Вы тут

Як аднавіць некалі шматлікую беларускую папуляцыю сёмгі і кумжы?


Ласасёвыя з'яўляюцца адной з самых каштоўных парод рыб, на спажывецкім рынку яны маюць высокі кошт, гэта рыба — аснова шматлікіх далікатэсаў, яе ікра — любімы ласунак гурманаў. Але для Беларусі прадстаўнікі гэтага сямейства — далёка не прадметы здабычы. Стронга і харыус, якія насяляюць нашы вадаёмы, а таксама кумжа і ёмга, што прыплываюць сюды на нераст, некалькі дзесяцігоддзяў былі і застаюцца «жыхарамі» Чырвонай кнігі, і аднаўленне іх колькасці з'яўляецца важнай дзяржаўнай задачай.

Пра тое, з якімі праблемамі ў Беларусі сутыкаюцца марскія прадстаўнікі ласасёвых рыб — атлантычны (балтыйскі) ласось, ці сёмга, і кумжа, — расказалі навукоўцы і прыродаахоўнікі.


Вялікая выратавальніца

Яшчэ на пачатку ХХ стагоддзя сёмга і кумжа даволі часта сустракаліся ў Заходняй Дзвіне, Нёмане і іх прытоках. Па гэтых рэках рыба паднімалася з Балтыйскага мора, каб пакінуць у ручаях і рачулках Беларусі сваё патомства. Але з 1950-х гадоў асноўныя шляхі нерасту ласасёвых заступілі магутныя плаціны, пабудаваныя на гэтых рэках, і колькасць відаў рыб стала імкліва скарачацца.

Адзіным маршрутам, па якім штогод дзясяткі марскіх рыб дасягаюць нашай краіны, застаецца самы буйны прыток Нёмана — Вілія. Сёмга і кумжа заходзяць на нераст у яе невялікія незарэгуляваныя прытокі: Газоўку, Сенканку, Дудку, а таксама ў буйныя ручаі Тартак, Петрапольскі і інш. Усе яны знаходзяцца ў Астравецкім раёне Гродзенскай вобласці. Нерасцілішчы адзначаюцца і ў самой Віліі ў месцах упадзення ў яе ракі Сенканкі і ручая Тартак. Некаторыя асобіны заходзяць у нізоўі ракі Страча.

Нараджэнне легенды

— Для нерасту рыбы неабходна выкананне некалькіх умоў, — адзначае навуковы супрацоўнік лабараторыі іхтыялогіі Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па біярэсурсах Міхаіл Плюта. — Гэта, перш за ўсё, прыдатная тэмпература вады (+4° С для кумжы і да +8° С для ласося), хуткасць цячэння каля 1 м/с — струмень вады павінен абавязкова праходзіць праз нераставы грудок (гняздо). Для яго будаўніцтва кумжа і ласось выкарыстоўваюць жвір і гальку. Па нераставых грудах іхтыёлагі і вызначаюць колькасць рыбы.

Па словах навукоўца, увогуле ў Кемяліну, Сенканку, Дудку і Тартак заходзіць на нераст каля 200 асобін кумжы.

Перад нераставаннем ікры самка ласося ачышчае нераставы субстрат ад смецця і абрастанняў. Затым выкопвае ямку і выкідае частку ікры, якую апладняюць самцы. Пасля гэтага рыба засыпае ямку галькай, утвараючы нераставае гняздо.

Лічынка з'яўляецца з грудка ў канцы сакавіка — пачатку красавіка, яшчэ месяц харчуецца ў «доме», а ў пачатку мая пакідае яго.

Падрастаючы, рыбкі пачынаюць размяркоўвацца па вадацёку і прыкладна два месяцы жывуць у прэснай вадзе, паступова скочваючыся ў больш глыбокія месцы.

