Вы тут

Краснапольскі раён: жыццё пасля Чарнобылю


Летась у Магілёўскай вобласці была зацверджана праграма, якая павінна даць дадатковы імпульс развіццю эканомікі 7 раёнаў вобласці — Касцюковіцкага, Клімавіцкага, Краснапольскага, Крычаўскага, Слаўгарадскага, Чэрыкаўскага і Хоцімскага. Указам №235 для гэтага прадугледжаны сур'ёзныя льготы і прэферэнцыі, вельмі прывабныя для бізнесу і цікавыя для насельніцтва. Праграма мае на мэце спрыяць стварэнню новых працоўных месцаў, будаўніцтву жылля, адным словам — росквіту. У рамках праекта «Паўднёвы ўсход» «Звязда» працягвае расказваць, як выкарыстоўваюцца перавагі Указа, наколькі яны цікавыя прадпрымальным людзям. Першыя нашы выпускі былі прысвечаны Чэрыкаўскаму і Слаўгарадскаму раёнам. Цяпер адпраўляемся ў Краснапольскі.


Сям'я Ста­ра­вой­та­вых ужо сё­ле­та пла­нуе спра­віць на­ва­сел­ле  (фо­та з ар­хі­ва Ста­ра­вой­та­вых).

Край будучых садоў

Апошнія некалькі гадоў у Краснапольскім раёне актыўна займаюцца аднаўленнем садоў. Па ініцыятыве мясцовых дэпутатаў і з дапамогай Міжнароднага фонду развіцця сельскіх тэрыторый быў рэалізаваны праект «Зялёная эканоміка саду для адраджэння вёскі («Дрэвы супраць беднасці і дэградацыі зямлі»)». На яго аснове распрацавана мясцовая праграма «Зялёная эканоміка ў Краснапольскім раёне на 2014—2018 гады».

— Вельмі ўдзячны нашаму дэпутату Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Таццяне Кананчук, якая падказала нам гэту ідэю, — кажа старшыня Краснапольскага райвыканкама Ігар Балахонаў. — З удзелам аддзела адукацыі, спорту і турызму, а таксама насельніцтва прывялі ў належны выгляд сады ў Стайках, Пачапах, Клясіне. На тэрыторыі Пачапоўскага комплексу «Дзіцячы сад-школа» закладзены нават гадавальнік. Цяпер з дапамогай вырашчаных у ім саджанцаў аднаўляюцца сады мясцовых жыхароў. Так што ёсць усе шанцы, што ў будучым Краснапольскі раён стане краем садоў.

Наогул, мы шмат увагі ўдзяляем навядзенню парадку на зямлі. Наш раён моцна пацярпеў ад аварыі на ЧАЭС, большая частка насельніцтва пакінула яго межы. Але зараз ідзе адраджэнне.

— Наколькі раёнам цікавяцца інвестары?

— Пасля таго, як летась уступіў у сілу Указ №235 і запрацавала праграма па развіцці Паўднёва-ўсходняга рэгіёна, у нас зарэгістравана 3 фермерскія гаспадаркі. Ёсць прыклады рэгістрацыі прыватных прадпрыемстваў, але яны невялічкія і накіраваны на тую сыравінную магчымасць, якая маецца ў раёне — дрэваапрацоўку. У нас ёсць добрыя працоўныя рэсурсы, але яны не цалкам загружаны. Нядрэнна было б стварыць прадпрыемства з колькасцю каля 100 працоўных месцаў або філіял буйнога прадпрыемства. Для таго, каб пачаць тут свой бізнес, ёсць усё.

За­раз га­лін­ка, а бу­дзе ел­ка.

Бізнес на пенаблоках

Чакаецца, што Указ дапаможа працы мясцовага жылкамунгаса.

— Мы распрацавалі бізнес-план па засваенні новага віду прадукцыі і адправілі ў Банк развіцця на ўзгадненне. Спадзяёмся, што нас уключаць у праграму. Будзем вырабляць пенаблокі не толькі для сябе, але і прадаваць у іншыя раёны. Да таго ж паявіцца 5 новых працоўных месцаў, — кажа галоўны інжынер прадпрыемства Вячаслаў Пухнатаў.

За кошт асваення новага віду прадукцыі жылкамунгас плануе паменшыць свае выдаткі на будаўнічыя работы. Тут збіраюцца прымяніць яго на рэканструкцыі кацельнай, іншых аб'ектаў.

Палітыка камунальнага прадпрыемства накіравана на мадэрнізацыю і ўдасканаленне форм працы. На яго балансе знаходзіцца жыллёвы фонд раёна, сетка комплексных прыёмных пунктаў, кацельныя ў гарадскім пасёлку і ў сельскай мясцовасці і іншае. І трэба, каб усё гэта эфектыўна функцыянавала.

