Вы тут

Так можна і атруціцца


Вы рызыкуеце стаць ахвярай кішэчных інфекцый, калі парушаеце правілы гатавання ежы або захоўваеце прадукты не ў халадзільніку. Наогул засцерагчыся не так і складана.


Вытрымлівайце правілы асабістай гігіены, мыйце рукі, падтрымлівайце чысціню ў доме, асабліва калі ёсць малыя дзеці. Выкарыстоўвайце для гатавання і спажывання гатаваную і бутыляваную ваду (гарантаванай якасці).

Сырыя яйкі і малако не ўжывайце. Усе ягады, агародніну, садавіну, уключаючы апельсіны і бананы, добра мыйце. Аб'явіце вайну мухам і тараканам. Харчовыя прадукты не павінны быць здабычай насякомых. Для транспартавання, захоўвання спатрэбіцца толькі чыстая тара і ўпакоўка.

«Звяртайце ўвагу на тэрміны захоўвання, калі набываеце той ці іншы прадукт, — кажа загадчыца аддзялення гігіены харчавання Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Вія ШУКЕВІЧ. — Майце на ўвазе, што тэрмін прыдатнасці вызначаецца для прадукту ў непашкоджанай упакоўцы. Як толькі вы яе адкрылі, тэрмін гэты ўжо скарачаецца. Так, тэрмін рэалізацыі сыру, які ўпакавалі непасрэдна ў магазіне, а не на прадпрыемстве — 12 гадзін, каўбасы — 72 гадзіны. Праз гэты час паказчыкі якасці пагаршаюцца. Ёгурты, тваражкі, пудынгі трэба адкрыць і з'есці». Завядзіце звычку часцей хадзіць у магазін і папаўняць запасы халадзільніка максімум на пару дзён.

Пры з'яўленні першых прыкмет вострай кішэчнай інфекцыі або харчовага атручэння не займайцеся самалячэннем ці, тым больш, гатаваннем ежы. Звяртайцеся да ўрача.

У маі органы дзяржаўнага санітарнага нагляду абследавалі звыш 15 тысяч рынкаў, аб'ектаў гандлю, грамадскага харчавання і прыдарожнага сэрвісу. Ледзь не на кожным былі выяўлены парушэнні санітарных нормаў і правілаў. Неадпаведны тэмпературны рэжым захоўвання прадукцыі, рэалізацыя пратэрмінаваных прадуктаў, нездавальняючы стан памяшканняў і абсталявання былі асноўнымі.

Па выяўленых фактах вынесена 9808 пастаноў аб прымяненні адміністратыўнай адказнасці (агульная сума штрафаў склала звыш 18 млрд рублёў). Акрамя таго, выдадзена 5 тысяч прадпісанняў аб забароне рэалізацыі харчовай сыравіны і прадуктаў, амаль 2 тысячы — аб прыпыненні эксплуатацыі аб'ектаў, 7 тысяч суб'ектаў абавязалі ліквідаваць парушэнні. Амаль 2 тысячы асоб прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці.

Больш парушэнняў выяўляецца ў невялікіх крамах, асабліва ў тых, што ў глыбінцы.

Нягледзячы на пільны кантроль санэпідэмслужбы, самім спажыўцам таксама варта пастаянна праяўляць пільнасць. Набываеце вы глазураваны сырок або гатовую страву аб'екта грамадскага харчавання (дарэчы, такія пункты ёсць у многіх магазінах і гіпермаркетах), сачыце за тым, што вам прапануюць.

— Тэхналогія гатавання ежы, вытрымліванне тэрміну прыдатнасці, наяўнасць дакументаў, якія пацвярджаюць якасць і бяспеку і г.д., знаходзяцца і ў нашым полі зроку, — заўважае намеснік начальніка аддзела грамадскага харчавання Міністэрства гандлю Рэспублікі Беларусь Валянціна ДЗЕМІДЗЕНКА. — Толькі гандлёвая інспекцыя праверыла ў мінулым месяцы больш за 1700 аб'ектаў грамадскага харчавання, у выніку чаго было складзена і накіравана ў суд 2180 пратаколаў. Сума спагнаных штрафаў склала 8,5 млрд рублёў. За рэалізацыю тавару з пратэрмінаваным тэрмінам прыдатнасці была прыпынена дзейнасць 427 аб'ектаў, з якіх 30 працэнтаў — аб'екты грамадскага харчавання. Адзін такі аб'ект быў закрыты.

Спажыўцы павінны займаць актыўную пазіцыю і таксама выступаць у ролі кантралёраў. Ёсць сумненні — можна папытацца пра адпаведныя дакументы. Спажывец мае права пацікавіцца саставам і каларыйнасцю страў, спосабам кулінарнай апрацоўкі — афіцыянт або прадавец аддзела кулінарыі могуць прадаставіць падобную інфармацыю.

protas@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.