Вы тут

Як працуе студыя дакументальнага кіно «Летапіс»


Дакументалісты імкнуцца, каб кінагісторыя Беларусі не сышла ў Лету.

Іх яднае не толькі запіс у працоўнай кнізе: студыя дакументальнага кіно «Летапіс» Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм». Насамрэч штат гэтай студыі не вельмі вялікі цяпер, шмат хто з цудоўных прафесіяналаў апынуўся «за кадрам» (па-за штатам), але яны гатовыя здымаць дакументальнае кіно — толькі б паклікалі. У гэтым імкненні з імі супадаюць штатныя супрацоўнікі: вельмі хочуць здымаць кіно. І дзівяцца, калі не знаходзяць разумення. Хоць здавалася б — чаму? Дзяржава вельмі зацікаўлена ў развіцці нацыянальнага кінематографа, сумы выдаткаваных сродкаў прапісаны і на гэты год, у тым ліку прадугледжана фінансаванне студыі «Летапіс»...


«Кожны кадр, які мы знялі сёння, заўтра ўжо гісторыя».

— Дзяржава разумее важнасць дакументальнага кіно і кінематаграфіі наогул. Таму з'явілася стратэгія развіцця кінематаграфіі на 2015—2020 гады, — адзначае дырэктар студыі «Летапіс» Аксана Эйхард. — Паводле стратэгіі ў 2016 годзе запланавана 35 фільмаў, 40 — у 17-м, 45 — у 18-м, 50 — у 19-м, 60 — у 20-м. Бюджэт прадугледжвае сродкі на іх (сёлета гаворка пра суму ў 6 800 000 рублёў). Кінематаграфія можа іх атрымаць на падставе правядзення рэспубліканскага конкурсу. Першы конкурс прайшоў у 2011 годзе, затым у 2012-м і нам спадабалася: мы прадставілі 36 тэм, з якіх выбірала камісія. Але далей у 2013-м і 2014-м гадах конкурс не праводзіўся. У 2015 годзе конкурс абвясцілі на зададзеныя тэмы: Галіна Адамовіч зняла «Беларусь. Дакументальная гісторыя», Віктар Аслюк «Педагагічную паэму», гэта поўнаметражныя карціны. А сёлета конкурс яшчэ не абвешчаны, пры тым, што прайшла палова года, мы маглі б ужо здымаць...

Жаданне не тое, каб абгрунтаванае, а наогул натуральнае для прафесіяналаў, якія хочуць творча рэалізавацца і дзяліцца вынікамі сваёй творчасці з людзьмі. Насамрэч дакументальнае кіно для ўсіх (нездарма яно сёння ў свеце перажывае ўздым і ўсплёск цікавасці): яно паказвае зрэз часу, імкнецца ўгледзецца ў людзей, адчуць тое, што ў іх вельмі глыбока. Што адчувалі гледачы за мяжой, якіх дзівілі высокамастацкія стужкі беларускіх кінадакументалістаў, за што і адзначалі іх прызамі міжнародных кінафестываляў.

Нашы дакументалісты мараць пра аўтарскае дакументальнае кіно, але імкнуцца прыстасавацца да рэчаіснасці, хапаючыся за любую магчымасць проста здымаць. Пазбягаць творчых прастояў у адсутнасці конкурсу дапамагалі кароткаметражныя фільмы даўжынёй 12 хвілін 59 секунд (каб не ўпісацца ў фармат конкурсных, якія пачынаюцца да 12 хвілін), якія здымаліся некалькі апошніх гадоў. У кінамастацтва іх упісаць немагчыма, гэта хутчэй утылітарнае кіно, якое таксама можа быць запатрабаваным, як і фільмы да юбілейных дат, свят, ці хроніка — у сучаснага дакументальнага кіно вельмі шмат абліччаў. І так, яно можа расказваць чалавечыя гісторыі, кранаючы гледача нават больш, чым калі яны сыграныя акцёрамі: менавіта з-за моцнага пагружэння ў рэчаіснасць.

— Наша асноўная задача — паказваць людзей на сучасным этапе, адлюстроўваць тое, што іх хвалюе, што яны перажываюць, — гаворыць Віктар Аслюк, мастацкі кіраўнік студыі «Летапіс», член Еўрапейскай кінаакадэміі і ўладальнік прызоў прэстыжных міжнародных фестываляў. — У дакументальным кіно, як наогул у кінамастацтве, у аснове ляжыць драма, часам нават крайняя драма — каб паказаць чалавека з унікальнай гісторыяй. Аўтар як даследчык жыцця выбірае тэму, якая яго хвалюе, і прапануе свой погляд, стыль. Тады ён здолее зняць такое кіно, якое скалыхне гледача. У нас, на жаль, у шырокіх глядацкіх колаў няма разумення кінадакументалістыкі як віду мастацтва.