— Для зніжэння выдаткаў мяняем помпы і катлы на больш энергаэфектыўныя. Праводзім замену цепласетак, робім цеплавую мадэрнізацыю жылфонду, аказваем паслугі за межамі раёна. Напрыклад, можам пракласці водаправод, каналізацыю, зрабіць адмостку, рамонт цокаля. Да нас звяртаюцца, каб скласці гараж. Наогул паслугі аказваем, пачынаючы ад пакосу травы, заканчваючы рытуальнымі, — дадае галоўны інжынер.

А яшчэ жылкамунгас займаецца ўпрыгожваннем райцэнтра рознымі малымі архітэктурнымі формамі. Прычым на дастаткова высокім узроўні. Не адразу можна здагадацца, што гармата, якая адлівае на сонцы металічным бляскам, зроблена з... дрэва. У майстроў з цэха дрэваапрацоўкі атрымліваюцца вельмі прыгожыя і зручныя альтанкі, лаўкі, розныя дэкаратыўныя элементы.

Прыемна яшчэ і тое, што адзін з супрацоўнікаў жылкамгаса атрымаў магчымасць асабіста скарыстацца перавагамі 235-га Указа. Ён стаў адным з тых шчасліўчыкаў, якія ўвайшлі ў лік забудоўшчыкаў 40-кватэрнага дома і атрымаюць ільготны крэдыт пад 1%. Ёсць спадзяванні, што аб'ект будзе ўзведзены ўжо сёлета. Вячаслаў Старавойтаў разам з жонкай выхоўвае траіх дзяцей. Пасля двух сыноў сёлета нарадзілася доўгачаканая дачка.

— Свайго жылля мы не маем, жывём пакуль у цешчы, месца мала. Лічу, што нам вельмі пашчасціла з будучай кватэрай. Атрымаць крэдыт на 20 гадоў пад 1% — гэта, лічы, дарма, — радуецца ён.

Маладым сем'ям грэх скардзіцца на тое, што ў раёне няма куды схадзіць або няма дзе адпачыць. Сёлета адкрылася першая чарга фізкультурна-аздараўленчага комплексу з дзіцячым аквапаркам, да паслуг добрая лазня. Ёсць музей, народны тэатр, нават свой фестываль — «Тэатральныя вечарыны».

Лясгас чакае партнёраў

Ад аварыі на ЧАЭС краснапольскія лясы пацярпелі больш за астатніх, але за апошнія 30 гадоў тут навучыліся абясшкоджваць драўніну.

— У нас ёсць пункт радыяцыйнага кантролю са спецыялізаваным абсталяваннем, спецыяліст, адказны за адбор проб, — можна не асцерагацца за бяспечнасць ляснога багацця, — запэўнівае Аляксандр Падабед, галоўны ляснічы Краснапольскага лясніцтва. — У тых месцах, дзе назіраюцца перавышэнні нормаў па радыяцыі, мы не вядзём работы. А яшчэ аказваем паслугі насельніцтву па праверцы дароў лесу і дзічыны.

Лясгас уносіць сваю лепту ў рэалізацыю праграмы па развіцці паўднёвага ўсходу. Летась у вёсцы Кажамякіна была запушчана новая лінія па перапрацоўцы драўніны. Пашырыліся магутнасці вытворчасці і з'явілася 10 новых працоўных месцаў. А разам з тым узраслі экспарт і прыбытак.

— Экспартуем прадукцыю ў Германію, Бельгію, Эстонію, Латвію, — кажа галоўны ляснічы. — Наладзілі перапрацоўку адходаў. Аполак здрабняем у тэхналагічныя трэскі і адпраўляем у Эстонію. Там іх выкарыстоўваюць для ацяплення. Ёсць доўгатэрміновыя кантракты. Прадукцыя, якую мы вырабляем у цэху дрэваапрацоўкі, прыносіць каля 1,5 мільярда рублёў (у пераліку на старыя грошы).

Нават у няпростых эканамічных умовах у лясгаса атрымліваецца эканоміць. На тэрыторыі Нівіцкага лясніцтва закончылася будаўніцтва лясной дарогі. Яна абышлася ў
4,6 мільярда рублёў, але ў выніку паменшацца выдаткі на вываз драўніны. Дарога дасць магчымасць скараціць шлях у межах лясніцтва на 17 кіламетраў. Увогуле плячо вывазкі з аднаго лясніцтва ў другое паменшыцца на 30 кіламетраў.

Цяпер лясгас аб'явіў конкурс на будаўніцтва сушыльнай гаспадаркі ў дрэваапрацоўчым цэху. Гэта дазволіць атрымаць прадукцыю з павялічанай дабаўленай вартасцю. Ужо заключаны дагавор з праектнай арганізацыяй. Рэалізацыя праекта абыдзецца прадпрыемству ў 1 мільярд рублёў з улікам дэнамінацыі.

