Вы тут

«Мова — гэта частка мяне»


У сеціве пра Стася Сілку кажуць, што ён прыйшоў, каб заваяваць сэрцы мільёнаў жанчын. Ці сапраўды гэта так?

Малады выканаўца родам з Наваполацка. Вершы і музыку для песень хлопец стварае сам, прычым выключна на беларускай мове. У адным з інтэрв'ю выканаўца пракаментаваў выбар пісаць на роднай мове так: «Гэта цалкам натуральная частка мяне. І калі я заўважыў, што атрымліваецца пісаць вершы і песні, то пытанне пра мову вырашылася вельмі хутка». Цяпер творчасць Стася набірае папулярнасць. Важным момантам у ёй стаў выхад дэбютнага альбома з цікавай назвай «Песні для глуханямых».


— Як доўга ты рыхтаваў яго?

— Я не рабіў гэтага ў звыклым разуменні. Проста спяваў на канцэртах свае песні, пакуль аднойчы не паўстала пытанне, што трэба ісці далей. А каб рухацца наперад, трэба было адкінуць старыя песні і лепшым варыянтам было запісаць іх, каб яны былі зафіксаваныя, і можна было рабіць нешта іншае. У выніку мы запісалі ўсё за два дні, гэта вельмі хутка.

— Ці ёсць ужо ідэі для новага альбома?

— Ёсць. І мы працуем зараз над ім, але гэта вялікі сакрэт: што там будзе і як. Магу толькі сказаць, што ў новым альбоме ўсё атрымаецца максімальна непадобнае да таго, што я рабіў раней.

— Як лічаш, абавязкова музыка павінен мець спецыяльную адукацыю?

— Абсалютна не, галоўнае, хацець займацца музыкай. Хоць у мяне ёсць знаёмыя, якія маюць музычную адукацыю і ім крышачку прасцей. Прасцей іграць калектывам. Мне вельмі складана гэта даецца. Ім прасцей нешта патлумачыць: дзе памылкі, інтэрвалы розныя ці іншыя музычныя нюансы, якімі я не валодаю, бо не ведаю тэрміналогіі. Насамрэч у мяне ёсць музычная адукацыя, але я дрэнна вучыўся ў музычнай школе.

— Ці важнае для цябе меркаванне іншых пра твае вершы?

— Я пішу, як пішу. Ёсць некалькі аўтарытэтных для мяне людзей, якім я паказваю свае творы, і іх меркаванне для мяне важнае. Калі крытыка канструктыўная, то я прыслухоўваюся, але часцей не...

— Дарэчы, а як даўно ты пішаш?

— Вершы — яшчэ з пачатковай школы. Спачатку гэта былі дзіцячыя спробы «пад дарослага», як робяць усе ў тым узросце. Цяпер стаў крышачку разумнейшым, таму падыходжу больш сур'ёзна да гэтай справы (усміхаецца).

— Ці заўсёды задаволены вынікам?

— Не, я як Гогаль (смяецца). Насамрэч, спаліў шмат сваіх вершаў, проста кінуў іх у печку. Няўдалыя стараюся не публікаваць.

— Што цябе натхняе на творчасць?

— Розныя моцныя перажыванні. Напрыклад, калі ў мяне доўга дрэнны настрой, то гэта значыць, што будуць і новыя песні, і нейкія цікавыя ідэі. За апошнія месяцы я напісаў некалькі песень, якія звязаныя з канкрэтнымі людзьмі. Яны для мяне не музы, проста выклікаюць вострыя эмоцыі, якія потым кладуцца ў аснову музыкі.

— Якое тваё жыццёвае крэда?

— Як бы банальна ні гучала, але мой дэвіз па жыцці — дапамагаць людзям. Бо на самай справе ўсё вяртаецца. Я думаю, трэба рабіць людзям так, як хочаш, каб рабілі табе.

Мяркую, што з такой жыццёвай устаноўкай Стась абавязкова даб'ецца поспеху.

Наталля ВАВІЛОНСКАЯ, выпускніца 11 класа ліцэя г. Наваполацка

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.