На трэці год ласосі па Віліі сыходзяць у мора, змяніўшы пры гэтым афарбоўку з пярэстай на серабрыстую. У моры рыбы жывуць каля двух-трох гадоў і, дасягнуўшы неабходных памераў (кумжа — 2-3 кг і вышэй, ласось — ад 5 кг), вяртаюцца ў родную раку (гэту з'яву называюць «хомінг»).

У Віліі і яе прытоках рыбы з'яўляюцца з сярэдзіны кастрычніка, а сам працэс нерасту доўжыцца з канца лістапада да канца снежня. Менавіта гэты перыяд — самы напружаны для тых, хто займаецца выратаваннем кумжы і сёмгі ў Беларусі. Бо на шляху да нерасцілішчаў рыбу падсцерагае мноства перашкод.

Незаконная рыбалка

З праблемай браканьерства прыродаахоўнікі сутыкнуліся ў 2008 годзе, калі заняліся вывучэннем месцаў рассялення каштоўных рыб.

— Мы ведалі пра некалькі невялікіх нераставых ручаёў, куды заходзіла каля 15 асобін кумжы, — расказвае сакаардынатар праекта «Захаванне прахадных балтыйскіх ласосяў у Беларусі» Юрый Болтуць. — Але з-за браканьераў там не выжывала ніводная з іх. Калі было арганізавана штогадовае восеньскае патруляванне — пачалі дзейнічаць валанцёрскія лагеры, да працэсу далучыліся супрацоўнікі мясцовай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету і пагранічнікі, — колькасць выпадкаў «палявання» на рыб скарацілася.

Для інфармавання мясцовага насельніцтва пра важнасць захавання рыб удзельнікі праекта распрацоўваюць лістоўкі і сацыяльныя ролікі, усталёўваюць інфармацыйныя шчыты. Неўзабаве да гэтага павінны дадацца і сродкі фотавідэафіксацыі для выяўлення парушальнікаў на ўчастках нераставых вадацёкаў.

Адбор узораў бентаса на рацэ Сенканка  з удзелам літоўскіх навукоўцаў.

Ворагі сярод жывёл

Не толькі чалавек сёння ўплывае на папуляцыю прахадных ласосяў. Так, выдры не супраць паласавацца смачнай рыбкай. А бабры перакрываюць доступ да патэнцыйных нерасцілішчаў сваімі плацінамі.

Яшчэ некалькі стагоддзяў назад, калі арэал распаўсюджвання атлантычных ласосяў быў значна шырэйшы, а на баброў часта вялося паляванне, іх плаціны не заміналі руху рыбы. Але сёння гэтыя жывёлы распаўсюдзіліся па тэрыторыі краіны, і з-за іх шматлікіх гацяў ласосі не трапляюць на нерасцілішчы. Акрамя таго, заглейваюцца вадацёкі, і рыба не знаходзіць месца для нерасту.

Для рашэння гэтай праблемы эколагі сумесна з Беларускім таварыствам паляўнічых і рыбаловаў і пры падтрымцы Мінпрыроды ў верасні бягучага года, з пачаткам сезона палявання, плануюць заняцца ачысткай рэк ад бабровых плацін у Астравецкім раёне.

Штучныя перашкоды

Сёння на Нёмане шлях атлантычным ласосям заступаюць Каўнаская (Літва) і Гродзенская (Беларусь) гідраэлектрастанцыі, не абсталяваныя рыбапрапускнымі збудаваннямі. З пачаткам будаўніцтва каскада ГЭС у Латвіі стала недаступнай для праходу ласасёвых і значная частка Заходняй Дзвіны.

Сур'ёзнай перашкодай для раўнамернага рассялення і прасоўвання марскіх рыб углыб краіны з'яўляюцца і плаціны, пабудаваныя на прытоках Віліі Ашмянцы і Страчы — рэках, якія патэнцыйна падыходзяць для гнездавання сёмгі і кумжы.

