Вы тут

«Уплятаць у слова, як у малітву»


Сёння свой юбілей святкуе доктар гістарычных навук, прафесар Інстытута журналістыкі БДУ Алег Георгіевіч Слука.

Маё знаёмства з Алегам Георгіевічам пачалося ў першы дзень заняткаў на журфаку. Па традыцыі, 1 верасня ў Інстытуце журналістыкі для першакурснікаў ладзяць цікавыя сустрэчы, так званыя майстар-класы з карыфеямі журналістыкі...


Так і тады, яшчэ зусім «зялёныя» і шчаслівыя ад таго, што паступілі на адзін з прэстыжнейшых факультэтаў галоўнай ВНУ краіны, мы сядзелі ў актавай зале прыгожага будынка, паглыбляліся ў прафесію і знаёміліся з выкладчыкамі. Здаецца, даўно было, але я і сёння памятаю выступленне Алега Слукі. Не змест, вядома. У маёй памяці — яго эмоцыі, жэстыкуляцыя, тактычныя звароты «калегі» — да нас яшчэ ніхто ў жыцці так не звяртаўся! Прафесар не карыстаўся ніякімі канспектамі і дапаможнікамі — дзякуючы свайму вялікаму вопыту ён добра ведаў, як зацікавіць учарашніх школьнікаў. Ужо тады мы зразумелі, што недарэмна выбралі гэтую прафесію.

Сам Алег Георгіевіч скончыў факультэт журналістыкі БДУ ў 1968 годзе і адразу ж паступіў у аспірантуру. Адну за адной ён мяняў высокія пасады: загадчык падрыхтоўчага аддзялення БДУ, намеснік сакратара парткама па ідэалагічнай рабоце, дэкан факультэта журналістыкі БДУ, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, намеснік міністра адукацыі, рэктар Міжнароднага гуманітарна-эканамічнага інстытута, прафесар кафедры гісторыі журналістыкі і менеджменту СМІ Інстытута журналістыкі БДУ.

Колькі ахвотных было запісацца на спецкурс да прафесара! Я туды не трапіла: спіс быў ужо перапоўнены. Студэнтаў падкупляла нязмушаная форма выкладання Алега Георгіевіча. Усе ведалі і тое, што гэты выкладчык раскажа нешта новае і карыснае, а галоўнае, вельмі патрэбнае нам, маладым журналістам. Пра сябе прафесар казаў мала, а, між іншым, лёс яго не песціў.

Нарадзіўся Алег Слука ў звычайнай сялянскай сям'і ў вёсцы Лабковіца, што ў Асіповіцкім раёне. З'явіўся на свет у вельмі няпросты час — толькі пачалася Вялікая Айчынная вайна. Бацька пайшоў на фронт. Тры сыны, ды яшчэ гаспадарка, усё лягло на плечы маці. Усе цяжкасці акупацыі не прайшлі міма іх, але сям'ю ўдалося захаваць. Бацька з вайны вярнуўся, ды праз год яго не стала — нагадала пра сябе вайна.

У сваёй вёсцы Алег Слука скончыў дзесяцігодку. Тут жа, у калгасе, адразу пасля школы і працаваў. З будучай прафесіяй вызначыўся ў апошніх класах. Нават скончыў курсы юнкараў пры «Знамени юности». Але перш чым паступіць ва ўніверсітэт, трэба было два гады папрацаваць. Набіраўся вопыту ў Кандалакшы. Потым была служба ў арміі. І толькі пасля — доўгачаканы журфак.

«Нешта з боскай вышыні падказала: «Ты ж ідзі вось па гэтым шляху, каб у жыцці ўбачыць нешта ўзнёслае, нешта прыгожае, што ствараюць людзі, — казаў у адным з інтэрв'ю Алег Георгіевіч. — Журналіст не толькі лунае над зямлёй. Яго паэзія — ісці ад жыцця, бачыць, што чалавек робіць, і тады ўзносіць гэта, уплятаць у слова, як у малітву».

Амаль усё жыццё Алег Слука прысвяціў журналістыцы. Яго вопыт працы ў сродках масавай інфармацыі небагаты, але больш за яго пра гісторыю журналістыкі, напэўна, не ведае ніхто. Ні адна курсавая работа не абыходзілася без звароту да падручнікаў, над якімі скрупулёзна ў свой час працаваў прафесар. У тым ліку па выданнях пад яго аўтарствам падчас працы над дыпломам і магістарскай дысертацыяй я даследавала гісторыю найстарэйшай газеты «Звязда».

Алег Георгіевіч быў у камісіі, калі я паступала ў магістратуру. Прызнаюся, з такім знаўцам гісторыі беларускай журналістыкі праваліць іспыт было вельмі лёгка. Але прафесар — нават не ведаю такіх выпадкаў — ніколі не «завальваў» студэнтаў, не прыніжаў, а наадварот, увесь час падтрымліваў і знаходзіў у такіх важных для нас выступленнях нешта адметнае. І сёння з галавы не выходзіць, як падчас маёй абароны дыпломнай работы Алег Георгіевіч — вялікі прафесар! — устаў і выказаў удзячнасць за зварот да абранай тэмы.

Сам Алег Слука абараніў дзве дысертацыі — кандыдацкую і доктарскую. На яго рахунку — 16 кніг, манаграфій і вучэбных дапаможнікаў, вялікая колькасць навуковых публікацый. Дарэчы, менавіта з лёгкай рукі прафесара ўбачыў свет падручнік «Беларуская журналістыка» — першае найбольш поўнае даследаванне па гісторыі журналістыкі.

За сваю самаадданую працу на ніве журналістыкі і ў іншых галінах жыццядзейнасці Алег Георгіевіч станавіўся лаўрэатам прэміі Ленінскага камсамола Беларусі ў галіне навукі і тэхнікі, прэмій «Залатое пяро», імя акадэміка Пічэты. Алег Слука па праве носіць званні заслужанага журналіста Беларускага саюза журналістаў, выдатніка друку і адукацыі.

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.