Вы тут

Ваеннае кіно, парад і віншаванні да свята


Да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь тэле- і радыёканалы Белтэлерадыёкампаніі рыхтуюць для сваіх гледачоў прамыя трансляцыі асноўных урачыстых мерапрыемстваў, тэматычны паказ мастацкіх, дакументальных фільмаў і канцэртныя праграмы. Па добрай традыцыі кожны тэлеканал упрыгожаць святочныя лагатыпы.


У эфіры «Беларусь 1» і «Беларусь 24» 2 ліпеня будуць паказаны ўрачысты сход і святочны канцэрт майстроў мастацтваў «Беларусь — імя святое», прысвечаныя Дню Незалежнасці, а на наступны дзень у 10.55 тут пачнецца прамая трансляцыя парада войскаў Мінскага гарнізона «Са святам, любая Айчына!».

Спецыяльна ў Дзень Незалежнасці на «Беларусь 1» выйдзе заключная восьмая серыя мастацка-публіцыстычнага цыкла фільмаў «Гумар на вайне» (першы выпуск гледачам быў прадстаўлены 9 мая). Праект уяўляе сабой мюзікл, складзены з сатырычных песень, жартаў і кур'ёзных сітуацый, якія здараліся на вайне і ўздымалі баявы дух салдат. Не абыдзецца на «першай кнопцы» і без тэматычных кінапаказаў. Для прагляду прапануюцца: драма «Брэсцкая крэпасць», лірычная камедыя «Белыя росы», ваенны баявік «Смерш».

Тэлеканал «Беларусь 2» 3 ліпеня ў ранішнім эфіры пакажа хранікальна-дакументальны фільм з цыкла «Партызаны». Потым ваенную тэму працягне драма «Аляксандр маленькі», у аснову якой пакладзены сапраўдны факт аб савецкіх салдатах, што арганізавалі ў 1945 годзе на вызваленай тэрыторыі Германіі дзіцячы дом. Таксама зможам убачыць кінакарціну з залатога фонду савецкай кінакласікі — «Жэня, Жэнечка і «кацюша». У вячэрнім эфіры — знакамітая кінааповесць «А досвіткі тут ціхія».

На «Беларусь 3» вас чакае «Беларускі канцэрт», дзе будуць прадстаўлены эксклюзіўныя гістарычныя кадры з выступленнямі лепшых беларускіх артыстаў у суправаджэнні Дзяржаўнай харавой капэлы пад кіраўніцтвам народнага артыста СССР Рыгора Шырмы, знятым кінастудыяй «Беларусьфільм» у 1955 годзе. Таксама ў эфіры тэлеканала зможам убачыць чарговую экспедыцыю праекта «Наперад у мінулае» і пачуць лепшыя аранжыроўкі песень у хіт-парадзе «Сто песень для Беларусі».

Тэматычны эфір, прымеркаваны да Дня Незалежнасці, таксама прадстаўлены на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё. У вячэрнім эфіры 1 ліпеня тут плануецца шырокае асвятленне ўрачыстага сходу і святочнага канцэрта майстроў мастацтваў Беларусі. У праграме «Адкрытая пляцоўка» і выпусках «Навін» даведаемся пра акцыю «Дзень вышыванкі». Не абыдзецца і без тэматычнага радыёдня 3 ліпеня. Выйдзе святочны выпуск публіцыстычнай праграмы «Беларусь — найноўшая гісторыя». Акрамя таго, павялічыцца колькасць інтэрактыўных віншавальных праграм, дзе ў слухачоў Першага нацыянальнага канала будзе больш магчымасцяў накіраваць адно аднаму святочныя прывітанні.

drapko@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?