Вы тут

Былі б рукі, а рамяство будзе


— Мы цяпер працуем з больш якаснымі матэрыяламі, чым 18 гадоў таму, калі я прыйшла ў галіну, — гаворыць Ірына Шабулдаева, брыгадзір-тынкоўшчык Гомельскага домабудаўнічага камбіната. — Інструменты змяніліся на больш тэхналагічныя. Нам лягчэй і прыемней працаваць.


Зусім нядаўна жанчына вярнулася з Пятага Усебеларускага сходу, дзе выступіла з прапановамі, якія палічыў важнымі кіраўнік дзяржавы.

Ірына падняла пытанне пра вяртанне прэстыжу рабочых спецыяльнасцяў. Сама яна прыйшла на будоўлю практычна пасля школы, у 18 гадоў. Потым скончыла Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт і атрымала дыплом інжынера-механіка, але праца маляра падабалася, і цяпер яна кіруе брыгадай маляроў-тынкоўшчыкаў. Між тым, сама работы не цураецца і з задавальненнем робіць тое, пра што іншым можа не толькі расказаць, але і прадэманстраваць. Кажа: калі рукамі не прайшоў увесь працэс, як жа зможаш растлумачыць іншым.

— Вось я іду, гляджу на дом. Мне прыемна, што ён пабудаваны нашымі рукамі. Канкрэтна ў гэтым доме ёсць частка маёй працы. Мне гэта прыемна ўсведамляць. І людзі, спадзяюся, удзячныя. Мы, рабочыя, імкнёмся выкласціся па максімуме, каб людзям было камфортна і прыемна жыць у такім прыгожым доме. Напэўна, я маю задавальненне ад таго, што тут працую. Гэта мая справа. Прыемна, калі ёсць канкрэтны вынік. Калі праязджаеш каля дамоў, намі пабудаваных, — гонар за сваю працу ўзнікае. Апошнім часам усе імкнуцца атрымаць вышэйшую адукацыю, часам і не адну — гэта добра. Але мы выдатна разумеем, што без працоўных рук нічога стварыць не атрымаецца. Не могуць быць усе інжынерамі, кіраўнікамі і спецыялістамі, — лічыць Ірына.

— Яна вельмі адказная, тактоўная і добразычлівая, — гаворыць пра падначаленую намеснік генеральнага дырэктара прадпрыемства Уладзімір Фалейчык. — Чалавек вельмі аўтарытэтны і прафесіянал у сваёй справе. Яна валодае высокімі арганізатарскімі здольнасцямі, ведае тэхналогію вытворчасці работ, можа самастойна працаваць у складаных умовах. Таму і накіравалі на Усенародны сход менавіта яе. Яна ж заўсёды дапамагае парадай сваім калегам. І ўвогуле з душой працуе.

Сама Ірына гаворыць, што вельмі хвалявалася перад выступленнем з высокай трыбуны:

— Калі ты выступаеш перад усёй краінай, цяжка не хвалявацца. Рыхтавалася, канешне, пісала тэкст, чытала яго перад сваякамі. Ноч напярэдадні не магла заснуць. Маглі ж быць пытанні, і я разумела, якая на мне адказнасць. Гэта ж адказнасць перад будаўнікамі не толькі нашага ДБК, але і перад будаўнікамі ўсёй нашай краіны.

На вачах ў брыгадзіра Шабулдаевай адбывалася станаўленне ўсёй будаўнічай галіны. Яна стала прафесіяналам высокага класса. Калі абралі дэлегатам Пятага Усебеларускага сходу, яна дакладна ведала, пра што будзе гаварыць з высокай трыбуны:

