Вы тут

Як спалучаецца элітнае і масавае мастацтва


Летнія мінскія суботы ўжо звыкла асацыююцца з музычнымі вечарамі ў гістарычнай частцы горада — джаз, класічная музыка, духавыя аркестры эстэтызуюць нашу штодзённасць. 25 чэрвеня прайшоў апошні з трох джазавых канцэртаў пад адкрытым небам у цэнтры сталіцы, якія наведала каля трыццаці тысяч чалавек. Цяпер гэтае месца збіраецца заняць выключны гукавы код — ужо 9 ліпеня адбудзецца першы канцэрт з серыі «Класіка ля ратушы». Музыка ад беларускіх і замежных выканаўцаў будзе гучаць кожную суботу да 27 жніўня.


У нашай традыцыі, асабліва што тычыцца побыту нядаўняй мінуўшчыны, стасункі з сюітамі і накцюрнамі маюць асаблівую гісторыю. У савецкія часы прысутнасць класічнай музыкі ў жыцці народа, кажучы спецыяльнай лексікай, была надзвычай высокай. Невыпадкова галоўная гераіня стужкі «Вясна на Зарэчнай вуліцы» дзеля фартэпіяннага канцэрта Сяргея Рахманінава ігнаруе не каго-небудзь, а самога Мікалая Рыбнікава (дакладней яго персанажа Сашу Саўчанку).

Тагачасная асвета зрабіла стаўку на класічную — элітную — музыку, таму паўсюдна былі адкрыты музычныя школы, філармоніі і оперныя тэатры, якія арганізоўвалі выязныя канцэрты. Спраўна прадаваліся адпаведныя пласцінкі, на радыё і тэлебачанні трансляваліся выступленні аркестраў. Альтэрнатывай тэлеперадачы навін «Время» былі менавіта канцэрты класічнай музыкі, і не ў апошнюю чаргу таму, што галоўная праграма краіны не магла быць заменена больш відовішчным варыянтам. І сёння шмат хто памятае, як падчас жнівеньскага путчу 1991 года паміж выпускамі навін па тэлебачанні круцілі «Лебядзінае возера».

У савецкія часы класічная музыка перайшла мяжу паміж элітнай і масавай культурай. Праўда, апошняе паняцце ў гэтым кантэксце павінна ўспрымацца не зусім традыцыйна. Масавая культура і культура для мас (слова «маса» ў камуністычнай дактрыне гучала шматзначна) — не адно і тое ж.

Зусім па-іншаму, але класічная музыка і сёння перасягае рубеж і ўліваецца ў «маскульт», становіцца яго часткай. Наколькі рухомай з'яўляецца сама папулярная культура, настолькі арганічна ў ёй выглядаюць вялікія дасягненні Штраусаў. Фармат «Класікі ля ратушы» — канцэртаў на адкрытай гарадской прасторы — адзін з найлепшых і карысных прыкладаў гэтага ўзаемнага ўлівання. Музыка тут займае свае заслужаныя пазіцыі: класічныя творы гучаць не ў якасці фону, што характэрна для сённяшняга наваколля, а нарэшце як першы план — як твор мастацтва.

Сёлета на плошчы Свабоды пройдзе восем канцэртаў, а гэта ўдвая больш, чым летась, калі праект быў увасоблены ўпершыню. 9 ліпеня серыю канцэртаў адкрыюць два калектывы — Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр пад кіраўніцтвам Аляксандра Анісімава з выкананнем твораў Пятра Чайкоўскага, Іагана Штрауса, Яна Сібеліуса, Антаніна Дваржака, і ансамбль салістаў «Парціта» з музыкай Моцарта і Сальеры, Георга Гендэля, Ёзэфа Гайдна, Антоніа Вівальдзі.

Кожная субота ў праграме тэматычна маркіраваная. 16 ліпеня адбудзецца так званая «Музычная дуэль Павароці і Сінатры»; каб вызначыць пераможцу, будзе замервацца гучнасць апладысментаў (асабіста я балельшчык за барытон Фрэнка Сінатры). Адна з субот будзе прысвечана музыцы барока — Іагана Баха, зноў жа Георга Гендэля і Антоніа Вівальдзі. У праграме праекта «Класіка ля ратушы» прагучыць таксама аўтэнтычная і класічная іспанская музыка (у гэты ж дзень можна будзе паглядзець на фламенка), музыка з савецкага і галівудскага кіно, класічныя творы ў джазавай апрацоўцы, нарэшце наша ўласная беларуская музыка XІX—XX стагоддзяў.

«Класіка ля ратушы» — знакавае для нашай прасторы спалучэнне высокай і папулярнай культуры. Паралельна з пляцоўкай, на якой прафесійныя музыканты будуць выконваць класічныя творы, што нагадвае нам філармонію, будуць працаваць складнікі праекта, уласцівыя мерапрыемствам іншага кшталту. Вялікія экраны, на якіх можна бачыць сцэну, — атрыбут канцэртаў папулярных сучасных выканаўцаў. Спецыяльная дзіцячая пляцоўка з аніматарамі, велапаркоўка, невялічкія экскурсіі, розыгрышы дзеля дабрачыннасці — усё гэта, далёкае ад камерных зал, пазычана з практыкі гарадскіх фестываляў. Ды і сама праграма створана ў тым ліку з імкненнем зацікавіць гараджан (чаго вартая толькі дуэль паміж Павароці і Сінатрам).

Такі сінтэз нараджае свята для ўсіх, прычым безумоўнай яго вартасцю з'яўляецца неабмежаванасць месцаў. Нарэшце, праект «Класіка ля ратушы» мае функцыю асветы, той самай эстэтызацыі штодзённасці, насычэння прасторы прыгожым, што лічылася важным у тыя ж савецкія часы.

Хто б там ні быў, як ва ўжо згаданай карціне, яго можна праігнараваць дзеля канцэрта класічнай музыкі ў цэнтры горада. На ўсе мерапрыемствы ўваход вольны. Вечары арганізуюцца міжнародным фондам «Ідэя» і Мінскім гарвыканкамам пры падтрымцы генеральнага партнёра праекта — кампаніі Velcom.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovіch@zvіazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Класіка ў папулярных формах

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

У апошнія гады тэма раўнапраўя паміж мужчынамі і жанчынамі перажывае новую хвалю росквіту.

Культура

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Гісторыя аднаго выступлення.