За рэканструкцыю рыбапрапускных збудаванняў на Страчы выступілі навукоўцы і абаронцы прыроды, іх падтрымала і Мінпрыроды. На гэтай рацэ неабходна таксама вырашыць і праблему эўтрафікацыі (пагаршэння якасці вады з-за залішняга паступлення арганічных і мінеральных рэчываў) вытоку ракі — возера Швакшты, падкрэслівае Юрый Болтуць.

Экалагічныя пытанні ўзнікаюць і на Ашмянцы. Перыядычна на рацэ адбываюцца заморы рыбы з-за скідвання сцёкавых вод з ачышчальных збудаванняў мясцовай ЖКГ і прамысловых прадпрыемстваў г. Ашмяны. Таму, на думку эколагаў, перш чым абмяркоўваць магчымае будаўніцтва тут рыбапрапускных збудаванняў, неабходна ўстараніць усе крыніцы забруджвання ракі і даць ёй аднавіцца.

На ручаі Тартак перашкоду нерасту ўдзельнікі праекта па захаванні балтыйскіх ласосяў і валанцёры знялі ўласнымі сіламі. Трубы, у якія пушчаны адзін з участкаў ручая, заміналі рыбе рухацца ўверх па цячэнні. Таму ў 2015 годзе актывісты пабудавалі дзве каменныя дамбы — гэта дапамагло падняць узровень вады ў ручаі, адкрыць рыбе праход і тым самым выратаваць ад перанасялення і разбурэння гнёздаў ніжнія нерасцілішчы Тартака.

Наогул за гады дзеяння праекта ў ручаі Тартак у разы павялічылася папуляцыя кумжы. Калі ў 2008 годзе сюды заходзіла каля 15 асобін марской стронгі, то ў 2013-м нераставала ўжо каля 100 асобін.

Ад знікнення выратуе... зарыбленне

Паралельна з патруляваннем удзельнікі праекта разам з іхтыёлагамі НАН Беларусі і іх калегамі з Літвы праводзяць даследаванні нераставых вадацёкаў.

— Мы зрабілі поўнае апісанне рэк Астравецкага раёна па кармавой базе, саставе вады, прыдатнасці для нерасту і інш., закартаграфавалі і адзначылі на GPS усе нераставыя прытокі і ўчасткі, бабровыя плаціны, масты, лакальныя звалкі, — гаворыць Юрый Болтуць. — Сёлета плануем працягнуць гэту работу вышэй па Віліі, на прытоках Нарачанцы, Ашмянцы і інш. Атрыманыя звесткі дапамогуць зразумець, наколькі эфектыўна ідзе нераст у нашых рэках, якія праблемы неабходна вырашыць для аднаўлення патоку марскіх рыб у Беларусь.

Але любыя ахоўныя і стымуляцыйныя дзеянні немагчымыя без пацвярджэння факта — ласасёвыя рыбы сапраўды актыўна вяртаюцца ў Беларусь на нераст. І калі ў тым, што колькасць кумжы ў вадаёмах сёння дастатковая для стабільнага прыросту папуляцыі спецыялісты не сумняваюцца, то з сёмгай сітуацыя іншая. Рыбакі часта расказваюць пра сустрэчы з балтыйскім ласосем. Але даныя шматгадовага маніторынгу не цешаць: экзэмпляры адзінкавыя, і пакуль нельга з упэўненасцю сказаць, што сёмга заходзіць у беларускія рэкі. Для разумення сітуацыі неабходна старанна даследаваць вадацёкі, а для гэтага патрэбныя рэсурсы — як людскія, так і фінансавыя.

Адным з магчымых рашэнняў праблемы навукоўцы і прыродаабаронцы бачаць зарыбленне прытокаў Віліі сёмгай. Плануецца адкрыць дабрачынны рахунак па зборы сродкаў на рэалізацыю праекта.

Зарыбленне неабходна праводзіць на працягу чатырох гадоў вялікай колькасцю рыбапасадачнага матэрыялу. Малькоў сёмгі плануецца закупіць на Жэймянскім рыбаразводным заводзе, размешчаным на адным з прытокаў Віліі (Літва), і выпусціць іх у Беларусі.

