Вы тут

«Зялёная» эканоміка — новая жыццёвая і палітычная філасофія


Экалагізацыя эканомікі дапамагае не толькі палепшыць стан навакольнага асяроддзя, але і стварыць новыя працоўныя месцы.

— Беларусь разглядае «зялёную» эканоміку як стратэгічны метад рашэння сістэмных праблем, праблем забеспячэння бяспекі прыродных рэсурсаў, занятасці насельніцтва і ў цэлым канкурэнтаздольнасці, — адзначыла на прэс-канферэнцыі першы намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Ія Малкіна.


Па яе словах, падчас 8-й канферэнцыі міністраў «Навакольнае асяроддзе для Еўропы» краіны-ўдзельніцы заявілі аб нацыянальных добраахвотных ініцыятывах па экалагізацыі эканомік. Свае абавязацельствы агучыла і Беларусь. Стварэнне і развіццё інфраструктуры «зялёнага» грамадскага гарадскога транспарту, прававых асноў па вядзенні арганічнай сельскай гаспадаркі, экалагічнай маркіроўкі, экалагічнай сертыфікацыі сістэмы кіравання навакольным асяроддзем — усе гэтыя і іншыя перспектыўныя кірункі ў якасці базавых увойдуць у Нацыянальны план дзеянняў па ўкараненні прынцыпаў «зялёнай» эканомікі ў галінах народнай гаспадаркі, які плануецца распрацаваць да канца 2016 года. У дакуменце таксама будуць закладзены і асноўныя кірункі падтрымкі прадпрыемстваў, якія пайшлі па шляху экалагізацыі сваёй вытворчасці.

— Мы вывучаем найбольш слабыя месцы ў сельскай гаспадарцы, прамысловасці, транспартнай сістэме, каб ведаць, дзе неабходна дапамога, які кірунак трэба прастымуляваць, — расказала Ія Малкіна. — Пастаўлена пытанне і аб відазмяненні экалагічнага падатку — ён павінен больш стымуляваць вытворцу ўкараняць «зялёныя» тэхналогіі.

Салодкая вада не прападзе

Сёлета кіраўніком дзяржавы была пастаўлена задача на дзяржаўных прадпрыемствах знізіць сабекошт прадукцыі на 25%. Дасягнуць гэтай мэты ў краіне плануюць як праз стварэнне новых рэсурсаэфектыўных вытворчасцяў, так і праз штодзённую працу па зніжэнні выдаткаў.

Як расказаў начальнік галоўнага ўпраўлення аграпрамысловага і ляснога комплексаў, навакольнага асяроддзя Міністэрства эканомікі Дзмітрый Матусевіч, у Беларусі сёння акрамя праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі, якія фінансуюцца Еўрапейскім саюзам, рэалізуецца і праграма «Экалагізацыя эканомікі ў краінах Усходняга партнёрства» (EaP GREEN). Праца па адным з яе кірункаў — «Рэсурсаэфектыўная і чыстая вытворчасць» — дапамагла ААТ «Камунарка» сэканоміць каля 120 тыс. еўра ў год. З дапамогай кансультантаў была выяўлена крыніца скіду салодкай вады, апошнюю вырашылі выкарыстоўваць для вытворчасці мармеладу.

— У выніку мы можам прэзентаваць шакалад з эмблемай праграмы, атрыманы на аснове больш рэсурсаэфектыўнай і чыстай тэхналогіі, — адзначыў Дзмітрый Матусевіч.

Па словах прадстаўніка Мінэканомікі, праграма EaP GREEN, якая закранае дзейнасць не толькі «Камунаркі», а яшчэ некалькіх беларускіх прадпрыемстваў, павінна завяршыцца ў верасні 2016 года, але еўрапейскія партнёры плануюць яе прадоўжыць.

У грамадскасці — важная місія

Летась на конкурс ініцыятыў сярод неўрадавых арганізацый паступіла каля 160 заявак, з якіх сталі пераможцамі і сёння рэалізуюцца 16 ініцыятыў па розных кірунках, у тым ліку экалагічны турызм, захаванне біяразнастайнасці, абыходжанне з адходамі, пашырэнне выкарыстання ўзнаўляльных крыніц энергіі, арганічная сельская гаспадарка і інш. Іх вынікі дапамогуць Мінпрыроды выпрацаваць канчатковы курс развіцця і вызначыць прыярытэтныя кірункі па «азеляненні» эканомікі.

Як заявіла Ія Малкіна, Мінпрыроды актыўна ўзаемадзейнічае з грамадскімі экалагічнымі арганізацыямі і ініцыятыўнымі грамадзянамі. Іх роля ў працэсе ўкаранення прынцыпаў «зялёнай» эканомікі ў жыццё вельмі важная. Асаблівае значэнне першы намеснік міністра надае дзейнасці экаактывістаў па пытаннях горадабудаўніцтва, азелянення тэрыторый, а таксама прыняцця экалагічна значных рашэнняў.

Вераніка Коласава

kolasava@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.