Вы тут

Клубнічны дзень


Даражэнькія гаспадары і гаспадыні, мы распачынаем новую цікавую рубрыку, у якой кожны з вас зможа падзяліцца з іншымі чытачамі сваімі праверанымі часам парадамі, рэцэптамі, сакрэтамі (па доме, садзе, агародзе, майстэрні, машыне і інш.). Хатнік у вышыванцы з нецярпеннем чакае вашых лістоў.


Клубніцы на сняданак, абед і вячэру? Цалкам магчыма стварыць меню з гэтай духмянай ягады.

Чаму не распачаць дзень з карыснай фруктовай салаты? Можна ўзяць толькі клубніцы, але смачнейшым будзе асарці (падыдуць розныя віды ягад; яблыкі, бананы, грушы, персікі, якія трэба нарэзаць). Салату можна заправіць ёгуртам, вяршкамі, смятанай, мёдам, жаўткамі (іх трэба расцерці з цукрам ці ўзбіць). Пры жаданні можна дадаць семкі і здробленыя арэхі. Калі кавалкі яблыкаў і груш паліць сокам лімона, яны не пачарнеюць.

На абед пададзім суп з клубніц. Буйныя ягады можна парэзаць ці размяць відэльцам. Нехта, калі гатуе такую страву, спачатку засыпае іх цукрам і дае нейкі час пастаяць. А можна адразу перад абедам заліць малаком, сыраквашай, кефірам. Пасыпаць крошкамі сухароў.

На вячэру зварым малочную рысавую кашу. Пакуль яна гарачая, дададзім жаўткі, ванільны цукар, размяшаем. Падаваць яе будзем халоднай. Упрыгожым клубніцамі і зальём бялкамі, узбітымі з цукровай пудрай.

А на дэсерт можна падаць марожанае з кавалкамі клубніц ці зрабіць клубнічны «снег». Ягады засыпаць цукрам, каб выйшаў сок, які трэба зліць. Бялкі ўзбіць з цукрам і паступова ўвесці сок. Гэтым «снегам» і заліваюцца ягады.

З клубніц атрымаюцца і цукаты. Чыстыя ягады перасыпаць цукрам (300 грам на кілаграм ягад) і пакінуць на некалькі гадзін. З соку, які пры гэтым выдзеліўся, зварыць сіроп. На шклянку соку трэба кілаграм цукру і 1 грам аскарбінавай кіслаты. Гэтым сіропам заліць ягады і ўварваць, пакуль яны не стануць празрыстымі. Пасля іх выняць шумоўкай, падсушыць пры пакаёвай тэмпературы. Калі ягады падсохнуць, акунуць у сіроп, у якім яны варыліся. Абсушыць і пасыпаць цукровай пудрай. Сіроп, які застаўся, можна закатаць альбо выкарыстаць у якасці салодкай запраўкі для каш.

Клубніцы з уласным сокам атрымаюцца, калі ягады шчыльна пакласці ў паўлітровы слоік, перасыпаць цукрам (200 грам), накрыць і пастэрызаваць 5-10 хвілін. Закатаць. Калі дадаць больш цукру, ягады будуць захоўвацца і без стэрылізацыі. Можна паспрабаваць і такі варыянт: клубніцы прапусціць праз мясарубку ці змалоць блэндарам, выкласці ў слоікі. На кожную сталовую лыжку пюрэ сыпаць столькі ж цукру. Канешне, захоўваць яе трэба толькі ў халадзільніку. Калі хочаце, каб такая нарыхтоўка больш пастаяла, масу можна закіпяціць і закатаць. Вядома ж, слоікі з клубнічным начыннем трэба трымаць у цёмным месцы, інакш яны страцяць свой колер.

Можна зрабіць і фруктовы лёд — змолатую блэндарам ягаду разліць па формачках і паставіць у лядоўню. Або проста замарозіць клубніцы цалкам — узімку вельмі добра з іх варыць духмяныя кампоты, дадаваць у кашы і печыва, упрыгожваць імі розныя стравы.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».