Вы тут

У Мядзельскім раёне інвестар купіў гаспадарку і... разваліў яе


На «гарачую лінію» 5-га Усебеларускага народнага сходу патэлефанаваў жыхар Мінскай вобласці. Ён расказаў, што асобныя інвестары, якія купілі сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, як кажуць, цераз пень-калоду ажыццяўлялі вытворчую дзейнасць. А менавіта, не засявалі палі, распрадалі жывёлу, не ўкладвалі сродкі ў тэхніку, рамонт, не плацілі людзям зарплату. Абласное кіраўніцтва адразу правяло расследаванне з удзелам журналістаў.


У 2004 годзе многія айчынныя бізнесмены і дзяржаўныя суб'екты гаспадарання ўзялі пад сваю апеку стратныя прадпрыемствы, з тым каб зрабіць іх паспяховымі. Садзейнічалі гэтаму ўказы Прэзідэнта ад 19 сакавіка 2004 года №138 «Аб некаторых мерах па фінансавым аздараўленні сельскагаспадарчых арганізацый і прыцягненні інвестыцый у сельскагаспадарчую вытворчасць» і ад 14 чэрвеня 2004 года №280 «Аб парадку і ўмовах продажу юрыдычным асобам прадпрыемстваў як маёмасных комплексаў стратных сельскагаспадарчых арганізацый». Гэтыя дакументы давалі новым гаспадарам шмат прэферэнцый і льгот. У прыватнасці, сімвалічная цана пакупкі, льготныя крэдыты на закупку тэхнікі, будаўніцтва жылля. Абавязковымі ўмовамі продажу было захаваць вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі, палепшыць вынікі фінансава-эканамічнай дзейнасці.

Менавіта тады кіраўнік мінскага прыватнага ўнітарнага прадпрыемства «Цепласеткі» Міхаіл Шурым набыў у Мядзельскім раёне стратны сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў «Вішнеўскае».

— Інвестар выязджаў на месца, наведаў розныя прадпрыемствы, але спыніўся менавіта на гэтым. Гаспадарка працавала, валодала вытворчымі магутнасцямі, дойным статкам, але эканамічная сітуацыя была складанай, — расказаў Леанід Берняковіч, які тады займаў пасаду намесніка старшыні райвыканкама па эканоміцы. — Кошт маёмаснага комплексу на той момант складаў больш як 828 млн рублёў. Інвестар купіў яго крыху больш як за 165 млн рублёў (75 тыс долараў). Прычым, гэтыя сродкі паступілі не ў раённы або рэспубліканскі бюджэт, а на рахунак новага прадпрыемства «Вішнеўскае-Агра».

Сам інвестар сцвярджае, што пакупка гаспадаркі разам з даўгамі яму абышлася ў паўмільёна долараў, а ў цэлым у яе развіццё ён уклаў каля 2 млн долараў.

Новы ўласнік абяцаў не толькі фінансава аздаравіць гаспадарку, але і зрабіць яе «астраўком дабрабыту» для мясцовых насельнікаў. Напачатку эканоміка трымалася на напрацаваным раней падмурку, а потым пакацілася па нахільнай. Сітуацыя з кожным годам пагаршалася, паказчыкі зніжаліся.

— У прыватнасці, тэмпы росту вытворчасці валавой прадукцыі ў 2012-м у параўнанні з 2006 годам склалі: у жывёлагадоўлі 56,5%, раслінаводстве 56,7%, вытворчасці буйной рагатай жывёлы 60%, вытворчасці малака 37%, яго рэалізацыі 38%. А сярэдні надой ад каровы 64%, — прывёў звесткі старшыня райвыканкама Анатоль Вайнілка.

Пасля завяршэння дзеяння Указа Прэзідэнта льготы спыніліся, настала пара вяртаць даўгі па лізінгу, крэдытах. Інвестар пачаў шукаць выхад з сітуацыі шляхам рэарганізацыі. На базе «Вішнеўскага» з'явіліся прыватныя вытворчыя ўнітарныя прадпрыемствы «МТФ «Сырмеж» і СК «Буйкі», а таксама сялянская фермерская гаспадарка «Касцевічы-Агра» па вырошчванні трусоў. Апошнюю ўзначаліла жонка Міхаіла Шурыма — Святлана. Але кіравала ёй са сталіцы...

— Я ўвесь час працавала начальнікам участка, а мой муж кіраўніком сялянскай гаспадаркі. Пры звальненні высветлілася, што па штатным раскладзе я лічылася кіраўніком. Звольнілася, таму што практычна не бачыла зарплаты. Дадуць мільён, астатняе абяцаюць вярнуць. Цярпенне лопнула. А ў 2014 годзе нечакана памёр муж. Не было за што пахаваць. Звярталася па дапамогу да Святланы і Міхаіла Шурымаў. Але тыя сказалі, што грошай няма, — са слязамі на вачах згадвае Вольга Лазарава.

