Вы тут

Карэспандэнт «Звязды» здзейсніў пілігрымку з Мінска ў Будслаў


Дарога. Няпростая і роўная, з выбоінамі і без, насычаная камянямі, якія рэзка, непрыемна аддаюць у ступнях. Але боль слабы, калі побач з табой аднадумцы, а наперадзе — чаканая сустрэча. Карэспандэнт «Звязды» разам з пілігрымамі прайшоў 126 кіламетраў да славутага цудатворнага абраза ў Будславе, занатаваў самае цікавае і зразумеў, што фізічныя пакуты могуць быць нічым у параўнанні з радасцю ад дасягнутай мэты.


Ранак буднага дня. Вялікі горад толькі прачынаецца пасля спякотных выхадных, а мінакі спяшаюцца на работу. Каля Архікафедральнага касцёла імя Найсвяцейшай Дзевы Марыі ўсё наадварот. Тут пануе спакой і амаль ніякай мітусні. Прастора каля касцельнага кіёска застаўлена заплечнікамі, сакваяжамі. Там і тут у чахлах ляжаць палаткі, звязаныя турыстычныя дыванкі і чакаюць фуру, што з рэчамі будзе суправаджаць пілігрымаў у дарозе. Іх уладальнікі спакойна размаўляюць каля ўвахода. Астатнія ўкленчылі ў храме, засяроджана, з малітвай рыхтуюцца да няпростага падарожжа. Я гляджу на гадзіннік і разумею, што да пачатку пешага паломніцтва застаецца гадзіна. Але яна растала вокамгненна, як марозіва на пякучым сонцы. Раздаўся свісток, і больш за дзвесце чалавек у калоне рушылі наперад.

* * *

На першым кіламетры ты толькі і ловіш на сабе дапытлівыя позіркі прахожых. Нехта з людзей пазірае на цябе насцярожана, нават абыякава, а нехта адказвае ўсмешкай на ўсмешку, ветліва махае рукой у адказ. Каля Палаца Рэспублікі вясёлыя дзяўчаты выскачылі на офісны балкон і з інтарэсам здымаюць нас на мабільныя тэлефоны. Дваістасць ва ўспрыманні захаваецца і надалей. Але найбольш уразіла праваслаўная манахіня, якую пілігрымы спаткалі ў Навінках, на выездзе з Мінска. Убачыўшы ўдалечыні крыж, жанчына перажагналася, дачакалася паломнікаў і благаславіла іх у добры шлях.

* * *

Пілігрымы рушаць калонай. З аднаго боку іх абмяжоўвае край дарогі, з другога — даўжэзны шнур у руках людзей, які не дазваляе ім выйсці на праезную частку. За тым, каб машыны з паваротаў не выязджалі наўпрост на людзей, сочаць хлопцы са сцяжкамі і рацыямі для сувязі. Яны нібыта тыя рэгуліроўшчыкі, што часова спыняюць рух на дарогах. Працуюць ладна, без затрымак. Часам за шэсцем збіраецца невялічкая чарга з машын. Але ніхто з кіроўцаў не нервуецца. Паводзяць яны сябе даволі карэктна.

Наперадзе нясуць драўляны крыж. У чыіхсьці руках на ветры развяваюцца сцягі Мінска і Ватыкана. Крыху далей ідзе мужчына з калонкай. Усе хрысціянскія песні спяваюць пад гітару, і дзякуючы калонцы словы чуваць нават у канцы калоны. А калі ўся пілігрымка пачынае спяваць хрысціянскую песню «Вольная Воля», спеў літаральна запаўняе сабой навакольную прастору. І ты толькі чуеш, як дзесьці наперадзе дзясяткі галасоў паўтараюць рэфрэн: «Уставай і кроч разам са мной, я іду за Хрыста і Касцёл».

* * *

На другім прывале ў вёсцы Паперня пад шатамі дрэў слова трымае ксёндз Кірыла Бардонаў. Але не паспеў ён цалкам сфармуляваць сваю думку, як над галовамі ўладкаваных на дыванках пілігрымаў праносяцца рэактыўныя самалёты. Праз хвіліну айцец Кірыл працягнуў сваю думку пра духоўную важнасць пілігрымкі, ды ў паветры зноў з'явіўся знішчальнік.

