Вы тут

Раім схадзіць


Купальская вечарына ў батанічным садзе, класіка каля ратушы, TheatreHD і выстава лялек – афіша «Звязды» з 8 па 14 ліпеня.


Купальская вечарына

Фота: blizko.by

Дзе: Цэнтральны батанічны сад НАН Беларусі (пл. Калініна)

Калі: 9 ліпеня, 17:30

Колькі каштуе: 6 руб.; школьнікі, студэнты, пенсіянеры – 3 руб; дзеці да 6 гадоў – бясплатна

У гэтым годзе арганізатары пастараліся максімальна перадаць атмасферу свята Івана Купала.

Гасцей чакае шмат музыкі на старадаўніх інструментах, народныя гульні, карагоды і жарты. У гэты дзень можна будзе паслухаць беларускую музыку, навучыцца на майстар-класах народным танцам, сплесці вянок, зрабіць «ляльку-абярэг» і «купальскую кветку», паваражыць на вянках на возеры, пакаштаваць гарбату з лекавых траў ад батанічнага саду.

Акрамя гэтага, прафесійныя экскурсаводы правядуць эксклюзіўныя экскурсіі па калекцыі траў «магічнай і гаючай сілы». Пачатак у 17:30.


Класіка каля ратушы з velcom

Фота: mag.relax.by

Дзе: Мінская гарадская ратуша

Калі: 9 ліпеня, 20:00

Колькі каштуе: бясплатна

Кожную летнюю суботу Мінск чакае серыя ўнікальных канцэртаў «Класіка каля ратушы з velcom». Упершыню праект прайшоў летам 2015 года.

У гэтую суботу, 9 ліпеня, адбудзецца 3D-канцэрт і вечар сімфанічных шэдэўраў. На сцэне выступіць ансамбль салістаў «Парціта». У праграме – віртуозная і яркая музыка Г. Ф. Гендэля, А. Вівальдзі, В. А. Моцарта, Ё. Гайдна і А. Сальеры. Выступіць таксама і Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі маэстра Аляксандра Анісімава, які выканае сімфанічныя шэдэўры П. Чайкоўскага, І. Штрауса, Я. Сібеліуса, А. Дворжака.


Выстава «Ад рымскага дэнарыя да беларускага рубля»

Дзе: Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь (вул. К. Маркса, 12)

Калі: па 10 ліпеня з 11:00 да 19:00 кожны дзень

Колькі каштуе: удакладняць у касе

Выстава спрабуе паказаць, якім чынам змянялася грашовае абарачэнне ў Беларусі на працягу амаль дзвюх тысяч год. Адсюль і яе назва – «Ад рымскага дэнарыя да беларускага рубля». Асаблівая ўвага надаецца грашовым рэформам, якія адбываліся на беларускіх землях у розныя часы.

Інтэрактыўны элемент праекта – дэтэктар банкнот, на якім кожны жадаючы можа спраўдзіць аўтэнтычнасць сваіх папяровых грашовых знакаў.


TheatreHD: Кар Мэн

Дзе: кінатэатр «Цэнтральны»

Калі: 13 ліпеня, 19:00

Колькі каштуе: удакладняць у касе

Дзякуючы праекту Theatre HD пастаноўкі лепшых заходніх тэатраў можна ўбачыць у любой кропцы свету. Усё, што для гэтага трэба, – квіток у кіно.

«Кар Мэн» пастаўлены па матывах, але вельмі аддаленых, знакамітай оперы Жоржа Бізэ «Кармэн», для якой была напісана адна з самых вядомых класічных партытур.

Усім вядомая гісторыя з XIX стагоддзя і тытунёвай фабрыкі пераехала ў зашмальцаваную аўтамайстэрню-забягалаўку ў Амерыцы 60-х гадоў, дзе страсці і мары жыхароў маленькага гарадка разбіваюцца ўшчэнт са з'яўленнем абаяльнага незнаёмца. 


Мюзік-шоў «Залатая калекцыя мюзіклаў»

Фота: mag.103.by

Дзе: тэатр Генадзя Гладкова (пр-т Незалежнасці, 25)

Калі: 14 ліпеня, 19:00

Колькі каштуе: ад 10 руб.

У адзін вечар прагучаць галоўныя хіты з самых папулярных сусветных мюзіклаў: ад брадвейскай класікі («Прывід оперы», «Вэстсайдская гісторыя», «Кабарэ», «Чыкага», «Эвіта», «Спяваючыя пад дажджом») да твораў айчынных аўтараў Генадзя Гладкова, Максіма Дунаеўскага, Аляксея Рыбнікава.

Нумары з лепшых сусветных мюзіклаў прадставяць вядучыя беларускія артысты музычнага тэатра.


Выстава «Маленькая казка Анастасіі Адамовіч»

Фота: cartolinadesign.livejournal.com

Дзе: Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага (пл. Свабоды, 15)

Калі: па 31 ліпеня; сер. – нядз. з 11:00 да 19:00

Колькі каштуе: удакладняць у касе

Лялькі Анастасіі Адамовіч – гэта персанажы міфаў, казак, гарадскіх легенд і літаратурных твораў. На выставе можна ўбачыць больш за 20 твораў, выкананых у разнастайных аўтарскіх тэхніках.

Усе экспанаты выставы зроблены па арыгінальных аўтарскіх эскізах і створаны ў адзінкавым экземпляры. 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».