатымі рукамі»: на фестывалі «Таямніцы майстэрства» прадставіў дзергуноў — традыцыйную рускую цацку, часткі якой кіруюцца ніткамі. Запэўніў, што менавіта з такімі гулялі нашы продкі ў дзяцінстве. Цацкі маюць воданепранікальныя і антысептычныя ўласцівасці, таму іх можна купляць нават для немаўлят. Майстар робіць і іншыя драўляныя цацкі. У Віцебску пабываў ўпершыню. Тут яму вельмі спадабалася, збіраецца прыехаць на міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар».

Таццяна Кавалевіч, дырэктар Цэнтра дзелавога развіцця, падкрэсліла, што фестываль-кірмаш «Таямніцы майстэрства» — сацыяльны праект. Мінчанка канстатавала, што падтрымка рамеснікаў — вельмі карысная справа для дзяржавы, бо спрыяе, каб больш аматараў зараблялі на тым, што раней для іх было хобі. Людзі самі сабе ствараюць працоўныя месцы, адкрываюць уласны бізнес. Рамёствы — гэта і імідж краіны, адна з «фішак», якія прывабліваюць замежных турыстаў. Апошніх у Віцебску з кожным годам усё больш.

Па традыцыі свята горада — «генеральная рэпетыцыя» «Славянскага базару». І можна канстатаваць, што яе правялі на 10 балаў!

pukshanskі@zvіazda.by

Фота Віктара Нікалаева

Загаловак у газеце: Дзень горада на 10 балаў!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».