Жанчына падала іск у суд, па яго рашэнні Святлана Шурым павінна выплаціць заяўніцы даўгі па заробках. Але да гэтага часу грошай яна не атрымала.

— Грошы, якія ўкладваліся ў гаспадарку, ішлі ў асноўным на выплату зарплаты, абаротку, а мадэрнізацыя, рэканструкцыя, рамонт аб'ектаў не вяліся, — адзначаюць мясцовыя ўлады.

У выніку вытворчыя памяшканні, у першую чаргу будынкі жывёлагадоўчых фермаў «Сырмеж» і «Астраўляны» прыйшлі ў заняпад. У любы час апорныя канструкцыі, дах маглі абваліцца і пахаваць пад сабой работнікаў і жывёлу. На прадпісанні санітарнай, пажарнай службы, раённага аддзела Міністэрства па надзвычайных сітуацыях аб ліквідацыі недахопаў інвестар не рэагаваў. Па рашэнні райвыканкама 771 карову перамясцілі ў суседнюю гаспадарку на часовае ўтрыманне. Уласніку ўстанавілі тэрмін, на працягу якога ён павінен адрамантаваць і прывесці ў належны выгляд памяшканне. Але патрабаванні ён не выканаў.

У свой час Міхаіл Шурым набыў у лізінг тэхніку з падтрымкай дзяржавы: аўтамабілі, трактары, пагрузчыкі. Але, як сцвярджаюць у райвыканкаме, працавалі яны не на палях гаспадаркі, а на асноўным прадпрыемстве інвестара «Цепласеткі» ў Мінску. «Прамагралізінг» з дапамогай суда тэхніку забраў, але інвестар застаўся вінны яшчэ больш як 300 млн рублёў. «Белаграсервіс» таксама частку машын вярнуў. А вось трактар «Беларус-3022» інвестар прадаў, на што не меў ніякага права.

Ахвярамі сітуацыі сталі людзі, па лёсах якіх нібы бульдозерам прайшоўся інвестар. Па першае, яны страцілі работу, многім да гэтага часу не выплачана зарплата. Акрамя таго, многія сем'і, у тым ліку і шматдзетныя могуць апынуцца на вуліцы.

— Я 15 гадоў працаваў у калгасе тэхнікам-асемянатарам. Калі атрымліваў жыллё, у нас з жонкай было чацвёра дзяцей. Цяпер з намі жыве непаўналетняя дачка. А на днях мы атрымалі паведамленне да 1 ліпеня выселіцца, — амаль плача Аляксандр Кукін. — У нас няма іншай жылплошчы. Куды нам ісці? Яшчэ ў мінулым годзе спрабавалі прыватызаваць жыллё. Але, як аказалася, мы да гэтага часу там не прапісаны, паколькі інвестар не аформіў праваўстаноўчыя дакументы на пяць дамоў, пабудаваных з дапамогай банкаўскіх крэдытаў.

Да гэтага часу крэдыты не пагашаны. Жыллё плануюць прадаць, каб вярнуць даўгі, а людзей папрасілі з рэчамі на выхад.

У непрыемнай сітуацыі аказаліся і жыхары тых дамоў, якія ўзведзены яшчэ пры калгасе і перайшлі ва ўласнасць інвестара разам з іншай нерухомасцю. Яны таксама не аформлены.

— Нас палохае нявызначанасць, няпэўная будучыня, — мясцовыя жанчыны ў роспачы. — Прыватызаваць без дакументаў мы свае кватэры не змаглі. Значыць, з 1 ліпеня будзем плаціць за жыллё, як за арэнднае. А дзе гарантыя, што нас адсюль не выганяць?

У тэму

Сяргей Юркевіч, намеснік старшыні Камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Мінаблвыканкама:

— Не ўсе інвестары на Міншчыне працуюць так, як Міхаіл Шурыма. Ёсць і станоўчыя прыклады. На Уздзеншчыне гаспадарку выкупіла кампанія «Вітэкс» і зрабіла яе адной з лепшых у вобласці.

Усяго з пачатку дзеяння ўказаў №280 і 138 інвеставана ў 95 сельгасарганізацый. 20 з іх перададзена ў камунальную ўласнасць з розных прычын. У асноўным гэта рашэнне саміх інвестараў, паколькі дзеянне прэферэнцый закончылася і ім стала цяжка працаваць. Цяпер у Мінскай вобласці засталося 57 інвеставаных гаспадарак. На стадыі вырашэння пытанне аб перадачы 4 у камунальную ўласнасць.

Загаловак у газеце: Бульдозерам па лёсах людзей

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.