Вы тут

Проста кіравацца літарай інструкцыі


Словы «правільны» і «правілы» аднакарэнныя. Вельмі часта, каб зрабіць усё як след, не трэба штосьці вынаходзіць: дастаткова кіравацца ўжо напісанымі дакументамі. Тым больш што вельмі часта ад гэтага ў прамым сэнсе слоў залежыць як плён пэўных намаганняў, так і, здараецца, наша з вамі бяспека. Пра некаторыя такія выпадкі нам расказалі спецыялісты Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.


Зарыбляць толькі па навуцы

Вядзенне рыбалоўнай гаспадаркі, акрамя непасрэдна вылаву рыбы, патрабуе ад арандатара (карыстальніка) угоддзяў правядзення цэлага шэрагу мерапрыемстваў. Перш за ўсё гэта зарыбленне водных аб'ектаў вырашчанымі ў рыбгасах малькамі. Праводзіцца яно для павышэння прадукцыйнасці вадаёмаў і вадацёкаў, паляпшэння якаснага саставу ўловаў. А часам — для аднаўлення колькасці рэдкіх і знікаючых відаў. У першую чаргу зарыбляюцца тыя вадаёмы, кармавыя рэсурсы якіх выкарыстоўваюцца не цалкам або спажываюцца малакаштоўнымі відамі рыб.

Большая частка рыбалоўных угоддзяў Беларусі — гэта невялікія па плошчы, мелкаводныя і неглыбокія эўтрофныя вадаёмы. Зарыбляюцца яны пераважна такімі відамі, як карп, стракаты таўсталобік, карась, белы амур, шчупак. Узрост пасадачнага матэрыялу (сяголеткі, гадавікі або двухгодкі) вызначаецца асаблівасцямі вадаёма, а таксама з улікам верагоднасці ўзнікнення тут заморных з'яў.

Ці прыжывецца рыба, залежыць ад шматлікіх фактараў. У першую чаргу, ад якасці самога пасадачнага матэрыялу, а таксама ад кармавой базы і ступені ўздзеяння абарыгенных рыб (драпежніцтва, канкурэнцыі). Такі паказчык, як прамысловы зварот, дапамагае разлічыць, колькі рыбы трэба ўсяліць, каб потым атрымліваць жаданыя ўловы.

Напрыклад, вядома, што прамысловы зварот ад пасадкі шчупакоў-сяголеткаў складае ў сярэднім 15 працэнтаў, гэта значыць, з 100 уселеных рыб да дарослага стану дарастуць каля 15 асобін. У той жа час калі зарыбіць вадаём шчупаком на стадыі лічынкі, прамысловы зварот будзе ўсяго 1-4 працэнты.

Зарыбленне павінна праводзіцца згодна з рыбаводна-біялагічным (або біялагічным) абгрунтаваннем, якое распрацоўваецца для кожнага канкрэтнага воднага аб'екта, зыходзячы са стану яго экасістэмы. Абавязковае патрабаванне — наяўнасць ветэрынарнага пасведчання на малькоў, якія ўсяляюцца. Яно з'яўляецца свайго роду пашпартам і гарантыяй таго, што рыба клінічна здаровая і ўсяленне яе ў новы вадаём не стане для яго насельнікаў непрыемным сюрпрызам.

Самавольнае зарыбленне водных аб'ектаў забаронена. Парушэнне гэтага патрабавання цягне адміністрацыйную адказнасць у выглядзе штрафу да 20 базавых велічынь, а на юрыдычную асобу — ад 100 да 500 базавых велічынь.

Каб драўніну не канфіскавалі

Парушэнні пры афармленні дакументаў на транспарціроўку драўніны, па сутнасці, з'яўляюцца следствам дзвюх прычын: гэта альбо элементарная нядбайнасць, альбо спроба схаваць незаконныя дзеянні. І тое, і іншае недапушчальна.