— Ну вось, можна і на парад не ісці, — пажартаваў нехта з прысутных. — Рэпетыцыю ж ужо пабачылі!

Акрамя Кірыла Бардонава ўсе пяць дзён з пілігрымамі праводзіць яшчэ адзін святар — Дзмітрый Дубовік, які працуе ў парафіі Святой Барбары ў вёсцы Замосце, пад Слуцкам. Часам здаецца, што ў гэтага ўсмешлівага, актыўнага святара на спіне пад сутанай схаваны маторчык. Нават у такую спёку, ад якой пот засцілае вочы, ён з хуткасцю спартсмена бегае ўздоўж калоны. Заахвочвае рухацца хутчэй тых, хто крыху адстаў, пастаянна падбадзёрвае, часам запускае наперадзе хвалю, якая аддаленна нагадвае тую, што пускаюць на стадыёнах заўзятары. Кожную раніцу менавіта ягоны свісток склікае ўсіх на малітву і сняданак. Хоць сам ксёндз Дзмітрый сцвярджае, што бегаў раней, цяпер проста абыходзіць вернікаў і размаўляе з імі.

— У кіраванні пілігрымкай галоўнае, каб усе былі задаволеныя, — лічыць ён. — Менавіта да гэтага трэба імкнуцца. Калі чалавек у дарозе будзе адчуваць радасць, тады ўсё атрымаецца належным чынам. У нашай пілігрымцы ідуць больш за 200 чалавек. Лічу, гэта аптымальная колькасць удзельнікаў. Такім паломніцтвам і кіраваць прасцей. Праз некалькі дзён ты ўжо ведаеш, хто, якія мае патрэбы. Што тычыцца нашага маршруту, ён ужо даўно не мяняецца. Праблема толькі ў тым, што першая каталіцкая парафія з'яўляецца на нашым шляху ў Альковічах, куды прыходзім на трэці дзень. Дагэтуль начуем у школах. Але ў будучыні плануем ставіць вялікія палаткі, каб пазбавіцца залежнасці ад некаторых месцаў.

* * *

Ксёндз Кірыл БАРДОНАЎ:

— Пілігрымка — час, калі ты адрываешся ад штодзённасці, хатніх клопатаў. Не жывеш па інерцыі, як гэта робіш звычайна, а вырываешся падчас і з манатоннасці. Чалавек выходзіць з зоны камфорту і проста трапляе ў зусім іншую жыццёвую сітуацыю.

Штодзённы графік пілігрыма, насычаны 20—30-кіламетровымі пешымі кідкамі, нагадвае армейскі расклад. Пад'ём у 6:00, адбой — у 22:00. Пасля адбою людзям, безумоўна, дазваляецца размаўляць, але толькі так, каб клацанне абуткам і размовы не перашкаджалі адпачываць астатнім. Першыя два дні пілігрымы начавалі ў школах — у вёсках Вішнёўка і Калачы. Адну з начэй я правёў пад пледам у звычайным класе, другую — у вялікай, прасторнай спартыўнай зале. Самыя спрактыкаваныя хлопцы клаліся наўпрост на спартыўныя матрацы. Тым, каму не хапіла, засыналі ў сваіх спальных мяшках. Ніякіх нязручнасцяў гэта не выклікала. Пасля трыццацікіламетровага адрэзка ў другі дзень да Калачоў хацелася аднаго — легчы і заснуць.

* * *

Кухня пілігрыма — асобная гісторыя. За два дні многія з'ядаюць хатнія ссабойкі і застаецца толькі вада, без запасаў якой проста немагчыма. Гатуюць пілігрымам на звычайнай палявой кухні. Але гэта ніяк не ўплывае на смак прыгатаванага. За ўвесь час я не сустрэў таго, хто б быў незадаволены якасцю страў. Меню, зразумела, не рэстараннае, але ўся ежа даволі сытная. На сняданак — грэчка, на абед — суп з бульбай, на вячэру — макароны з мясам. З напояў на кухні вараць гарбату. Ну а калі табе і гэтага не хапае, сёе-тое можна набыць у вясковых крамах, дзе звычайна пілігрымы ў гарачую пару скупляюць пітную ваду, марозіва, вафлі ці печыва.

