Вы тут

Еўра 2016: самае цікавае яшчэ наперадзе


Сёння ў Ліёне матчам зборных Уэльса і Партугаліі адкрыецца паўфінальная частка чэмпіянату Еўропы. Заўтра ў Марселі згуляюць каманды Францыі і Германіі. Мы прывядзём некалькі цікавых фактаў пра ўдзельнікаў стадыі 1/2 Еўра.


Самы малады гулец партугальскай зборнай, паўабаронца Рэнату Санчэш, стаў аўтарам рэкорду фінальных турніраў чэмпіянатаў Еўропы. У чвэрцьфінальным матчы супраць каманды Польшчы ён зраўняў лік на 33-й хвіліне і стаў самым юным гульцом, які вызначыўся на Еўра — у 18 гадоў і 317 дзён.

Асноўны час пяці матчаў запар з удзелам зборнай Партугаліі завяршыўся ўнічыю. У групавым турніры сёлетняга першынства партугальцы згулялі ўнічыю з Ісландыяй (1:1), Аўстрыяй (0:0) і Венгрыяй (3:3). У 1/8 фіналу адолелі Харватыю ў дадатковы час (1:0), а ў чвэрцьфінале Польшчу — па пенальці (5:3).

У плэй-оф партугальцы ўсё ж такі двойчы выйгралі. І ў абодвух выпадках вырашальныя галы забіў Рыкарду Куарэжма: вароты Харватыі ён паразіў на 117-й хвіліне, а з Польшчай рэалізаваў вырашальны, пяты пенальці.

Для Крышціяну Раналду паўфінал стане 20-м матчам у фінальных турнірах чэмпіянатаў Еўропы. Калі ён выйдзе на поле, то ў любым выпадку застанецца рэкардсменам і па выніках гэтага турніру (у актыве найбліжэйшага пераследніка немца Бастыяна Швайнштайгера 17 сустрэч). Раналду ўпэўнена лідзіруе і па колькасці праведзеных на полі хвілін (1680).

Зборная Уэльса — адзіны паўфіналіст, які ўжо прайграваў на турніры (1:2 англічанам у 2-м туры групавога этапу), але пры гэтым і адзіная каманда сярод чатырох найлепшых, якая ні разу не згуляла ўнічыю.

Рэкордная сухая серыя Мануэля Ноера са старту чэмпіянату Еўропы склала 437 хвілін. Прычым галкіпер зборнай Германіі па-ранейшаму не прапусціў ніводнага гола з гульні (толькі з 11-метровай адзнакі).

Зборная ФРГ/Германіі 9-ты раз прабілася ў чацвёрку найлепшых камандаў чэмпіянату Еўропы. Дарэчы, на другім месцы зборная СССР/Расіі (6 выхадаў у паўфінал). Па 5 разоў гэта ўдавалася камандам Партугаліі і Францыі.

Антуан Грызман, забіўшы 100-ты гол на Еўра-2016, стаў аднаасобным лідарам у спрэчцы бамбардзіраў (4 мячы) і паказаў другі вынік сярод французскіх гульцоў на адным турніры. Больш за яго змог забіць толькі Мішэль Плаціні — таксама на хатнім першынстве кантынента ў 1984 годзе (9 галоў).

Французская зборная стала лідарам турніру па колькасці дубляў (2). Прычым бамбардзіры «трохколерных» адзначыліся ў абодвух матчах плэй-оф: у 1/8 фіналу два галы забіў Грызман, у чвэрцьфінале — Аліўе Жыру.

Дзякуючы буйной перамозе над Ісландыяй зборная Францыі стала найлепшай камандай на турніры па рознасці мячоў — «+7» (11 забітых і 4 прапушчаныя).

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Самае цікавае яшчэ наперадзе

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».