Вы тут

300 працоўных месцаў з'явіцца ў Добрушы


На карце Гомельшчыны Добрушскі раён — самы ўсходні. Ён знаходзіцца на скрыжаванні межаў трох краін і адсюль да Бранска бліжэй, чым да Мінска. Дарэчы, побач і Гомель — 20 хвілін на аўтамабілі па добрай трасе. Такое месцазнаходжанне, зразумела ж, прыносіць свае выгоды. Іх маюць на ўвазе ў тым ліку кітайскія інвестары, якія цяпер дабудоўваюць тут вытворчы комплекс па выпуску кардона. Кажуць, ён стане адным з самых буйных у Еўропе. Пра перспектывы развіцця раёна мы гутарым з яго старшынёй Вольгай Мохаравай. За 12 гадоў «уладарніцтва» на гэтай зямлі яна вывучыла кожны яе куток.


— Вольга Фёдараўна, якія перспектывы адкрыюцца для Добрушскага раёна ў сувязі з будаўніцтвам новага прадпрыемства?

— Новы комплекс, генеральным падрадчыкам якога з'яўляецца кітайская карпарацыя «Сюань Юань», пачне выходзіць на праектную магутнасць сёлета паэтапна. Тут будуць выпускаць трохслаёвы мелаваны і немелаваны кардон. Інвестыцыйны праект на $348,6 мільёна цалкам фінансуецца крэдытамі Дзяржаўнага банка развіцця Кітая. Дзякуючы адкрыццю новай вытворчасці з'явіцца каля 300 працоўных месцаў. Выйсце на праектную магутнасць запланавана да канца наступнага года. Спецыялісты лічаць, што ў выніку мадэрнізацыі вытворчасці адбудзецца паляпшэнне ўмоў працы на фабрыцы. Пры выхадзе на праектную магутнасць гэты аб'ект зможа прыносіць каля $340 мільёнаў прыбытку ў год. Дзякуючы будаўніцтву комплекса, у Добрушы былі адрамантаваны і ўведзены ў эксплуатацыю масты праз рэкі Харапуць і Іпуць, а значыць, больш няма пытанняў па бяспецы руху пешаходаў і кіроўцаў, павялічана прапускная магутнасць мастоў, якіх у нашым невялічкім райцэнтры аж дзесяць. Між тым Добрушскі раён — гэта край аграрнікаў. Добрыя вынікі атрыманы і ў галіне раслінаводства. За пяцігодку валавы збор збожжа склаў 411,5 тысячы тон ці 123,5% да 2010 года, пры ўраджайнасці больш за 33 цэнтнеры з гектара. За апошнія пяць гадоў у нас многа зроблена дзякуючы рэалізацыі праграмы інтэнсіфікацыі малочнай жывёлагадоўлі. Мы змаглі павялічыць прырост прадукцыі сельскай гаспадаркі за гэты тэрмін на 12%. Па ўдоі на адну фуражную карову па выніках першага квартала Добрушскі раён займае 14 месца са 116 па краіне.

— Асаблівасць раёна ў тым, што побач знаходзяцца граніцы з дзвюма суседнімі дзяржавамі: Расіяй і Украінай. Якім чынам ажыццяўляецца супрацоўніцтва з прымежнымі раёнамі?

— З суседзямі з Расіі і Украіны мы не толькі супрацоўнічаем, але і сябруем ужо не адно дзесяцігоддзе. Напачатку года былі падпісаны дагаворы пра супрацоўніцтва ў аграрным сектары з прадстаўнікамі Чарнігаўшчыны, а суседзі з Расіі дзеляць з намі і будні, і святы. Шматлікія мерапрыемствы па міратворчай дзейнасці і патрыятычным выхаванні моладзі праходзяць у нас сумесна. Мы разам сеем і ўбіраем хлеб, гадуем дзяцей. Той падмурак сяброўства, які закладаўся не адным пакаленнем нашых людзей, захаваны. Культурныя, эканамічныя і гандлёвыя стасункі працягваюць паспяхова развівацца.

— Многія, асабліва вернікі, ведаюць Добрушчыну і як цэнтр праваслаўя...

— Сапраўды, сотні вернікаў з розных куткоў Беларусі, Украіны, Расіі і іншых краін прыязджаюць у аграгарадок Карма Добрушскага раёна, каб пакланіцца і папрасіць дапамогі ў святога праведнага Іаана Кармянскага, мошчы якога тут знаходзяцца. Штогод населены пункт наведвае і Патрыяршы Экзарх усея Беларусі мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел. У аграгарадку пастаянна праводзіцца работа па добраўпарадкаванні. Усе дэлегацыі, удзельнікі розных семінараў, якія праводзяцца на базе нашага раёна, абавязкова наведваюць гэты населены пункт. На мясцовай уладзе ляжыць адказная задача: забяспечыць усім неабходным не толькі жыхароў Кармы, але і гасцей аграгарадка. Сёння тут ёсць усё і ў крокавай даступнасці: аддзяленне Беларусбанка, ФАП, кавярня, гандлёвыя аб'екты... Наша Карма — гэта відавочны прыклад, як вёска можа стаць візітнай карткай усёй дзяржавы.

іоst@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.