Вы тут

Віншуем, пераможцы!


«Чырвонка. Чырвоная змена» абвяшчае вынікі творчага конкурсу.

Сёння мы падвядзём вынікі нашага чарговага творчага спаборніцтва сярод юных і маладых няштатных аўтараў «Я — малады! І мне не ўсё роўна!..», якое доўжылася цягам навучальнага года. Але перш чым назваць імёны пераможцаў, па традыцыі коратка прааналізуем яго ход і вынікі.

Усяго на конкурс паступіла больш за 40 творчых работ. На старонках «Чырвонкі. Чырвонай змены» было апублікавана (разам з работамі, якія друкуюцца сёння) 12 лепшых, па-сапраўднаму журналісцкіх «проб пяра». Прыкладна столькі ж допісаў было (і яшчэ будзе) змешчана на старонках маладзёжнага дадатку ў якасці звычайных газетных матэрыялаў. Адбылося гэта з той прычыны, што згаданыя «пробы пяра» не адпавядалі ўмовам конкурсу найперш з-за абранай аўтарамі тэмы, але тым не менш былі вартымі ўвагі — і нашага журы, і, спадзяёмся, чытачоў. Яшчэ колькі дасланых на наша творчае спаборніцтва работ знайшлі сваё месца пад рубрыкай «З пошты «ЧЗ». Такім чынам, з агульнай колькасці атрыманых намі «проб пяра» было надрукавана больш за палову. Гэта неблагі вынік, лічым, усе ахвотныя паўдзельнічаць у конкурсе добра папрацавалі, тым больш што некалькі аўтараў даслалі не па адной рабоце.


Двое з трох пе­ра­мож­цаў твор­ча­га кон­кур­су:  На­стас­ся Га­рост (зле­ва) і Да­р'я Сві­ры­да.

Геаграфія аўтарскіх допісаў была прадстаўлена дастаткова шырока, але традыцыйна вылучыліся ўдзельнікі конкурсу з Мазыра і Маладзечна — і колькасна, і, галоўнае, якасна. Малайцы, так трымаць! З агульнага зноў жа адзначым штогадовы «ціхі старт» і «імклівы фініш» чарговага творчага спаборніцтва. Гэта значыць, што ў пачатку конкурсу паступае не вельмі шмат матэрыялаў, а напрыканцы, літаральна ў апошнія дні, юныя і маладыя няштатныя аўтары нас завальваюць пасланнямі. Менавіта з гэтай прычыны (работы ж трэба прачытаць, адабраць лепшыя і падрыхтаваць іх да друку) частка матэрыялаў яшчэ так і не была надрукавана. Таму, удзельнікі (а сярод іх заўсёды ёсць і пастаянныя, хто бярэ ўдзел у творчым спаборніцтве не адзін год), калі ласка, на будучыню — дасылайце свае «пробы пяра» як мага раней.

Нягледзячы на вельмі падрабязна прапісаныя ўмовы конкурсу, рэдкая работа адпавядала ім цалкам. Гаворка нават не пра абраныя некаторымі аўтарамі тэмы, а пра розныя тэхнічныя моманты: адсутнасць кантактных звестак аўтара, нумара пашпарта ці школы, дзе вучыцца наш няштатнік, і іншае. Для атрымання гэтых звестак патрэбны быў дадатковы час і намаганні. Зрэшты, дзякуючы гэтым абставінам амаль з усімі аўтарамі, чые работы былі надрукаваны, мы размаўлялі асабіста, па магчымасці нешта ім раілі, падтрымлівалі. Думаем, у гэтым таксама ёсць станоўчы бок нашага конкурсу. (Тым не менш, калі ласка, надалей імкніцеся няўхільна прытрымлівацца заяўленых умоў творчага спаборніцтва.)

Што датычыцца памылак некаторых аўтараў з выбарам тэмы... Так, мы неаднойчы гаварылі пра тое, што планка ў нашага конкурсу дастаткова высокая. Ён разлічаны найперш на тых, хто хоча ў будучым паспытаць «журналісцкага хлеба» (гэта не перашкода для ўдзелу ў ім усіх іншых). А значыць, ужо зараз павінен праяўляць і настойлівасць, і крэатыўнасць, мець вострае вока і лёгкае пяро. Паверце, усё гэта не з'явіцца ў адзін момант само па сабе, калі вы пераступіце парог журфака. Таму і крытэрыі адбору лепшых творчых работ з нашага боку былі адпаведнымі.

На што яшчэ немагчыма не звярнуць увагу: сёлета (зрэшты, як і ў папярэднія гады за невялікім выключэннем) усе ўдзельнікі конкурсу — дзяўчаты. Зразумела, што і ў пераможцаў будуць дзявочыя імёны. За апошнія гады гэта ўжо трэці такі фінал творчага спаборніцтва (толькі аднойчы яго «разбавіў» хлопец). Вельмі рады, што дзяўчаты так жадаюць стаць журналістамі, а вось за юнакоў крыху крыўдна... Яшчэ адносна нядаўна наша прафесія лічылася больш мужчынскай, чым жаночай...

