Вы тут

Што чакае Салігорскі завод тэхналагічнага абсталявання?


Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Міхаіл Мясніковіч з рабочай паездкай наведаў Салігорскі раён. На Салігорскім заводзе тэхналагічнага абсталявання спікер верхняй палаты парламента сустрэўся з працоўным калектывам. Прадпрыемства заснавана ў 1987 годзе, у 1996-м акцыянавана, спецыялізуецца на вытворчасці і рамонце абсталявання для горназдабыўнай і хімічнай галіны.


Апошнія пяць гадоў завод накоплівае праблемы. Вялікая крэдыторская запазычанасць, у тым ліку пратэрмінаваная, не дазваляе разлічваць на атрыманне дадатковых сродкаў для папаўнення абаротнага капіталу і вырашаць пытанні загрузкі вытворчых магутнасцяў. Становішча абцяжарваецца яшчэ і тым, што тут не думалі аб перспектыве развіцця і ў асноўным выпускалі традыцыйнае горна-шахтнае абсталяванне. Прычым яно не можа канкурыраваць на рынку ні па якасці, ні па цане.

Асноўны заказчык прадпрыемства — Беларуськалій.

— У сярэдзіне мінулага года завод не вытрымаў тэрмінаў выканання дагавораў са сваім галоўным спажыўцом. У выніку разліковы рахунак апусцеў. Гэта пацягнула за сабой запазычанасць па заработнай плаце, крэдыторам, пастаўшчыкам электраэнергіі, у бюджэт. Цяпер прадпрыемства працуе ў асноўным на давальніцкай сыравіне, — адзначыў дырэктар Юрый ТРАЯН.

— Такая сітуацыя працягваецца каля года, — канстатавала выконваючая абавязкі старшыні Салігорскага райвыканкама Людміла ЦЫБУЛЁНАК. — Неаднаразова распрацоўваліся розныя варыянты па выхадзе з крызісу, былі прапановы і з боку акцыянераў, яны запрабавалі прадаць каштоўныя паперы праблемнага актыву. Але нічога з гэтага не атрымалася. Сёлета змянілася і кіраўніцтва завода. Яго намаганнямі ўдалося захаваць касцяк калектыву. Цяпер тут працуе 160 чалавек. Але зноў жа многія з іх цалкам не загружаны і, канешне, не маюць дастойных заробкаў. Так працягвацца далей не можа. Калі акцыянеры не прыйдуць да агульнай згоды, не будуць уліваць капітал у вытворчасць, то, магчыма, варта разгледзець пытанне аб банкруцтве завода з далейшым працаўладкаваннем людзей на прадпрыемствах Салігорскага раёна.

Падтрымаў Людмілу Цыбулёнак намеснік старшыні Мінаблвыканкама Алег ПЛАЎСКІ: «Сітуацыя, што склалася на прадпрыемстве, — вынік мэтанакіраванай дзейнасці акцыянераў. Фактычна на працягу ўсяго перыяду не вялося абнаўленне абсталявання, мадэрнізацыі, дыверсіфікацыі вытворчасці. Мы абмяркоўвалі пытанне, каб перадаваць акцыі ў аператыўнае кіраванне або часткова ўзяць кантрольны пакет у камунальную ўласнасць. З тым, каб усе наступныя прыбыткі ад выканання заказаў укладваліся ў развіццё прадпрыемства, мадэрнізацыю».

Выслухаўшы меркаванні ўсіх зацікаўленых, Міхаіл Мясніковіч прапанаваў вывучыць магчымасць дасудовага аздараўлення прадпрыемства шляхам санацыі або частковай санацыі: «Тут сфарміраваны партфель заказаў на другое паўгоддзе. Магчыма, гэта шанц, каб аздаравіць эканоміку. Дзяржава не адмахваецца ад праблем прадпрыемства, але ў першую чаргу трэба вельмі сур'ёзна працаваць з акцыянерамі. У гэтай сітуацыі трэба дзейнічаць рашуча, і нават забраць акцыі праз суд. Мы разгледзім пытанне і з прававога пункту гледжання. І калі акцыянеры давялі прадпрыемства да ручкі, а гэта менавіта так, то трэба, каб яны адказвалі па законе. Гэта будзе ўрок і для іншых акцыянераў краіны. Уласнікі павінны адчуваць адказнасць за лёс прадпрыемства, калектыву. Усё добра — яны кладуць грошы ў сваю асабістую кішэню, дрэнна — дзяржава падстаўляй плячо. У тым ліку і акцыянеры таварыства павінны сабрацца разам і вырашыць, як працаваць далей, а не дзяліць дывідэнды».

Гранічна шчырым быў спікер верхняй палаты парламента і з калектывам, залатых гор не абяцаў: «Скажу адкрыта, вам ніхто не дасць крэдыт, ні адзін банк. Таму што вы яго не можаце выкарыстаць па прызначэнні. Але мы разумеем, што ў вас ёсць сем'і, дзеці, якіх трэба ўтрымліваць. Як і тое, што трэба дапамагчы людзям, якія не па сваёй віне аказаліся ў складанай сітуацыі. Разам з тым і вам трэба было праяўляць большую актыўнасць, уздымаць праблемы на сходах, перад кіраўніцтвам прадпрыемства. Магчыма, тады такой цяжкай сітуацыі можна было б пазбегнуць. Будзем думаць, як выходзіць са становішча. Мясцовая ўлада, урад не пакінуць вас сам-насам з праблемамі. На жаль, большага не магу абяцаць. Сёння ў прадпрыемства няма перадумоў для перспектывы. Мы разгледзім прапановы ўсіх зацікаўленых бакоў, як падтрымаць завод. Але гэта будзе тычыцца радавых работнікаў, працоўнага калектыву».

Сітуацыю ў ЗАТ «Салігорскі завод тэхналагічнага абсталявання» мясцовыя ўлады трымаюць на кантролі. Аб усіх прынятых рашэннях будзе інфармавацца працоўны калектыў.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Аздараўленне або банкруцтва?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».