Вы тут

У Пекін – беларускія кнігі


У Цэнтр культуры Беларусі, які дзейнічае ў 2-м Пекінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце, Выдавецкім домам “Звязда” і Мінскім абласным аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі перададзена чарговая партыя кніг пісьменнікаў Беларусі.


Гэта не першы падарунак беларускіх пісьменнікаў кітайскім студэнтам, якія цікавяцца беларускім мастацкім словам, мовай Купалы і Коласа. Раней вялікую партыю розных выданняў мастацкай літаратуры – з дапамогай беларускага пасольства ў Кітаі – перадалі Саюз пісьменнікаў Беларусі і таксама Выдавецкі дом “Звязда”.

Мы падаравалі кітайскім сябрам частку вфыданняў нашай важкай, аўтарытэтнай кніжнай серыі “Бібліятэка Саюза пісьменнікаў Беларусі”, – гаворыць старшыня творчай арганізацыі Мікалай Чаргінец.

А Выдавецкі дом “Звязда”, акрамя кніг Алега Ждана, Генадзя Аўласенкі, Алеся Бадака і іншых паэтаў і празаікаў, перадаў асобныя нумары беларускіх дзяржаўных літаратурна-мастацкіх часопісаў: “Полымя”, “Нёмана”, “Маладосці”, “Бярозкі”.

Цэнтр культуры заснаваны на факультэце рускай мовы 2-га Пекінскага дзяржаўнага лінгвістычнага універсітэта некалькі гадоў назад пры дапамозе беларускай амбасады ў Кітаі. Сярод выкладчыкаў факультэта – і выпускніца Беларускага дзяржаўнага лінгвістычнага універсітэта Марына Каліцкая. У планах работы цэнтра, студэнтаў і выкладчыкаў – пераклады беларускай мастацкай літаратуры на кітайскую мову, даследаванне сучаснай беларускай літаратуры, творчасці Васіля Быкава, Святланы Алексіевіч, іншых празаікаў, паэтаў. Дарэчы, зусім нядаўна на гэтым факультэце пачалі выкладаць беларускую мову. Да гэтай працы запрасілі беларускую радыёжурналістку Вольгу Гальпяровіч, якая жыве і працуе як прадстаўнік Белтэлерадыёкампаніі ў Пекіне.

Перадаючы кнігі ад “Звязды” і пісьменнікаў Міншчыны, – гаворыць Дар’я Нечыпарук, выкладчык кафедры кітайскай філалогіі філфака БДУ, – спадзяюся, што знаёмства з імі зацікаўленых у пашырэнні беларуска-кітайскіх літаратурных зносін студэнтаў і выкладчыкаў паспрыяе новым крокам у гэтай прасторы. Нам вельмі важна, каб з’явіліся цікаўныя да беларускай мастацкай прасторы асобы сярод студэнцкай моладзі Кітаі. Гэта істотна паўплывае на знаёмства шэраговых грамадзян Кітая з Беларуссю, народам Беларусі. Везучы ў Кітай кнігі Янкі Журбы, Максіма Танка, Алены Стэльмах, Максіма Багдановіча, Раісы Баравіковай, Генадзя Аўласенкі, Марыі Кобец, Ніла Гілевіча, я веру, што іх словы ўскалыхнуць ўвагу да беларускай літаратуры.

Што цікава, і ў ранейшыя гады кнігі беларускіх аўтараў траплялі рознымі шляхамі ў 2-гі Пекінскі дзяржаўны лінгвістычны універсітэт. У бібліятэцы гэтай ВНУ поруч з выданнямі іншых аўтараў постсавецкіх краін месцяцца на паліцах зборнікі паэзіі і прозы пісьменнікаў Беларусі – раман Міхася Лынькова “Векапомныя дні”, некалькі маскоўскіх выданняў аповесцяў Васіля Быкава, а таксама – “Сымон-музыка” народнага песняра Якуба Коласа на беларускай мове (выданне з ілюстарцыямі легендарнага Міколы Селяшчука). Ёсць у кніжніцы кітайскай ВНУ і аўтарская энцыклапедыя беларускага вучонага М. Г. Булахава, прысвечаная паэме “Слова пра паход Ігаравы”.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?