Вы тут

Слова прыгожае, а ці ведаем мы яго значэнне?


У сезонным аўтобусе, які адпраўляўся з дачнага пасёлка а палове шостай вечара, людзей было няшмат — такой гарачынёй выпраўляюцца ў дарогу толькі па самай пільнай патрэбе. Ехалі ў асноўным людзі немаладыя — пенсіянеры без машын, для якіх гэта параўнальна танны і ледзь не адзіны спосаб дабрацца да лецішча. Хтосьці вяртаўся з выхадных у горад, бо яшчэ недзе падпрацоўвае, хтосьці вёз поўныя вёдры пераспелых клубніц — ягадам жа не патлумачыш пра спёку, скіснуць да заўтра — і выкідвай.


Аўтобус шпарка імчаў у сталіцу, не заходзячы ні ў адну з недалёкіх вёсак — яго летам пускаюць спецыяльна для дачнікаў, і прыпынкі ў яго — толькі ля дачных пасёлкаў. Заходзілі на кожным усё тыя ж пенсіянеры з валізкамі — стомленыя ад чакання на сонцы, выціраючы насоўкамі пот з чырвоных твараў. Усе паміж сабой за гады агульнай дарогі знаёмыя, яны весела віталіся, абмяркоўвалі надвор'е, перспектывы на ўраджай, цэны ў крамах і на рынках... Карацей, правінцыяльная ідылія «як у кіно», не хапала хіба што жывой гусі ў кашы ў кагосьці на каленях для поўнага падабенства...

Ідылія парушылася раптоўна, калі аўтобус, не збаўляючы ходу, прамчаў міма спачатку аднаго прыпынку, на якім ужо падхапілі клункі ды вёдры ўсё тыя ж разамлелыя ад спёкі пенсіянеры, пасля — міма другога. Людзі ў салоне пачалі абурацца, хтосьці стукаў у кабіну вадзіцеля (а той усё ціснуў на газ), хтосьці здзіўлена пляскаў рукамі, паўтараючы: «Людцы, што ж гэта робіцца?!» Пра тое, што адбывалася на пакінутых ззаду прыпынках, можна толькі здагадвацца. Улічваючы, што наступны аўтобус ішоў праз тры гадзіны, а да бліжэйшых хат ад тых прыпынкаў сама меней кіламетр.

Кіламетраў праз пяць, у вялікай дачнай вёсцы, аўтобус спыніўся-такі. Кіроўца, немалады ўжо мужчына са стомленым тварам, на абураныя папрокі расхваляваных бабуль спакойна патлумачыў: маўляў, тыя прыпынкі, якія ён мінуў, літаральна два дні назад знялі з гэтага маршруту, таму ён і не спыняўся. Ходзіць па гэтай дарозе яшчэ шмат прыгарадных аўтобусаў, таму гэты вырашылі зрабіць яшчэ больш хуткасным. Аб'явы на касах аўтавакзала віселі. Хто не пачытаў — яго праблемы. Хтосьці, можа, на той дачы з вясны сядзіць, проста не ведаў пра гэткія змены — яго праблемы таксама. «Людзі такой гарачынёй стаялі, чакалі — няўжо нельга было спыніцца?» — «Не, нельга было: як з іх грошы браць, калі прыпынак у касу не забіты? Я нічога парушаць не хачу, у мяне інструкцыя». — Ты ж нічога не парушаеш, людзі на абазначаным прыпынку стаялі, а не ў чыстым полі. Узяў бы аплату як з папярэдняга прыпынку, даражэй, а старым бы сказаў, каб не спадзяваліся больш адсюль паехаць». — «Вось яшчэ, буду я білеты перабіваць». — «А людзей табе не шкада? А каб твая маці там на сонцы палілася?» — «Людзі самі вінаватыя, а маці мая даўно памерла». — «А калі па-чалавечы?» — «А за «па-чалавечы» мне прэмію не дабавяць і не знімуць. А вы не адцягвайце ўвагу вадзіцеля падчас руху, бачыце, беларускай мовай вам напісана!»

Зачыніў шыбу, закрыўся ў сваёй кабіне-каморцы і, сцяўшы вусны, працягваў круціць руль. Астатні шлях быў невясёлы, маўклівы. Кожны думаў аб сваім (ці аб адным?), і гаварыць пра гэта ўголас нікому не хацелася...

...Калі збіраемся ў добрай сяброўскай бяседзе, калі ўжо сказана і «за здароўе», і «за сустрэчу», і «за каханых», адзін наш сябар заўсёды кажа: «Ну, а цяпер — за людскасць!» Што ж, можна і за людскасць, за тое, каб не забываліся, што ёсць у беларусаў такое паняцце.

alena@zviazda.by

Загаловак у газеце: Ну, за людскасць!

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.