— Вельмі важна выкарыстоўваць ласосяў менавіта з Віліі, бо менавіта прадстаўнікі гэтай папуляцыі прыходзяць у нашу краіну, а значыць, могуць вярнуцца сюды праз тры гады, — падкрэслівае Юрый Болтуць. — Рыбы з нараджэння запамінаюць хімічны састаў вады і іншыя характарыстыкі, па якіх яны ў моры і вызначаюць дарогу дахаты.

Калі на працягу чатырох гадоў будзе заўважаны прырост папуляцыі, спецыялісты пачнуць працаваць над павелічэннем колькасці сёмгі, у тым ліку праз выкарыстанне рыб, якія вяртаюцца ў Беларусь, для штучнай гадоўлі. Патрэбныя будуць і меры па захаванні і паляпшэнні месцаў нерасту і пражывання: будаўніцтва рыбаходаў, распрацоўка дзяржпраграмы і, магчыма, наданне нераставым вадацёкам спецыяльнага статусу і інш.

Але вырашыць гэтыя праблемы немагчыма без супрацоўніцтва розных арганізацый і ведамстваў. Менавіта сумесная рэалізацыя дзяржаўных і грамадскіх ініцыятыў павінна даць імпульс для прыросту і паляпшэння дабрабыту папуляцый прахадных ласосяў у нашых рэках.

— У апошні час пры актыўнай падтрымцы грамадскасці прымаюцца меры па захаванні ласося атлантычнага (сёмгі) і кумжы звычайнай на тэрыторыі нашай краіны, — адзначае начальнік упраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Мінпрыроды Наталля Мінчанка. — У снежні 2008 года міністэрства зацвердзіла план мерапрыемстваў па захаванні гэтых відаў на тэрыторыі Астравецкага раёна Гродзенскай вобласці (абноўлены ў 2010 годзе). У адпаведнасці з ім, па заказе Мінпрыроды Цэнтральным навукова-даследчым інстытутам комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў была выканана навукова-даследчая работа па ацэнцы антрапагеннага ўздзеяння на трансгранічныя вадацёкі, якія з'яўляюцца прахаднымі для ласасёвых рыб, і распрацоўцы рэкамендацый па мінімізацыі адмоўнага ўздзеяння на папуляцыі каштоўных відаў рыб. На яе аснове быў прыняты шэраг нарматыўных дакументаў і планаў мерапрыемстваў па захаванні ласасёвых у нашай краіне.

Вераніка Коласава

kolasava@zviazda.by

Загаловак у газеце: Плысці супраць цячэння

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Галiна Левіна: Помнiк — не канструктар i не чарцёж, яго трэба перажыць, выпакутаваць

Галiна Левіна: Помнiк — не канструктар i не чарцёж, яго трэба перажыць, выпакутаваць

У архiтэктара Галiны Левiнай — Хатынь, творчая спадчына яе бацькi.

Грамадства

Прэмiя прыгажосцi. Дзеля чаго людзi кладуцца пад нож пластычнага хiрурга?

Прэмiя прыгажосцi. Дзеля чаго людзi кладуцца пад нож пластычнага хiрурга?

Як сведчаць шматлiкiя даследаваннi, прывабным людзям прасцей прабiцца ў жыццi i яны дасягаюць у кар'еры большага поспеху. 

У свеце

Як Еўропа аднаўляецца ад кавiднага ўдару?

Як Еўропа аднаўляецца ад кавiднага ўдару?

Сёлета еўрапейская эканомiка будзе перажываць глыбокую рэцэсiю з-за ўспышкi каранавiруса, нягледзячы на хуткiя i ўсёабдымныя антыкрызiсныя меры як на саюзным, так i на нацыянальным узроўнi.

Эканоміка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

2020 год паставіў усіх нас перад неабходнасцю дакладна планаваць свае выдаткі.