Напрыканцы такая немалаважная, лічым, дэталь, на якую таксама трэба звярнуць увагу і ўдзельнікам конкурсу, і іх настаўнікам і бацькам, і кіраўнікам гурткоў. Штогод у гэты час у рэдакцыю звяртаюцца абітурыенты з просьбай завізаваць ксеракопіі сваіх апублікаваных матэрыялаў. Газета для гэтага, як высветлілася, бярэцца ў школе, у гуртку, і атрымліваецца, што яна практычна не бывае ў руках абітурыентаў (інакш не трэба было б ксеракопій, у прыёмную камісію прасцей падаваць газетныя выразкі). Без інтэрнэту цяпер ніяк, але для будучага журналіста вельмі важна чытаць менавіта папяровы варыянт выдання. Асабліва таго, у якім друкуюцца твае матэрыялы. А лепшы спосаб пастаянна трымаць газету ў руках — гэта выпісаць «Звязду», каб двойчы ў месяц разам з ёй атрымліваць і маладзёжны дадатак «Чырвонку. Чырвоную змену». Не сумнявайцеся, абітурыенты, гэтая парада можа вельмі дапамагчы на вашым шляху да прафесіі.

Такім чынам, невялікі аналіз завершаны, мы выходзім на фінішную прамую! Засталося толькі назваць імёны пераможцаў чарговага конкурсу «Чырвонкі. Чырвонай змены» і павіншаваць іх з цалкам заслужаным дасягненнем. Журы аднагалосна вырашыла ўшанаваць адразу трох удзельнікаў, прызнаўшы іх пераможцамі. Гэта выпускніца 11 класа маладзечанскай гімназіі №10 Дар'я СВІРЫДА! Дзяўчына не першы год удзельнічае ў творчых конкурсах для юных і маладых няштатных аўтараў, якія праводзіць «Чырвонка. Чырвоная змена». Толькі ў рамках сёлетняга былі змешчаны дзве «пробы пяра» Дар'і («Песні — найлепшыя лекі ад суму», «ЧЗ» ад 4.02.2016 года; «У песні, як у жыцці», «ЧЗ» ад 21.04.2016 года). Апроч таго, некалькі яе матэрыялаў друкаваліся як звычайныя журналісцкія і ў «рэдакцыйным партфелі» яшчэ маецца іх запас ад гэтага актыўнага аўтара. Дар'я сёлета збіраецца паступаць у Інстытут журналістыкі БДУ. Па сакрэце скажам, што да гэтай падзеі яна падышла з сур'ёзным творчым багажом — гатова прад'явіць экзаменацыйнай камісіі партфоліа з 18 сваіх работ. Вось гэта заяўка!

Наступная пераможца — выпускніца 10 класа Ліцэя БДУ Настасся ГАРОСТ («Падабаецца дапамагаць іншым», «ЧЗ» ад 4.02.2016 года). Дзяўчына не выключае, што ў будучыні можа звязаць свой далейшы лёс з прафесіяй журналіста. У Настассі ёсць яшчэ час падумаць, але сваёй творчай работай і заслужанай перамогай у конкурсе яна ўжо, на наш погляд, пацвердзіла правільнасць памкненняў.

Яшчэ адно імя з ліку пераможцаў — выпускніца 9 класа пінскай СШ №15 Дар'я БАХІР («Адпраўная кропка. Стваральнік і дырэктар музея — дзевяцікласнік», «ЧЗ» ад 21.04. 2016 года). Аўтарцы 15 гадоў, але яна таксама, як і іншыя пераможцы, марыць аб паступленні ў Інстытут журналістыкі БДУ. А для гэтага ўжо зараз актыўна піша артыкулы ў газеты, сустракаецца і размаўляе з цікавымі людзьмі. Словам, робіць усё тое, што выконвае ў паўсядзённай працы прафесіянал. Перамога ў конкурсе гаворыць пра тое, што ў дзяўчыны — пры далейшай карпатлівай працы над сабой — ёсць усе шанцы праз некаторы час стаць нашым калегам «па цэху».

Віншуем усіх пераможцаў і ўдзельнікаў! Гаварылі раней і працягваем сцвярджаць: тых, хто прайграў, у нашым конкурсе не бывае! Перамога — гэта не толькі факт публікацыі ў газеце. Нават проста ўдзел у творчым спаборніцтве, парада ад прафесійнага журналіста — вельмі карысны і патрэбны досвед для тых, хто марыць аб гэтай прафесіі.

Абедзве Дар'і і Настасся атрымліваюць ад «Выдавецкага дома «Звязда» ганаровыя граматы, а таксама памятныя прызы з сімволікай старэйшай беларускай штодзённай грамадска-палітычнай газеты, якая ў наступным годзе будзе адзначаць свой 100-гадовы юбілей. Дар'я Свірыда, апроч таго, атрымлівае ад рэдакцыі рэкамендацыю для паступлення ў Інстытут журналістыкі БДУ, паколькі, як самая старэйшая сярод дзяўчат-пераможцаў, ужо сёлета збіраецца паступаць. (Нагадаем, РЭКАМЕНДАЦЫЯ ДАЕЦЦА ТОЛЬКІ ПЕРАМОЖЦАМ І ЛАЎРЭАТАМ КОНКУРСУ З ЛІКУ ВЫПУСКНІКОЎ, ЯКІЯ Ў ГЭТЫМ ЖА ГОДЗЕ ПАСТУПАЮЦЬ НА ЖУРФАК, І ТОЛЬКІ Ў ГОД ПАДВЯДЗЕННЯ ВЫНІКАЎ КОНКУРСУ.) Удачы! Усім творчых поспехаў! І... чакаем новых матэрыялаў!

Куратары праекта Надзея НІКАЛАЕВА, Сяргей РАСОЛЬКА

Фота Ільі КАТУСАВА і Надзеі БУЖАН

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».