Вы тут

Ашмяны — горад для сямейнага бізнесу і захавання культурнай спадчыны


Памяць пра мінулае — унёсак у будучыню.

Ашмяны, якім сёлета спаўняецца 675 гадоў, — месца з багатай гістарычнай і культурнай спадчынай. Пра гэты старажытны горад захавалася шмат цікавых звестак, фактаў. Багатая зямля Ашмяншчыны і на архітэктурныя помнікі. Нашчадкі не толькі ведаюць і шануюць гісторыю і традыцыі роднага краю, але імкнуцца захаваць і ўзбагаціць іх праз сучасныя мерапрыемствы.


Ашмян­ская цэнт­раль­ная ра­ён­ная баль­ні­ца.

Вядомым у краіне і за яе межамі культурным брэндам стаў фестываль «Гальшанскі замак», які спалучае ў сабе гістарычны пачатак і сучаснае яскравае дзейства. Сёлета ён прыняў больш як 2000 гасцей.

Распачаты праект па мадэрнізацыі замка, які ўключаны ў праграму «Замкі Беларусі». Летась расчысцілі падвалы, умацавалі сцены і закансервавалі паўночную вежу, дзе будзе створана музейная экспазіцыя. Наступны этап — уладкоўванне прылеглай тэрыторыі і аднаўленне паркава-сажалкавага ансамбля Сапегаў. Для рэалізацыі задумы створаны дабрачынны фонд.

Раз на два гады на Ашмяншчыне сумесна з Акадэміяй навук праводзяцца Гальшанскія чытанні. Вучоныя-энтузіясты і мясцовыя дзеці выступаюць з грунтоўнымі навуковымі працамі па гісторыі раёна, пасля чаго абавязкова выдаюцца зборнікі гэтых работ.

— Нашы дзеці бачаць, што прафесары і навукоўцы з імёнамі пішуць пра гісторыю іх роднага краю, знакамітых людзей — ураджэнцаў гэтых мясцін, пра тое, што побач. І малыя яшчэ больш захапляюцца, уражваюцца, натхняюцца, — заўважыў Міраслаў САРАСЕК, старшыня Ашмянскага райвыканкама. — На гэтых чытаннях гучыць скрупулёзны аналіз гісторыі нашай зямлі ад старадаўніх часоў да сучаснасці. На базе ўсіх матэрыялаў мы плануем, магчыма да наступных чытанняў, падрыхтаваць грунтоўную кнігу «Ашмяны ў стагоддзях». Яе гістарычную значнасць можна будзе ацэньваць, пэўна, у маштабах краіны, а не раёна. Дарэчы, мы ўжо маем сур'ёзных новых навукоўцаў і гісторыкаў, якія выраслі на гэтых мерапрыемствах.

Камерцыйнае жыллё — па дэмакратычным кошце

Да нядаўняга часу Ашмяншчына лічылася рэгіёнам, які найбольш дынамічна забудоўваецца. Пры колькасці насельніцтва ў 31 тысячу цягам 3-4 гадоў тут штогод будавалася 25—26 тыс. м2 жылля ў шматпавярховіках. А ў асобныя гады з'яўлялася яшчэ і 10-11 тыс. м2 індывідуальных  будынкаў. На вуліцы Барунскай за тры гады вырас цэлы мікрараён з сучаснымі кватэрамі, у якія штогод засяляліся па 30—40 шматдзетных сем'яў.

Вытворчыя, гандлёвыя, спартыўныя аб'екты, дарогі, жыллё, шматузроўневая развязка — усё гэта выканана рукамі мясцовых будаўнікоў, у прыватнасці спецыялістамі ААТ «Будаўнік». Яны таксама збудавалі вучэбна-трэніровачны цэнтр на Астравецкай атамнай электрастанцыі. Зараз у цэнтры, праз які пройдуць усе супрацоўнікі будучай станцыі, адпрацоўваецца абсталяванне і магчымыя пазаштатныя сітуацыі.

Цяпер тэмпы будаўніцтва крыху зменшыліся. Сёлета здаецца толькі адзін 40-кватэрны дом па дзяржзаказе. Затое ААТ «Гроднажылбуд» упершыню збудавала ў Ашмянах камерцыйны дом на 130 кватэр з дэмакратычнымі цэнамі.

— Тым не менш чарга тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў (1200-1300 чалавек), амаль не зніжаецца, — зазначыў старшыня. — Для такіх людзей мы бясплатна даём для будаўніцтва зямельны ўчастак у 10-15 сотак з падведзенымі да яго сеткамі: газам, водаправодам, каналізацыяй. Толькі дарогі там будуць пракладвацца пазней. Кожны тыдзень мы выдаём некалькі такіх дазволаў. Участкі, дзе прысутнічае інфраструктура, мы прадаём пад жыллё па 100 мільёнаў рублёў.