— Падымалася пытанне, звязанае з павышэннем кваліфікацыі рабочых і рэфармаваннем сістэмы прафесійнай адукацыі. Выдатна, што, у адрозненне ад іншых краін СНД, у нас атрымалася яе захаваць. Зараз трэба наблізіць яе да жыцця. У краіне пастаянна праходзяць конкурсы прафесійнага майстэрства, але ж практыку для тых, хто скончыў ліцэй па адпаведнай спецыяльнасці, неабходна наблізіць да рэальнай вытворчасці. Тэорыі ў іх хапае, яны ўсё добра ведаюць, але практыкі — нуль. Хацелася б, каб усе практычныя ўрокі праходзілі тут, на будоўлі, а не ў навучальных камбінатах і ўстановах. Тады, я думаю, яны будуць прыходзіць сапраўды кваліфікаванымі спецыялістамі і нам не трэба будзе іх перавучваць на працоўных месцах. Сёння на будоўлю прыходзяць толькі таму, што не паступілі ў ВНУ, многія маладыя людзі саромеюцца набываць рабочыя прафесіі. Хоць у гэтым выбары няма нічога ганебнага. Я 18 гадоў будаўнік, гэтага не саромеюся і не шкадую. Галоўнае — атрымліваць задавальненне ад работы. А заробак прыходзіць са стажам і вопытам. Цяпер — дастойная зарплата, добрая работа. Мне хочацца, каб прафесія будаўніка была ў грамадстве больш прэстыжнай. Магчыма, яе патрэбна неяк папулярызаваць для маладых.

На сходзе Ірына Шабулдаева адзначыла, што ў апошнія гады значна ўзрасла працоўная дысцыпліна, узмацніліся патрабаванні аховы працы, паменшылася ручная праца:

— Змянілася не толькі абсталяванне і тэхналогіі — змянілася псіхалогія жыхароў нашай краіны. Яшчэ зусім нядаўна будаўнікі падвяргаліся крытыцы, і мы, рабочыя, таксама перажывалі за аўтарытэт прафесіі. Сёння прад'яўляюцца вялікія патрабаванні да якасці выкананай намі працы. Мы, будаўнікі, гатовыя працаваць і больш, але апошнія навіны пра скарачэнне ўжо ў наступным годзе аб'ёмаў будаўніцтва жылля з падтрымкай дзяржавы турбуюць і нашу брыгаду, і шматлікіх нашых калег.

Хвалюе Ірыну магчымае скарачэнне аб'ёмаў будаўніцтва жылля з дзяржпадтрымкай, бо яна і калегі разумеюць: у будаўнікоў можа стаць куды менш працы. Хтосьці будзе зноў шукаць работу за межамі краіны.

— Выйсце — у даступных крэдытах і новых формах падтрымкі грамадзян. Сёння жыхары нашай краіны не з'яўляюцца настолькі плацежаздольнымі, каб з заробку адкладваць частку грошай на будаўніцтва ці куплю жылля. Таму трэба, каб крэдыты сталі больш даступнымі для людзей. Тады, магчыма, у большай колькасці беларусаў з'явіцца шанц палепшыць сабе жыллёвыя ўмовы, а ў нас — праца, і не толькі ў нас — будаўнікоў, але і ў іншых галінах эканомікі. Мы памятаем знакамітую фразу: будаўніцтва — гэта лакаматыў эканомікі.

Цяпер Ірына Шабулдаева сустракаецца з калегамі і ім расказвае пра праблемы, паднятыя на народным сходзе, і рашэнні, там прынятыя:

— Мне прыемна, што Прэзідэнт адрэагаваў і падкрэсліў, што моладзь павінна непасрэдна праходзіць практыку на сваіх працоўных месцах. Ён сказаў, што ўрад прыкладзе намаганні, каб паменшыць кошт квадратнага метра жылля, прыраўняць яго да ўзроўню сярэдняга заробку па краіне. Галоўнае — што маё выступленне пачулі і зрабілі пэўныя вынікі. Я ўжо атрымала адказы на некаторыя свае пытанні і спадзяюся, што гэтыя праблемы будуць вырашаны. Тады я буду задаволена.

іost@zvіazda.by

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?