Вы тут

Пра арганічную сельскую гаспадарку


У свеце пад гэты від земляробства адведзена не больш за 1% сельскагаспадарчых угоддзяў, але ў апошнія гады гэты кірунак актыўна развіваецца ўсюды, у тым ліку і ў нашай краіне. Што гэта такое і ці ёсць бар'еры для прасоўвання экалагічна чыстага земляробства?


У еў­ра­пей­скіх кра­мах пад ар­га­ніч­ную пра­дук­цыю  ад­вод­зяць спе­цы­яль­ныя па­ліцы.

У чым розніца паміж традыцыйнай сельскай гаспадаркай і арганічнай?

Арганічная сельская гаспадарка заклікана не шкодзіць навакольнаму асяроддзю. Яе аснова — урадлівасць зямлі. «Арганічныя» фермеры не выкарыстоўваюць хімічныя і сінтэтычныя дабаўкі, угнаенні, прэпараты для аховы раслін ад пустазелля і шкоднікаў. Яны замяняюцца арганічнымі прэпаратамі. Такім чынам, глеба застаецца чыстай ад нітратаў, пестыцыдаў, гербіцыдаў, цяжкіх металаў. У арганічнай сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца замкнёны цыкл: жывёлы атрымліваюць экалагічна чысты корм, а іх прадукты жыццядзейнасці становяцца арганічным угнаеннем.

Ці ёсць у нас сертыфікаваныя «арганічныя» фермеры?

Пад арганічную сельскую гаспадарку ў нашай краіне сертыфікавана больш за 400 га зямель. Многія беларускія гаспадаркі знаходзяцца ў пераходным перыядзе, які звычайна доўжыцца да трох гадоў.

Першым «арганічным» фермерам у Беларусі стаў Ігар Хвашчэўскі: у яго сертыфікаваны 4 га зямлі, яшчэ 20 га знаходзяцца ў працэсе сертыфікацыі. Нядаўна ён прэзентаваў аўстралійскую тэхналогію натуральнага аднаўлення зямлі і аўстрыйскую тэхніку для работы на палях: сеткаватая барана і абганяльны роліка-зорчаты культыватар эфектыўна спраўляюцца з пустазеллем без шкоды для глебы. Тэхніку набылі ў рамках конкурсу «зялёных» ініцыятыў (праект «Садзейнічанне пераходу Рэспублікі Беларусь да «зялёнай» эканомікі», фінансуемы Еўрапейскім саюзам і рэалізуемы Праграмай развіцця ААН у Беларусі).

Аўстралійская тэхналогія дазваляе за тры гады павялічыць урадлівасць глебы. На глыбіню ўносяцца ўгнаенні з карыснымі мікраарганізмамі, высяваецца дзяцеліна белая — яе карані пачынаюць рыхліць глебу. Карані і мікраарганізмы робяць усю справу.

Тэхнікай будуць карыстацца і іншыя фермеры: у хуткім часе Ігар плануе стварыць кааператыў «арганічных» фермераў. Гэта слушнае рашэнне, бо дарагой тэхнікай даводзіцца карыстацца ўсяго некалькі дзён на месяц. Ігар Хвашчэўскі спадзяецца, што аўстралійскую тэхналогію будуць пераймаць і яго аднадумцы.

Сет­ка­ва­тая ба­ра­на і ро­лі­ка-зор­ча­ты куль­ты­ва­тар —  тэх­ні­ка, якая не шко­дзіць гле­бе  і да­зва­ляе эфек­тыў­на спра­віц­ца з пус­та­зел­лем.

Як беларускаму фермеру атрымаць арганічную сертыфікацыю?

Прадукцыя будзе лічыцца арганічнай толькі пры наяўнасці сертыфіката. У нас пакуль няма сертыфікуючых кампаній, таму фермеры звяртаюцца да замежных спецыялістаў. Адна з такіх кампаній — Арганік стандарт (Украіна).

Спачатку фермер запаўняе анкету, падае заяўку з указаннем карты палёў, апісаннем вырошчваемых культур, выкарыстоўваемых тэхналогій, стану глебы. Вызначаецца фармат работы, а пасля, у залежнасці ад асаблівасцяў участка, гаспадарка трапляе ў пераходны перыяд: за гэты час зямля рэгенерыруецца і адпачывае ад «хіміі». Раз у год спецыялісты сертыфікуючай кампаніі праводзяць інспекцыі, якія даводзіцца аплачваць фермеру.

