Вы тут

Гісторыя ў «Спадчыне»


Гонар нашай школы — гісторыка-краязнаўчы музей «Спадчына», які працуе пад кіраўніцтвам настаўніка гісторыі Антона Антонавіча Апанасевіча. У музеі тры раздзелы: гістарычны, этнаграфічны і літаратурна-мастацкі. Гістарычны раздзел апавядае нам пра даўнюю і багатую на падзеі гісторыю Лебедзева. Тут таксама можна знайсці інфармацыю пра Першую і Другую cусветныя войны. Некалькі стэндаў і вітрын прысвечаны нашым землякам — удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны. Наведвальнікі любяць затрымацца каля этнаграфічнага раздела, бо тут створана частка інтэр'ера сялянскай хаты мінулых часоў.


Галоўны скарб любой мясцовасці — гэта людзі. У Лебедзеве ў свой час нарадзіліся альбо вучыліся і працавалі акадэмік Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі Барыс Кіт, мастак Раман Семашкевіч, вучоны і мастак Яўген Шыраеў, гісторык Генадзь Каханоўскі, паэты Рыгор Семашкевіч, Кастусь Цыбульскі і іншыя.

Нядаўна на падставе сабраных матэрыялаў і музейнага архіва навучэнцы школы Ягор Кузін і Глеб Грымаць падрыхтавалі даследчую работу пра вучонага і мастака Яўгена Шыраева. Яе абарона адбылася ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры «Зубраня». Юнакі сталі лаўрэатамі рэспубліканскага конкурсу «Мае землякі — мой гонар» і былі ўзнагароджаны дыпломам Міністэрства адукацыі.

На базе музея арганізаваны гурток «Музеязнаўства». Вучні праводзяць цікавыя экскурсіі. Акрамя гэтага, удзельнікі гуртка займаюцца пошукавай работай. Напярэдадні святкавання 70-годдзя Перамогі школу наведалі госці са Смаленскай вобласці. Сям'я Ягоравых шукала месца пахавання іх дзядулі — чырвонаармейца Пятра Мікітавіча Ягорава. Хутчэй за ўсё ён загінуў у 1939 годзе, калі войскі Чырвонай Арміі былі ўведзены на тэрыторыю Заходняй Беларусі. Юныя краязнаўцы знайшлі інфармацыю пра тое, што на тэрыторыі Лебедзева ці ў канцы 1939-га, ці ў пачатку 1940 года на старых могілках, там, дзе цяпер устаноўлены помнік вязням Лебедзеўскага канцлагера, быў пахаваны чырвонаармеец, які памёр ад ран. Госці з Расіі ўсклалі кветкі да брацкай магілы, якую цяпер яны лічаць месцам пахавання іх дзеда.

— Выхаванне любові да беларускай мовы, да нашых нацыянальных звычаяў, свят, прывіццё павагі да нацыянальнай народнай творчасці — усё гэта з'яўляецца важным накірункам грамадзянска-патрыятычнага выхавання ў дзейнасці нашага музея, — гаворыць яго загадчык Антон Антонавіч.

Мы, маладое пакаленне, адчуваем асаблівы гонар за тое, што ў нас ёсць добрыя прыклады жыцця нашых бацькоў, дзядоў і прадзедаў: працавітых, духоўна багатых і адукаваных людзей.

Ангеліна ПЯТРОЎСКАЯ, выпускніца 9 класа Лебедзеўскай СШ Маладзечанскага раёна.

Пра аўтара

— Нядаўна я прыйшла ў гурток «Школа журналістыкі», каб паспрабаваць свае сілы ў гэтай нялёгкай, але, на мой погляд, цікавай справе, — расказвае Ангеліна.

Дзяўчыне 15 гадоў. Аўтарка атрымлівае асалоду ад прыроды і імкнецца захаваць яе прыгажосць на фота. Ангеліна заканчвае музычную школу па класе фартэпіяна. А яшчэ яна з дзяцінства захапляецца нумізматыкай: у яе калекцыі 304 манеты, сярод якіх ёсць і ўзоры перыяду ХІХ стагоддзя. А самай старадаўняй манеце — 140 гадоў.

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.