Вы тут

Вышыванкі немаўлятам дарылі ў Дзяржынскім раёне


Цішыню калідораў у радзільным доме Дзяржынскай цэнтральнай раённай бальніцы час ад часу перарываюць звонкія галасы нованароджаных. Іх маці знаходзяцца ў пастаянным кантакце з малымі і пад кантролем медперсаналу. Днямі ў радзільню завіталі асаблівыя госці — прадстаўнікі Мінскага абласнога камітэта Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Іх сустракаў загадчык акушэрскага аддзялення Валерый Лебядзеўскі.


Распашонка з беларускім арнаментам стала першым падарункам для нованароджанай Паліны і яе маці Таццяны. Такім арыгінальным і незвычайным спосабам актывісты павіншавалі маці і немаўлят адразу з некалькімі ўрачыстымі падзеямі.

— Акцыя «Падары нованароджанаму вышыванку» была прымеркавана да свята «Дзень вышыванкі», якое прайшло 2 ліпеня. А 3 ліпеня Дзяржынск адзначыў не толькі Дзень Незалежнасці, але і свой 870-гадовы юбілей, — канстатаваў першы сакратар Мінскага абласнога Камітэта грамадскай арганізацыі «БРСМ» Дзмітрый Варанюк.

Падарункі з нацыянальным арнаментам атрымалі двое немаўлят. Іх матулям былі ўручаны кветкі.

Спакон веку вышываная сарочка лічылася не толькі адзеннем, але і абярэгам — сімвалам шчасця, здароўя, прыгажосці і родавай памяці. І сёння ў Мінскай вобласці і ва ўсіх рэгіёнах краіны традыцыі вырабу вышыванак не страчаны. Болей за тое, яны беражліва захоўваюцца.

— Няхай гэтыя невялікія падарункі саграваюць вас цеплынёй, — сказаў Дзмітрый Варанюк. — Я рады, што мы можам падзяліцца з маладымі мамамі і іх малымі часцінкай свайго сэрца.

Дадам, дабрачынная акцыя «Падары нованароджанаму вышыванку» з поспехам прайшла ў многіх гарадах Міншчыны.

— Гэта вельмі міла і патрыятычна. Мой сынок нарадзіўся 26 чэрвеня, у Дзень моладзі, што таксама сімвалічна. Распашонку мы абавязкова будзем надзяваць на ўсе значныя святы, — падзялілася ўражаннямі Вольга. — Дзякуй за такі цудоўны падарунак.

У 2015 годзе ў Дзяржынскім радзільным доме на свет з'явіліся 825 дзяцей. Як сцвярджаюць спецыялісты, сёлета іх будзе больш.

Ларыса КОРШУН

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?