Пасля заканчэння пераходнага перыяду пры ўмове, што ніякіх парушэнняў няма, гаспадар атрымлівае еўрапейскі арганічны сертыфікат. Але на гэтым праверкі не заканчваюцца: арганічнасць давядзецца даказваць кожны год.

Дзе можна набыць арганічную прадукцыю?

Самі фермеры прызнаюцца, што сваю прадукцыю яны рэалізуюць альбо праз інтэрнэт-краму «Эка-Ежа», альбо дзякуючы сарафаннаму радыё. Ігар Хвашчэўскі прадае да 90% арганікі дзякуючы інтэрнэт-краме, але заўважае, што часам пакупнікі знаходзяць яго самі.

Дарэчы, у еўрапейскіх крамах для арганічных прадуктаў адводзяць спецыяльныя палічкі і аддзелы. Цэны на сертыфікаваную арганічную прадукцыю ў некалькі разоў вышэйшыя, чым цэны на прадукты, вырашчаныя традыцыйным спосабам.

Калі з'явіцца закон па арганічнай сельскай гаспадарцы?

Закон мусіць садзейнічаць развіццю ўнутранага рынку, бо, з аднаго боку, фермерам патрэбны «правілы гульні» для вядзення гаспадаркі, а з іншага — пакупнікі патрабуюць пацвярджэння якасці прадуктаў — сертыфікацыі. Сёння на паліцах крам ёсць прадукты пад знакам «бія» ці «арганік», але збольшага гэта псеўдаарганічныя тавары, якія дыскрэдытуюць экалагічныя тавары.

Па словах кіраўніка аддзела сельскагаспадарчай вытворчасці Міністэрства эканомікі Дзмітрыя КЛЕГІ, развіццё арганічнай гаспадаркі мусіць стаць перспектыўным напрамкам для сельскай гаспадаркі. У 2016—2017 гадах плануецца ўвесці заканадаўчы акт аб вытворчасці і абароце арганічнай сельскагаспадарчай прадукцыі. «Мы мяркуем, што гэты дакумент прывядзе да павышэння даходаў сельскіх жыхароў і адпаведна павысіць прэстыжнасць вядзення арганічнай сельскай гаспадаркі», — адзначае суразмоўца.

Беларускі рынак арганічнай прадукцыі знаходзіцца ў самым пачатку свайго развіцця: сёння ён невялікі, а скепсіс сярод грамадзян пакуль стрымлівае продажы. Аднак рост попыту на арганічную прадукцыю ў нашай краіне ўсё ж назіраецца. Таксама ўсё больш фермераў хочуць перавесці сваю гаспадарку з інтэнсіўнай на арганічную. Нядаўна недзяржаўная ўстанова «Цэнтр экалагічных рашэнняў» запусціла бясплатную «Арганік школу» для фермераў, якія хочуць займацца арганічнай сельскай гаспадаркай. Яе ўдзельнікі змогуць атрымаць кансультацыі па развіцці арганічнай сельскай гаспадаркі.

Між іншым...

У ЗША дзейнічае праграма федэральнай падтрымкі «Ведай свайго фермера». Дзякуючы ёй расказваюць пра фермераў, якія вырошчваюць арганічную прадукцыю. У кожным штаце распрацавана праграма для «арганічных» фермераў, іх падтрымліваюць фінансава і інфармацыйна.

radziuk@zviazda.by

Фота Надзеі ДУБОЎСКАЙ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Ён быў аўтарам Маніфеста аб абвяшчэнні Савецкай Беларусі, першым прэм'ер-міністрам рэспублікі, яго двойчы выключалі з партыі, ён мог стаць першым народным паэтам...

Грамадства

Трансфармацыя адукацыі: поўнае паглыбленне... у лічбу

Трансфармацыя адукацыі: поўнае паглыбленне... у лічбу

Ці спросціць «Электронная школа» жыццё педагогам і як гэта адаб'ецца на якасці ведаў?

Грамадства

Прэзідэнт зрабіў кадравыя прызначэнні

Прэзідэнт зрабіў кадравыя прызначэнні

Аляксандр Лукашэнка даў згоду на прызначэнне рэктараў і кіраўнікоў раёнаў і прадпрыемстваў.

Калейдаскоп

Чым здзівіў Беларускі тыдзень моды

Чым здзівіў Беларускі тыдзень моды

Пазнаёміцца з навінкамі ад беларускіх дызайнераў можна было на тыдні моды, які праходзіў у Мінску з 7 да 11 лістапада.