* * *

З чарнявай Жэняй Турчыной, медыкам па адукацыі, за пяць дзён дарогі пазнаёміўся ледзь не кожны пілігрым. Штодня да Жэні і яе напарніц выстройваюцца сапраўдныя чэргі. Яна ўладкоўваецца на дыванку каля сваёй палаткі і скрупулёзна прабівае мазалі, выдаткоўвае пластыр і пену, якая ратуе ад бязлітаснага сонца. Дзякуй Богу, сур'ёзных пашкоджанняў ніхто не атрымаў. Хоць людзі падчас пілігрымкі бывае трацяць прытомнасць, збіваюць ногі. Галоўнае, каб не было таго, што здарылася колькі гадоў таму, калі дзяўчынку з апендыцытам прыйшлося везці ў мінскую бальніцу. Напрыканцы пілігрымкі Жэня сама стала ахвярай няпростай дарогі, але ўсё роўна паспявае дапамагаць і сабе, і тым, хто мае ў гэтым патрэбу.

— Былі выпадкі, калі чалавек хоча ісці, аднак з-за стану здароўя пілігрыма прыходзілася вяртаць дадому, — кажа ксёндз Кірыл Бардонаў. — Усё ж такі трэба разлічваць свае сілы, і нельга неабдумана рызыкаваць сваім здароўем. Бог не прымушае да гераічнасці. Хвароба верніка пасля паломніцтва, якая не дазваляе яму выконваць свае абавязкі, — не тое, чаго мы чакаем ад пілігрымкі. Мы хочам, каб у чалавека наадварот з'яўлялася яшчэ больш духоўных сіл і ён станавіўся лепшым бацькам, маці, настаўнікам.

* * *

Пілігрымка — гэта пастаянныя развагі, малітвы, унутраны дыялог. Але ісці і не кантактаваць з тым, хто ідзе разам з табой, немагчыма. Падчас «пяці хвілінак для сяброў», як празвалі перапынкі паміж малітвамі, на прывалах, даведаўся, што ідуць не толькі мінчане, але і жыхары Бабруйска, Слуцка, Асіповічаў, Саратава. Рушыў з намі нават студэнт з Прагі Хонза Дойч... Да Будслава ідзе оперная спявачка і машыніст метро, сястра-законніца і манах, семінарыст і школьнік, настаўніца і будаўнік, журналіст і выхавацелька дзіцячага садка. Побач са мной чатырохгадовага сына Яна-Тадэвуша ў калясцы коціць бацька Яўген Апанасевіч. Малы ў паломніцтве адчувае сябе выдатна, не наракае і ў вольны час ад пераходаў лётае, як верталёт.

У пілігрымку рушаць звычайна аднадумцы, людзі з падобнымі поглядамі на жыццё, а таму нават паступіла жартаўлівая прапанова арганізаваць «Бюро знаёмстваў» для тых, хто шукае другую палавінку. Тэма асабістых стасункаў тут, зразумела, не дамінуе, але некаторыя дзяўчаты сышліся на тым, што добра было б пайсці ў пілігрымку са сваім хлопцам, каб праверыць таго на трываласць. Не ведаю, ці былі адмоўныя выпадкі, але беларускі фатограф Віктар Малышчыц, майстар начных пейзажаў, спаткаў будучую жонку Насцю менавіта ў пілігрымцы Мінск — Будслаў.

* * *

Падчас абеда ў Жукаўцы, дзе пілігрымы спыніліся каля праваслаўнай царквы, здарыўся даволі цікавы выпадак.

Да знаёмых, што адпачывалі пад царкоўным плотам, падышла расхваляваная жанчына.

— Згубіла ружанчык і ніяк не магу яго знайсці, — звярнулася да іх верніца.

— А вы Святому Антонію памаліцеся (да яго католікі звяртаюцца ў тым ліку пры страце рэчаў. — Аўт.), — падказалі ёй суразмоўнікі. — Ён дапаможа.

Не прайшло і пяці хвілін, як жанчына вярнулася ўсцешаная, з усмешкай.

— Святы Антоній, — коратка сказала тая, трымаючы ў руках пацеркі. — