Вы тут

Лепш — мір


Галоўнай падзеяй апошніх дзён, несумненна, можна назваць распачатае прымірэнне Расіі і Турцыі.


27 чэрвеня Уладзімір Пуцін атрымаў пісьмо ад Прэзідэнта Турцыі Рэджэпа Эрдагана, змест якога дазволіў яму зрабіць крок у адказ — патэлефанаваць турэцкаму кіраўніку. 1 ліпеня ў рамках пасяджэння кіраўнікоў МЗС краін — удзельніц Арганізацыі Чарнаморскага эканамічнага супрацоўніцтва прайшла сустрэча міністраў замежных спраў Расіі і Турцыі. Меўлют Чавушаглу па выніках перамоў паведаміў, што яны «прайшлі ў сяброўскай і цёплай атмасферы.

Турэцкі лідар Рэджэп Таіп Эрдаган гатовы сустрэцца ў Расіі з прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным яшчэ да саміту G20, які пройдзе ў Кітаі». Гэту падзею, безумоўна, можна назваць пазітыўнай і для Расіі, і для Турцыі. Расійскі рынак шмат значыў для турэцкіх экспарцёраў, паколькі ў Турцыі, як і ў Беларусі, прыкладаюць вялікія намаганні для развіцця экспарту. Яго амаль поўная страта пасля ўвядзення расійскіх санкцый нанесла вялікі ўдар па гэтых планах. Што ўжо казаць пра значэнне расійскіх турыстаў для турыстычнай галіны Турцыі, якая і так моцна пакутуе ад частых тэрактаў, што адпалохвае ахвотных адпачыць на тэрыторыі краіны. 28 чэрвеня, дарэчы, адбыўся яшчэ адзін у стамбульскім аэрапорце. Тры тэрарысты-смяротнікі забілі 43 чалавекі. Для Расіі эканамічная і палітычная напружанасць у дачыненнях з Турцыяй таксама не карысная. І так хапае праблем з заходнімі санкцыямі, а праблемы з турэцкімі інвестыцыямі аказвалі дадатковы негатыўны ўплыў. Апроч таго, давялося адмовіцца ад плана дастаўкі газу ў ЕС па тэрыторыі Турцыі замест украінскага напрамку, што пры паляпшэнні адносін зноў можна будзе абмяркоўваць. Вельмі выгаднае развіццё падзей і для Беларусі, якой дрэнныя адносіны паміж Расіяй і Турцыяй, двума сваімі важнымі саюзнікамі, стваралі пэўны дыскамфорт.

На мінулым тыдні працягвалі развівацца падзеі і з нагоды Brexіt. Паніка прайшла, пачалося асэнсаванне магчымых варыянтаў развіцця падзей. Усё яшчэ захоўваецца магчымасць далейшай дэстабілізацыі ЕС. У якасці прыкладу можна прывесці зробленую 1 ліпеня заяву прэзідэнта Чэхіі аб неабходнасці правядзення аналагічнага рэферэндуму ў краіне па выхадзе з ЕС і НАТА, арганізаваны збор подпісаў за правядзенне падобных да брытанскага рэферэндумаў у Фінляндыі і Славакіі. У той жа час лідары ЕС, Германія і Францыя, поўныя рашучасці зрабіць усё, каб выхад Вялікабрытаніі з Еўрасаюза быў максімальна некамфортным для краіны, тым самым даўшы паказальны ўрок іншым патэнцыяльным ахвотнікам выйсці. Шкода, нанесеная прэстыжу Еўрасаюза вынікамі брытанскага рэферэндуму, такая вялікая, што іх абурэнне можна зразумець. У якасці некаторага пазітыву можна дадаць, што негатыўны ўрон для кошту нафты, нанесены вынікамі рэферэндуму ў Вялікабрытаніі, быў рынкамі пераадолены. Крыху адыграў да канца тыдня пазіцыі і еўра, хоць ён усё яшчэ на два працэнтныя пункты ніжэй за долар, чым да абвяшчэння вынікаў.

30 чэрвеня Радрыга Дутэртэ прыняў прысягу ў якасці новага прэзідэнта Філіпін. Гэта краіна з'яўляецца важным гульцом у Паўднёва-Усходняй Азіі і перспектыўным рынкам збыту беларускай прадукцыі, улічваючы памер насельніцтва ў больш чым сто мільёнаў жыхароў. Стаць прэзідэнтам новаму кіраўніку дапамагла рэпутацыя непрымірымага змагара з наркагандлем і арганізаванай злачыннасцю.

1 ліпеня Кітай адзначаў 95-годдзе з дня стварэння Камуністычнай партыі Кітая. Яна сапраўды шмат зрабіла для павышэння ўзроўню жыцця кітайскага насельніцтва, забяспечыўшы фенаменальны рост эканомікі ў апошнія чатыры дзесяцігоддзі. Выступаючы з прамовай, кіраўнік КНР Сі Цзіньпін назваў карупцыю галоўнай пагрозай для Камуністычнай партыі Кітая. Пры гэтым трэба адзначыць, што пасля яго прыходу да ўлады барацьба з карупцыяй набыла вельмі сур'ёзныя маштабы. У турмы ўжо трапілі дзясяткі тысяч карупцыянераў. Няма ніякай увагі да рангаў і пасад, за карупцыйныя злачынствы прыцягваюцца да адказнасці чыноўнікі любога ўзроўню. Зробленыя захады дазваляюць спадзявацца, што Кітаю ўдасца справіцца з карупцыйнай пагрозай, паколькі дэстабілізацыя краіны можа нанесці сусветнай эканоміцы вялікія страты.

На мінулым тыдні кіраўнік Беларусі правёў дзве важныя сустрэчы з высокапастаўленымі замежнымі чыноўнікамі.  27 чэрвеня прайшла сустрэча са старшынёй
Нацыянальнага заканадаўчага сходу Тайланда Панпечам Вічытчалчаем. Асноўная ўвага на сустрэчы была ўдзелена развіццю тавараабароту, з прыцэлам на развіццё экспартных магчымасцяў для беларускіх прадпрыемстваў на 70-мільённым па насельніцтве рынку. Былі выказаны і прапановы беларускага боку па стварэнні сумесных зборачных прадпрыемстваў на тэрыторыі Тайланда. 30 чэрвеня прайшла сустрэча з міністрам замежных спраў Чэхіі Любамірам Зааралекам. Прэзідэнт Беларусі асабліва адзначыў, што ніколі не лічыў «ні Чэхаславакію, ні Чэхію, ні Славакію чужымі для нас дзяржавамі». Таксама ён зрабіў акцэнт на паляпшэнні адносін Беларусі не толькі з Чэхіяй, але і з усім Еўрасаюзам.

Сяргей КІЗІМА, доктар палітычных навук

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.