Рэжысёры гэта тлумачаць тым, што часткова яшчэ з савецкіх часоў існуе меркаванне пра дакументалістыку, як нібыта зробленую па замове, калі трэба падаць справаздачу пра нешта ці задаволіць нейкія патрэбы. У нас у рамках дзяржаўнай студыі (як заказ ад дзяржавы) немагчыма адысці цалкам ад такога кіно (яно як правіла не прапаноўвае новых тэм і не прадугледжвае пошуку з боку мастакоў), але яно не павінна падмяняць сабой усю кінадакументалістыку, асабліва, калі ў краіне склалася ўласная школа, ёсць рэжысёры, якіх можна смела называць Майстрамі.

— На мой погляд альтэрнатывы ў беларускім нацыянальным кіно з боку ігравога кіно няма, прынамсі, цяпер, — адзначае Віктар Аслюк. — Нацыянальная студыя «Беларусьфільм» — адна з найбуйнейшых у Еўропе — выпускае некалькі серыялаў і адзінкі поўнаметражных ігравых фільмаў. І што тады нацыянальнае кіно ў Беларусі, калі не здымаць дакументальнае кіно? Гэта рэальны шлях застацца кінавытворчай краінай. Насамрэч у такой краіне, як наша, можна выпускаць дзясяткі, нават сотні дакументальных фільмаў у год. Такія краіны існуюць, дзе дакументальнае кіно — асноўнае: Данія, Фінляндыя, Галандыя. Пры тым, што выпускаецца дастаткова ігравых фільмаў, але асновай нацыянальнай кінематаграфіі з'яўляецца кінадакументалістыка.

Студыя «Летапіс» доўгі час (а ёй хутка 50 гадоў) задавала тон у гэтым відзе мастацтва, пры тым, што былі і іншыя вытворчыя арганізацыі. І сёння, напэўна, можна знайсці альтэрнатыўныя шляхі, каб здымаць кіно. Але калі ёсць дзяржаўная студыя (значыць, у інтарэсах краіны, у тым ліку культурных і мастацкіх), калі выдаткоўваюцца сродкі на кіно, то лагічна падумаць пра механізм: як іх укласці ў працэс, каб ён быў адчувальны, плённы і з'яўляліся фільмы, істотныя для краіны. Кінапрацэс важны, калі мы хочам называцца кінематаграфічнай краінай — не дзеля пафасу, а па сутнасці. І асабліва ў сітуацыі, калі ёсць неабходнасць лічыць грошы, выйсцем можа быць дакументальнае кіно: на яго вытворчасць грошай патрабуецца значна меней, чым на ігравыя фільмы, і дакументальных фільмаў можа здымацца значна больш. Памятаюць супрацоўнікі «Беларусьфільма» гады, калі дакументальных стужак выпускалася і па 80 у год.

Азіраючыся на тыя часы, супрацоўнікі «Летапісу» не столькі настальгіруюць, колькі імкнуцца адказаць на пытанне: можа штосьці з той сістэмы магло б быць рэшэннем сёння? Конкурс — добрая з'ява, якая шмат у якіх краінах праверана жыццём. Але аднаго дэкларавання, што конкурс праходзіць, мала, на яго працуе адладжаная сістэма, дзе ўсё прадумана: ад намінацый да камісіі, якая вызначае прыярытэты, дзе ўсё празрыста і пад увагай найперш мастацкі бок справы. Таму што колькі фільмаў, якія здаюцца патрэбнымі, потым пражываюць зусім кароткае жыццё і займаюць месца на паліцах. І чамусьці жывучыя бываюць старыя фільмы, якія хочацца пераглядаць праз 100 ці 50 гадоў: гэта мастацтва! Таму на студыі ў цяперашніх умовах прапануюць вярнуцца да мэтавага фінансавання праектаў, тэмы якіх вызначаў бы мастацкі савет, а зацвярджала б міністэрства. Ці шукаць варыянты, як і хто мог бы падтрымаць наша кіно. Вось удалося нейкім чынам знайсці спонсараў і мецэнатаў для буйных праектаў Вялікага тэатра, фестываляў (нават акадэмічнай музыкі!), мастацкіх выстаў. Магчымыя варыянты, але над імі трэба працаваць менеджарам і прадзюсарам кінастудыі. Сёння гэта вялікае дзяржаўнае прадпрыемства не выкарыстоўвае нават той патэнцыял, які б дазволіў выпускаць творчую прадукцыю (кіно) для краіны рэгулярна штогод.

Разважае рэдактар студыі «Летапіс» Уладзімір Мароз, які 35 гадоў аддаў дакументальнаму кіно:

— Не важна, якое гэта кіно — ці на заказ, ці асабістае. А што, сёння гісторыя краіне не патрэбна? Асабліва цяпер, калі гавораць пра культурную бяспеку. А калі паўгода гісторыі няма (мы нічога не здымаем), то потым ніхто не знойдзе ніводнага кадра з гэтага часу. Другі аспект — колькасны. Каб гаварыць пра паўнавартасны працэс, трэба ў год не менш як 30 адзінак — і будуць фільмы патрэбныя, аўтарскія і фестывальныя. Калі ёсць колькасць, тады з яе вырастаюць плыні, што дазваляе гаварыць: дакументальнае кіно існуе. Дакументальнае кіно (як і кіно ўвогуле) — адзін са складнікаў іміджу дзяржавы.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».