Вы тут

Цэнтры турыстычнага прыцягнення


Летам многія мараць пра тое, каб з'ездзіць куды-небудзь за межы Бацькаўшчыны, убачыць, чым жывуць іншыя краіны, дакрануцца да незнаёмых культур. Але ў той жа час і Беларусь здольная здзівіць арыгінальнымі турыстычнымі маршрутамі. Сакавітае, маляўнічае Палессе, багатая на архітэктурную спадчыну Гарадзеншчына, край мастакоў і іх музаў — Віцебшчына... Куды ж лепш паехаць і як не разгубіцца ў гэтай разнастайнасці?

Каб дапамагчы нашым чытачам зарыентавацца, «Звязда» распачынае новую рубрыку «Гістарычны навігатар», у якой знаўцы беларускіх гістарычных і культурных адметнасцяў будуць раіць, куды лепш паехаць і што варта ўбачыць.


Першы сваімі парадамі дзеліцца гісторык, выпускнік «Нясвіжскай акадэміі», сябра магілёўскага аддзялення «Добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры» Леанід Платоненка:

— Паколькі сам я магіляўчанін, то і іншым хачу параіць наведаць некалькі аб'ектаў, што знаходзяцца ў Магілёўскай вобласці.

Мсціслаў — гэта фактычна беларускі Суздаль, дзе адметныя помнікі даўніны спалучаюцца з велічнасцю прыроды. Праз горад так і не была пракладзена чыгунка (усім вядома, што, калі дзесьці праходзілі рэйкі, месца адразу пачынала актыўна развівацца, расці як прамысловы цэнтр). Таму горад змог захаваць сваю першапачатковую самабытнасць.

Ён знаходзіцца на пэўным рубяжы рускай і заходнееўрапейскай культур — увабраў у сябе архітэктурныя асаблівасці абедзвюх. Варта прыехаць сюды, каб убачыць гэты адметны сінтэз.

Быхаў — гэта адзіны горад у Беларусі, дзе маецца фартыфікацыя XVІІ стагоддзя. Яна земляная, не ў самым добрым стане, аднак усё-такі захавалася. Вядомы многім Быхаўскі замак — толькі частка гэтых магутных умацаванняў.

Быхаў будаваўся па прынцыпах ідэальнага горада эпохі Адраджэння: усе вуліцы, бы промні, радыяльна разыходзіліся ад цэнтра. Акрамя яго, у Беларусі ёсць яшчэ пару «ідэальных гарадоў» — гэта Слуцк, а таксама Нясвіж, пабудаваны па прынцыпах Нябеснага Іерусаліма.

Адзін з вельмі цікавых аб'ектаў, не ўключаных у масавыя турыстычныя маршруты, гэта дварцова-паркавы ансамбль у Жылічах Кіраўскага раёна. Яго ў свой час узвялі буйныя землеўладальнікі Булгакі. У цэнтры вялізнага парку знаходзіцца палац, вытрыманы ў класічных традыцыях пачатку XІX стагоддзя. Ён вылучаецца дакладнасцю планіроўкі, некаторыя пакоі багата аздобленыя.

У адноўленай частцы палаца знаходзіцца музей, у другой вядзецца рэстаўрацыя, якую плануецца завяршыць у 2018 годзе. Сам палац — унікальная пабудова, бо яго амаль не закранула ні рэвалюцыя, ні вайна. Калі б якасна завяршыць у ім усе аднаўленчыя работы, ён не саступаў бы па сваёй прыгажосці палацу Румянцавых і Паскевічаў у Гомелі.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».