Вы тут

МАЗы адправяцца ў супермарафон у Кітай


Каманда «МАЗ-СПОРТаўта» гэтымі днямі адправілася ў транскантынентальнае ралі «Шаўковы шлях — 2016», якое ўпершыню пройдзе па напрамку з Масквы ў Пекін. Да марафону падрыхтаваны і пратэсціраваны два новыя аўтамабілі з сучаснымі рухавікамі, паведамілі ў камандзе.


Беларускіх гоншчыкаў чакае больш за 10 тысяч кіламетраў складанага і выматвальнага бездарожжа, прычым больш за палову ўсяго шляху складуць хуткасныя ўчасткі. Экіпажам трэба будзе пераадолець бязмежныя стэпы, стромкія горныя серпанціны, каварныя пяскі і дзюны. Маршрут будзе праходзіць па тэрыторыях трох краін — Расіі, Казахстана і Кітая. Арганізатары падрыхтавалі ўдзельнікам сапраўдную праверку на трываласць, бо «Шаўковы шлях» можа стаць адным з самых складаных ралі ў свеце.

Беларусь на ралі прадставяць тры грузавікі. Два новыя грузавікі МАЗ атрымалі 12,5-літровыя рухавікі, створаныя чэшскай камандай Buggyra на аснове агрэгатаў ад Caterpіllar. Тэставыя выпрабаванні грузавікоў нядаўна з поспехам прайшлі на палігоне пад Мінскам. Пры ўдалым выступленні на «Шаўковым шляху» каманда, верагодна, выступіць на іх і на «Дакары».

Новы аўтамабіль атрымаў экіпаж Сяргея Вязовіча (пілот), Паўла Гараніна (штурман) і Андрэя Жыгуліна (механік). Сучасны спорткар павядуць таксама Аляксандр Васілеўскі (пілот), Дзмітрый Віхранка (штурман) і Антон Запарошчанка (механік). Трэці экіпаж будзе ўдзельнічаць на баявой машыне, на якой раней выступаў Сяргей Вязовіч. За яе рулём будзе Аляксей Вішнеўскі, вядомы як трохразовы чэмпіён Беларусі па дрыфтынгу. Кампанію яму складуць штурман Максім Новікаў, а ў якасці механіка будзе Канстанцін Сінябок, які ў выпадку неабходнасці выступіць і пілотам.

Беларусы на «Шаўковым шляху» будуць змагацца за першыя месцы. «Мы ўжо сфарміраваліся як каманда, у свеце аўтаспорту нас ведаюць і паважаюць. Цяпер наша задача — не проста развівацца, але і паказваць высокія вынікі. Апошнія трэніроўкі паказалі, што машыны і гоншчыкі гатовыя да любых выпрабаванняў. Усе разумеюць: гонкі такога ўзроўню — гэта не проста спорт, але і шанц паказаць магчымасці беларускай тэхнікі і павысіць імідж краіны за мяжой», — падкрэслілі ў камандзе «МАЗ-СПОРТаўта».

Міжнароднае ралі «Шаўковы шлях» стартуе 8 ліпеня з Краснай плошчы ў Маскве і завершыцца 24 ліпеня на плошчы Цяньаньмэнь у Пекіне. Гоншчыкаў чакае 15 этапаў — на два больш, чым на «Дакары». Маршрут марафону будзе праходзіць праз 15 гарадоў, пустыню Гобі і хрыбты Цянь-Шаня, а адзін з этапаў прывядзе да возера Балхаш. У ралі-рэйдзе прымуць удзел 24 грузавікі і 100 пазадарожнікаў. Арганізатарам каманды «МАЗ-СПОРТаўта» выступае Мінскі аўтазавод. Гоншчыкі пяць гадоў запар удзельнічаюць у «Дакары» і іншых буйных ралі-рэйдах. Беларускія экіпажы часта ўваходзілі ў лік найлепшых экіпажаў на асобных этапах, а таксама ў генеральнай класіфікацыі па выніках гонак.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Супермарафон нашых МАЗаў у Пекін

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?