Вы тут

«Ліцэй — наш другі дом»


Больш як пяцьдзясят юнакоў сталі першымі выпускнікамі спецыялізаванага ліцэя Міністэрства ўнутраных спраў.

Стары будынак, што на вуліцы Стаханаўскай у Мінску, гэтыя хлопцы наўрад ці забудуць. За апошнія некалькі гадоў яны сталі сапраўднымі сябрамі. Як салдаты ў казармах, клаліся спаць і падымаліся ў адзін час, разам хадзілі ў сталоўку і на заняткі. А цяпер для іх адкрываецца будучыня, якую многія з іх вырашылі звязаць з міліцыяй. У апошні ліцэйскі дзень у музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны дыпломы ім уручыў міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч. Пасля іх чакала экскурсія і выпускны ў роднай навучальнай установе.


— Выпуск атрымаўся моцным, — кажа Уладзімір Віткоўскі, начальнік ліцэя, з якім атрымалася сустрэцца і пагутарыць літаральна за гадзіну да выпускнога. — Сёлета мы выпусцілі 55 курсантаў. З іх 43 захацелі служыць у інтарэсах нацыянальнай бяспекі. 23 хлопцы паступаюць у Акадэмію МУС, 12 — у Ваенную акадэмію. Дзеці даволі таленавітыя. Могуць лёгка ўдзельнічаць у розных конкурсах. Нават у самадзейнасці. Малайцы, адным словам.

— Якая галоўная адметнасць вашага ліцэя?

— У нас вучацца выключна хлопчыкі. 24 гадзіны ў суткі пад нашым наглядам. Ліцэісты знаходзяцца на поўным забеспячэнні: два сняданкі, абед, вячэра. Выдаём хлопцам форму. Калі маюць высокія балы па прадметах, могуць паступаць у Акадэмію МУС без іспытаў. Зараз у нас будзе адбор, уступная кампанія. Новыя курсанты будуць вучыцца ў ліцэі пяць гадоў. На 100 месцаў ужо прэтэндуюць больш як 400 чалавек. Па 50 курсантаў мы залічылі ў сёмы і восьмы класы.

— Калі не памыляюся, у ліцэі выкладаюць прадметы, якіх няма ў вучэбнай праграме звычайнай сярэдняй школы.

— У нас у тым ліку выкладаюць медыцынскую і страявую падрыхтоўку, асновы права, рэлігія-
знаўства, этыкет, харэаграфію...Такія дысцыпліны сапраўды ёсць не ва ўсіх школах. Мы ж рыхтуем будучых афіцэраў. Ні за аднаго курсанта не сорамна. Кожнага з іх можна прызначыць малодшым камандзірам у любой навучальнай установе, куды яны будуць паступаць.

— Цікава, а які распарадак у вашым ліцэі?

— Пад'ём у 7:00. Пасля — зарадка, умыванне, сняданак. Потым пачынаюцца заняткі, якія завяршаюцца ў 15:30. Далей — самападрыхтоўка, вячэра, час на асабістыя справы. У 22:00 у нас адбой. Навучальны працэс вельмі падобны да таго, які арганізаваны ў сувораўскім вучылішчы. З першага верасня ў нас нават форма будзе падобная. Мы не адмаўляем, што перанялі пэўныя напрацоўкі ў сувораўскага. Усё ж такі гэтай навучальнай установе больш за шэсцьдзясят гадоў. А наш ліцэй быў створаны ў 2015-м на базе Мінскага кадэцкага вучылішча імя Міхаіла Фрунзэ. Нягледзячы на гэта, мы імкнёмся ісці з сувораўскім вучылішчам нага ў нагу на ўсіх спаборніцтвах, алімпіядах.

— Вам прыходзілася каго-небудзь адлічваць з ліцэя?

— Ад нас сышлі адзінкі. Пытанні ўзнікаюць з-за дысцыпліны. Усё ж такі вучацца ў нас нядрэнна.

Калі завяршаем нашу размову з Уладзімірам Віткоўскім, на пляцоўцы каля ўвахода ўжо збіраюцца выпускнікі. Нехта фатаграфуецца на памяць, а хтосьці размаўляе з бацькамі, сябрамі і прыгадвае час, праведзены ў ліцэі.

— Ведаеце, тут усё адрозніваецца ад звычайнай школы, — заўважае выпускнік Аляксей Астрэйка, які збіраецца паступаць у Акадэмію МУС. — Мы жылі разам, праходзілі страявую падрыхтоўку. Тут дысцыпліна на іншым узроўні. І мне падаецца, што ў нас вучыцца цікавей, чым у школе. Я, безумоўна, сумую, што пакідаю ліцэй. Яго атмасферы нам будзе не хапаць. Мы прызвычаіліся адзін да аднаго. Я ганаруся, што вучыўся менавіта тут. Ліцэй — наш другі дом. Буду старацца прыязджаць сюды і пасля заканчэння.

Сяргей Бабіч з Жодзіна, бацька выпускніка, прызнаецца, што свайго сына нават адгаворваў ад паступлення ў ліцэй. Маўляў, навошта табе гэтыя казармы. Аднак хлопец настаяў на сваім.

— Мы былі задаволеныя, што ён пайшоў сюды вучыцца. Розніца пачала ў ім заўважацца ўжо праз некалькі месяцаў. Адчувалася складнасць, даросласць у развагах. Многія бацькі здзіўляліся, цікавіліся, навошта вы туды адправілі сына, а праз некаторы час казалі супрацьлеглае. Сын змяніўся ў лепшы бок. Цяпер збіраецца паступаць у Ваенную акадэмію.

Праз колькі хвілін усе размовы сціхлі. На пляцоўцы запанавала цішыня. Курсанты, маршыруючы, прайшлі перад бацькамі і сваімі выкладчыкамі, а пасля кінулі ў паветра дзясяткі бліскучых манетак. На шчасце.

Афіцэры будучыні

Урачысты выпуск афіцэраў Акадэміі МУС сёлета прайшоў на плошчы Дзяржаўнага сцяга. Доўгачаканыя пагоны і дыпломы аб вышэйшай адукацыі сёлета атрымалі 382 навучэнцы акадэміі. 28 чалавек скончылі вучобу на выдатна. Як паведамілі ва Упраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС, сярод выпускнікоў — маладыя афіцэры міністэрстваў абароны і ўнутраных спраў, следчага камітэта, дэпартамента фінансавых расследаванняў камітэта дзяржкантролю, дзяржаўнага камітэта крымінальных экспертыз і іншых сілавых структур. Ігар Шуневіч пажадаў выпускнікам ініцыятывы, смеласці пры выкананні задач, адданасці канстытуцыі і прысязе.

Фота Надзеі Бужан

taras@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.