Неяк у Крупскім раёне супрацоўнікі Барысаўскай міжрайінспекцыі спынілі машыну з прычэпам, на якой прыватнае прадпрыемства перавозіла 39 кубаметраў дзелавой хвоі — 81 шасціметровае бервяно. Пры гэтым у таварна-транспартнай накладной звесткі аб грузе цалкам адсутнічалі. Не былі ўказаныя ні парода, ні прыналежнасць (дзелавая ці на дровы) драўніны, ні яе кубатура, ні тым больш даўжыня. Усё гэта замяў надпіс: «Лес давальніцкі на распілоўку».

У дачыненні да юрыдычнай асобы быў складзены пратакол па частцы 4 артыкула 12.17 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь, прадукцыя канфіскаваная. Санкцыі прадугледжвалі штраф да 10,5 мільёна рублёў (да дэнамінацыі) з канфіскацыяй тавару.

Быў апісаны і груз, які перавозіўся кіроўцам прыватнага прадпрыемства з Івянца. Аўтамабіль з лесавозным прычэпам спынілі для праверкі ў Старадарожскім раёне дзяржінспектары Любанскай міжрайінспекцыі. У накладной значылася — «Тэхсыравіна 4 см і больш, елка». На самай жа справе ў машыне ляжала 46 хваёвых і 8 яловых бярвенняў даўжынёй па 6 метраў — усяго каля 20 кубаметраў драўніны.

У дадзеным выпадку штраф быў прадугледжаны не толькі прадпрыемству і яго кіроўцу, але і грузаадпраўніку — лясгасу. У дачыненні да юрыдычных асоб распачаты адміністрацыйныя працэсы па частцы 4 артыкула 12.17, у дачыненні да фізасобы — па артыкуле 15.21 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь. Драўніна канфіскаваная.

Дакладнае выкананне правілаў пры афармленні дакументаў на транспарціроўку драўніны істотна палягчае кантроль за яе перамяшчэннем і дазваляе больш эфектыўна выяўляць факты незаконных высечак або крадзяжу лесапрадукцыі. Бо калі накладныя запоўненыя з захаваннем усіх патрабаванняў, а груз адпавядае заяўленаму, інспектару не трэба марнаваць час на высвятленне законнасці грузаперавозкі. У адваротным выпадку разбіральніцтва можа зацягнуцца і, відавочна, справа скончыцца накладаннем штрафу з канфіскацыяй грузу, які перавозіцца.

Чаго лепш ніколі не паўтараць

Аматарскае рыбалоўства пры дапамозе сетак, сеткавых і колючых прылад, а тым больш электралавільных устройстваў у нашай краіне пад забаронай. Нават знаходжанне з забароненымі прыладамі ў рыбалоўных угоддзях і на прылеглай да іх тэрыторыі (да аднаго кіламетра ад берага) караецца штрафам да 30 базавых велічынь.

Згодна з Кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь, ад 20 да 50 базавых могуць спагнаць з парушальнікаў правіл рыбалоўства, калі прычыненая імі шкода не дасягае сумы ў 21 мільён рублёў (да дэнамінацыі). Такім чынам, браканьеры з небагатым уловам або без яго трапляюць пад дзеянне адміністрацыйнага артыкула. Некаторыя з іх, магчыма, лічаць, што абышліся «лёгкім спалохам», і зноў выходзяць на забаронены промысел. У гэты самы момант яны рызыкуюць стаць фігурантамі ўжо крымінальных спраў.

Незаконная здабыча рыбы, здзейсненая на працягу года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання за такое ж парушэнне, караецца значна больш буйнымі штрафамі, папраўчымі работамі на тэрмін да двух гадоў або арыштам. За падобныя парушэнні летась было прыцягнута да крымінальнай адказнасці 60 браканьераў-паўторнікаў, а з пачатку бягучага года — ужо больш за дзясятак. Напрыклад, на затоцы Прыпяці паблізу Турава дзяржінспектары затрымалі двух гараджан, якія рыбачылі сеткамі і з іх дапамогай вылавілі 33 асобіны рыбы. Падчас вядзення адміністрацыйнага працэсу высветлілася, што парушальнікі паўгода таму былі асуджаныя таксама за незаконнае рыбалоўства. Прычым, злавілі іх абодвух мінулы раз на тым жа месцы, дзе і ў гэты. На браканьераў была заведзена крымінальная справа.

Сяргей Расолька

rs@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.