Вы тут

Партрэты вядомых мінчан выстаўлены ў цэнтры Мінска


Плошча Свабоды, «Свабодны музей», свабоднае наведванне. Выстава дваццаці партрэтаў вядомых суайчыннікаў з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея шчыльна звязана са словам «свабода» і працуе з ім па ўсіх кірунках. Экспазіцыя становіцца чарговым праектам гарадской культуры (што апошнім часам набірае абароты), часткай урбаністычнага пейзажу, які ад яе прысутнасці толькі выйграе. У сховішчах мастацкага музея захоўваецца каля трыццаці тысяч экспанатаў, у яго залах наведвальнікам выстаўлена толькі каля шасці працэнтаў ад усяго багацця. А праект «Свабодны музей: гарадскія легенды» выступае магчымасцю павялічыць апошні паказчык і паказаць нават тое, што не аказвалася навідавоку.


Як кажа генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў, у выставу можна было б уключыць і сотню тых партрэтаў, але ж плошча Свабоды маленькая. Трэба сказаць, што вядомыя людзі тут не толькі на ўласна партрэтах, але і на месцы іх аўтараў. На экспазіцыі можна ўбачыць дырыжора Рыгора Шырму і акадэміка Пятра Альсміка, напісаных Уладзімірам Стэльмашонкам, этнографа Міхася Раманюка на карціне Уладзіміра Тоўсціка, партрэт Стэфаніі Станюты ад бацькі Міхаіла Станюты. Леанід Шчамялёў выстаўлены тут з партрэтам мастацтвазнаўцы і былога дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея Алены Аладавай. На палотнах паказаны таксама балерына Людміла Бржазоўская, неўрапатолаг Данііл Маркаў, скульптар і мастак Анатоль Анікейчык і іншыя героі свайго часу.

«Выстава паказвае самых розных людзей, якіх мы, магчыма, незаслужана забылі, але павінны пра іх памятаць, — кажа генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў. — Сёння музей актыўна выходзіць за свае сцены, што мае вялікія перспектыву і будучыню. Нам важна актыўна папулярызаваць беларускае мастацтва і ў розных фарматах і варыянтах паказваць нашы калекцыі».

Зрэшты, палотны ў белых рамах у суправаджэнні пісьмовых расказаў аб іх героях, што выстаўлены каля Ратушы, — усё ж не арыгіналы (а яны ў надзейным месцы, у тым ліку ў пастаяннай экспазіцыі Нацмузея), а рэпрадукцыі.

Партрэт Стэфаніі Станюты 1923 года

«Мы нясём некалькі місій, — каментуе адкрыццё выставы арганізатар праекта і кіраўнік агенцтва «Культпрасвет» Уладзімір Бабко. — Некаторыя з гэтых работ не выстаўляліся ў залах музея, і мы хацелі паказаць, што ў краіне шмат экспанатаў гісторыка-культурнай спадчыны, якімі варта ганарыцца, што нам ёсць што паказаць грамадзянам і нашым гасцям. Таксама мы шукаем новыя фарматы і спрабуем уцягваць у папулярызацыю культуры нашых аднадумцаў».

Гэтым разам аднадумцамі аказаліся агенцтва «Культпрасвет» і Нацмузей пры падтрымцы Мінгарвыканкама і генеральнага партнёра — ААТ «Лідскае піва». Дарэчы, выбар жанру выставы часткова звязаны з запаветам заснавальніка «Лідскага піва» Носеля Пупко — «Поспех прыходзіць да тых, хто гатовы да яго імкнуцца». Кожны з герояў экспазіцыі «Свабодны музей: гарадскія легенды» становіцца прыкладам поспеху ў сваёй сферы, а агулам гэта стварае падставу для гонару за беларускую культуру, навуку, медыцыну, спорт і іншыя сферы.

Экспазіцыю ў цэнтры Мінска можна паглядзець да канца верасня, арганізатары чакаюць, што колькасць наведвальнікаў будзе больш за мільён. Музей і сапраўды выходзіць за свае сцены і робіць гэта даволі эфектна.

Загаловак у газеце: Гарадскія легенды

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.