— Указ №235 даў адчувальны штуршок у развіцці, — разважае Аляксандр Падабед. — Мы зразумелі, што нават у такім становішчы, як наша (аддаленасці ад абласнога цэнтра, ад чыгуначных шляхоў і гэтак далей), можна развівацца і працаваць з прыбыткам. Калі чалавек мае намер працаваць, яго не спалохае нішто. Мы зацікаўлены ў партнёрах, якія заняліся б рэалізацыяй нашых піламатэрыялаў. Мы ў сілах справіцца з нарыхтоўкай, але ў вытворчасці канчатковай прадукцыі не хапае цікавасці прыватнага бізнесу. Стварэнне дрэваапрацоўчага кластара вельмі было б дарэчы.

Залатое насенне

Лясгас таксама займаецца вырошчваннем саджанцаў і рэалізацыяй іх на экспарт. Летась атрымалася прадаць на 762 мільёны рублёў, сёлета за паўгода — на 430 мільёнаў. Ёсць дагаворы, па якіх краснапальчане вырошчваюць прадукцыю на экспарт у Расію. Цяпер там вельмі вялікі попыт на лесаўтваральныя пароды — сасну, елку, дуб, ясень. Вясной нават было перавышэнне яго над прапановай.

Пад вокнамі адміністрацыйнага будынка лясгаса набірае моц міні-дэндрарый. Ёсць задумка зрабіць дарожкі з пліткі такім чынам, каб з вышыні птушынага палёту гэта нагадвала елку. У выглядзе ліста будуць зроблены і прагулачныя сцяжынкі на тэрыторыі Нівіцкага лясніцтва, дзе ёсць прыгожы вадаём.

Першыя дрэўцы ў дэндрапарку былі закладзены ў 2004 годзе, а ініцыятарам гэтага стаў былы старшы ляснічы Сяргей Мілузнікаў. Цяпер гэта прыгожая зона для адпачынку, дзе вока радуюць розных відаў ядлоўцы, елкі, лістоўніцы. Тут жа непадалёку знаходзяцца тарфяныя градкі, якія ўзніклі ў выніку абмену вопытам з фінамі. Маленькія парасткі мала чым пакуль нагадваюць сасну. Але і для іх прыйдзе свой час. Крыху далей у парніку спеюць нашы будучыя лясы, як красамоўна выказаўся галоўны ляснічы. Штогод лясгас збірае да 12 тон шышак, з якіх атрымліваецца 110-120 кілаграмаў насення. Клапатлівая рука пасадзіць іх у зямлю і аднойчы на паверхню праклюнуцца будучыя дрэўцы. Але спатрэбіцца яшчэ 80 гадоў, каб яны пайшлі ў справу. Тутэйшыя школьнікі не на словах ведаюць, як складана вырасціць дрэва. Пры кожным лясніцтве лясгаса існуюць так званыя школьныя лясніцтвы, якія дапамагаюць збіраць насенне, рабіць шпакоўні. А ў летні час падлеткі маюць магчымасць яшчэ і зарабіць, працуючы ў спецыяльных брыгадах. Летась, напрыклад, школьнікі за 14 дзён работы атрымалі па 1,1 мільёна рублёў (110 рублёў па-новаму) кожны.

Даведка «Звязды»

Краснапольскі раён займае плошчу 1220 квадратных кіламетраў, знаходзіцца за 120 кіламетраў ад Магілёва. Мяжуе са Слаўгарадскім, Чэрыкаўскім, Клімавіцкім, Касцюковіцкім раёнамі Магілёўскай вобласці, Чачэрскім і Кармянскім Гомельскай і Краснагорскім з боку Расіі. Гістарычная назва Краснаполля — Маластоўка. Цяперашняе яго найменне мае два варыянты тлумачэння. Першы звязаны з Паўночнай вайной, калі тут ішлі кровапралітныя баі паміж войскамі Пятра І і шведскага караля Карла XІІ. А другі — з вялікімі пакладамі ў раёне чырвонай гліны.

Да аварыі на Чарнобыльскай АЭС на тэрыторыі раёна пражывала 23 800 жыхароў. Зараз — 9960, з іх каля 5 тысяч непасрэдна ў Краснаполлі. Раён лічыцца сельскагаспадарчым. Прыярытэтнымі кірункамі ўкладання інвестыцый з'яўляюцца дрэваапрацоўчая галіна, вытворчасць цэглы, разліў пітной і мінеральнай вады, а таксама безалкагольных напояў, арганізацыя вытворчасці па выпрацоўцы аднаўляльных крыніц энергіі і па перапрацоўцы другасных рэсурсаў. Тут зацікаўлены ў адкрыцці прадпрыемства па аказанні транспартна-лагістычных паслуг, паслуг прыдарожнага сэрвісу і сэрвіснага абслугоўвання аўтамабіляў, арганізацыі вытворчасці па выпуску тавараў лёгкай прамысловасці (швейныя вырабы), вытворчасці паліўных гранул з саломы, сельскагаспадарчай вытворчасці. Для рэалізацыі праектаў у Краснаполлі і раёне падрыхтаваны 15 інвестпляцовак.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Краснапольскі р-н

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Чырвонае поле

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».