Прыватны і замежны капітал — на агульную карысць

Ашмяны афіцыйна адзначаны як найлепшы горад для бізнесу. Такую пачэсную характарыстыку горад атрымаў па выніках штогадовага абласнога спаборніцтва Гродна і раёнаў вобласці за дасягненне высокіх паказчыкаў у розных сферах жыцця за 2015 год. У прамысловай галіне ён заняў першае месца.

— Аснова жыццядзейнасці Ашмянскага раёна — прамысловасць з яе знакавымі прадпрыемствамі. Дзякуючы ім ствараюцца працоўныя месцы, напаўняецца бюджэт і фарміруецца база для развіцця сацыяльнай сферы і інфраструктуры, — упэўнены Міраслаў Сарасек.

Сапраўды, шмат тутэйшых прадпрыемстваў маюць багатую гісторыю. Крухмальнаму заводу ўвосень споўніцца 120 гадоў, дражджавому — 135, сыраробнаму — 50. Летась 115-годдзе адзначыў мясакамбінат, 50 гадоў споўнілася льнозаводу.

— Дзякуючы дзяржаўнай праграме развіцця малых гарадоў нашы прадпрыемствы мадэрнізаваліся. Цяпер большасць з іх — сучасныя арганізацыі, што сталі для раёна прамысловымі лакаматывамі, — адзначыла Галіна ЛЮТКОЎСКАЯ, намеснік старшыні Ашмянскага райвыканкама. — Нават спецыялісты, якія прыязджаюць з Еўропы, здзіўляюцца, як сур'ёзна ў нас развіваецца прамысловасць.

Аднак для паспяховай работы прадпрыемстваў патрэбна аптымізацыя, якая дасягаецца ў тым ліку і праз скарачэнне колькасці працуючых.

— Мы стараемся, каб гэты працэс насіў плаўны характар. Кагосьці пераводзім у іншыя сферы, пераглядаем нагрузкі, каб не пакідаць людзей на вуліцы, — пракаменціраваў Міраслаў Эдмундавіч. — Наша першасная задача — стварэнне працоўных месцаў і прадпрыемстваў, пашырэнне геаграфіі супрацоўніцтва.

Адметная асаблівасць прамысловасці Ашмян — практычна поўная адсутнасць дзяржаўнага гандлю. Нават магутны рэтэйлер Белкаапсаюз займае толькі 15% ад усяго аб'ёму тавараабароту. Асноўныя лічбы забяспечваюць прыватныя прадпрымальнікі. Гэта пераважна невялікія сямейныя крамы, а больш за 120 прыватнікаў працуюць у сферы аказання паслуг насельніцтву: ад будаўнічых да бытавых.

— Такі падыход выгадны ўсім. Гэта і працаўладкаванне, і падаткі, і заробак, і рэалізацыя айчыннага, таму што большай часткай у такіх крамах прадаецца беларуская прадукцыя, — адзначыў старшыня выканкама.

Зараз у раёне працуе 20 прадпрыемстваў з замежным капіталам. Гэта кампаніі, якія займаюцца прамысловай вытворчасцю. Напрыклад, ва «Унісон груп» напачатку працавалі 25 чалавек, зараз іх 100, а ў планах — расшырыцца да 150.

Рэалізаваны два інвестыцыйныя дагаворы. Ужо працуюць запраўка «Лукойл» і гандлёвы цэнтр у мікрараёне Заходні, пабудаваныя мясцовым ААТ «Будаўнік». Зімою адкрыецца прыдарожнае кафэ 3-га ўзроўню ПГПП «Туалсан». Яшчэ сем інвестыцыйных праектаў у сферах гандлю, паслуг, вытворчасці, энергетыкі плануюцца да рэалізацыі. Напрыклад, будуецца прыватны адміністрацыйны будынак з гасцініцай на 40 месцаў.

Існуе 10 пагадненняў аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве з рэгіёнамі Польшчы, Літвы, Украіны, Італіі, Расіі, Азербайджана. Днямі плануецца да падпісання мемарандум з буйным польскім рэгіёнам.

— Замежныя прадпрыемствы зацікаўлены прыйсці на наш агульны рынак і размясціць тут сваю вытворчасць, — заўважыла намеснік старшыні. — Пры гэтым мы актыўна пашыраем геаграфію расійскага экспартнага рынку. Ёсць напрацоўкі па Яраслаўскай вобласці, дзе летам, думаю, мы таксама знойдзем свае нішы.

sidarok@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?