Вы тут

Мабільная гісторыя вызвалення


У Дзень Незалежнасці сталіца акунулася ў святочную атмасферу. Ва ўсіх раёнах Мінска праходзілі ўрачыстыя мерапрыемствы. На радасны настрой мінчан у 25-годдзе незалежнасці Беларусі не паўплывалі ні спякота, ні праліўны дождж. Увесь горад насыціўся духам народных гулянняў на канцэртах, кірмашах і спартыўна-забаўляльных шоу. А ў Дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў гэты дзень адкрыўся адмысловы праект — мабільная экспазіцыя пад назвай «Вызваленне Беларусі. Верасень 1943 г. — ліпень 1944 г.».


Праект рэалізаваны сумесна з Пасольствам Кітая ў Беларусі пры фінансавай падтрымцы кітайскай кампаніі. Музей, што змясціўся на 30 квадратных метрах перасоўнага паўпрычэпа, здольны зрабіць даступнай гераічную гісторыю беларускага народа для ахвотных у многіх гарадах краіны.

Як адзначыў падчас урачыстай цырымоніі адкрыцця перасоўнай экспазіцыі намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Бузоўскі, гэты праект з'яўляецца доказам таго, што Беларусь і Кітай не толькі выбудоўваюць свае адносіны ў эканамічнай плоскасці, але і ўзбагачаюць адзін аднаго культурай. Ігар Бузоўскі лічыць, што гэты знакавы праект будзе нагадваць беларусам, наколькі важнай з'яўляецца палітычная, эканамічная, культурная і гістарычная незалежнасць для краіны. «Дзякуючы гэтаму праекту мы зможам лепш захаваць наша гістарычнае мінулае і прымножыць веды моладзі. Усё гэта мае каласальнае значэнне для пабудовы незалежнай дзяржавы», — адзначыў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.

Па словах Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Кітая ў Беларусі Цуй Цыміна, Другая сусветная вайна — гэта агульная памяць Кітая і Беларусі.

«Сёння, праз 72 гады, абодва бакі падымаюць кітайска-беларускае сяброўства да новых вяршыняў. Гэты праект дазволіць шматлікім беларусам азнаёміцца з гісторыяй вайны, якая закранула ўсе народы. У гэтай экспазіцыі ёсць спецыяльны стэнд пад назвай «Вялікі кітайскі народ у Другой сусветнай вайне», і я ўпэўнены, што ён дазволіць усім жыхарам пазнаёміцца з гісторыяй супраціву Кітая», — адзначыў Цуй Цымін.

Прадстаўленая экспазіцыя адлюстроўвае доўгі і нялёгкі шлях воінаў Чырвонай Арміі і беларускіх партызан да вызвалення Беларусі. Таксама да новых пакаленняў яна данясе памяць пра герояў і звычайных людзей, якія абаранялі Радзіму ў перыяд вайны.

Экспазіцыя складаецца з чатырох раздзелаў. Першыя два прысвечаны пачатковаму этапу вызвалення Беларусі і Беларускай стратэгічнай наступальнай аперацыі «Баграціён». Трэці раздзел адлюстроўвае адну з асаблівасцяў аперацыі «Баграціён» — узаемадзеянне часцей і злучэнняў Чырвонай Арміі з партызанскімі фарміраваннямі. У чацвёртым распавядаецца аб трыумфе народа-пераможцы на партызанскім парадзе, які адбыўся 16 ліпеня 1944 года ў вызваленым Мінску. Уся экспазіцыя дапоўнена картамі, газетамі, улёткамі і асабістымі рэчамі ўдзельнікаў вызвалення Беларусі.

У Дзень Незалежнасці нямала жыхароў сталіцы вырашылі наведаць Музей Вялікай Айчыннай вайны. Мінчук Дзмітрый лічыць, што гэта вельмі важнае для ўсёй краіны свята, бо менавіта 3 ліпеня беларускі народ здзейсніў вялікі подзвіг і вызваліў Мінск ад нямецка-фашысцкіх акупантаў. Ён расказаў, што яго дзед быў партызанам, удзельнічаў у падпольнай дзейнасці ў Мінскай вобласці. Каб ушанаваць яго памяць, вырашыў пачаць святкаванне з паходу ў музей. Успамінае, што калісьці і яго таксама вадзілі ў музей яго бацькі. Выконваючы традыцыю, узяў з сабой сюды і сваіх дзяцей.

Сярод тых наведвальнікаў музея, хто аднымі з першых убачылі перасоўную экспазіцыю, не толькі мінчане, але і госці сталіцы. Валянціна Сяргееўна з Санкт-Пецярбурга прыехала да сваёй сястры Людмілы Пятроўны, каб даведацца болей пра Мінск і такое знамянальнае для ўсіх беларусаў свята. Вырашылі пачаць знаёмства менавіта з гісторыі перамогі беларускага народа. А ў Людмілы Пятроўны свята асацыюецца са словам «свабода», бо за гады Вялікай Айчыннай вайны ўся яе сям'я зведала нямала: памятае яна і пасляваенную разруху, і тое, як аднаўляўся ў тыя гады Мінск.

Юрый з Ніжняга Ноўгарада са сваёй сям'ёй сабраўся ў беларускую сталіцу падчас адпачынку і прыехаў акурат у Дзень Незалежнасці. Таму пытанняў з экскурсійнай праграмай у яго не ўзнікла — вырашыў наведаць парад і музей Вялікай Айчыннай вайны, пра які чуў шмат добрых водгукаў. Музей яму вельмі спадабаўся. Ён быў здзіўлены сабраным тут вялізным аб'ёмам інфармацыі і афармленнем экспазіцыі. Таксама прыемным сюрпрызам стала наведанне перасоўнага музея, які здзівіў яго не менш, бо падобнага праекта ён яшчэ нідзе не бачыў.

krуzhеvісh@zvіаzdа.bу

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?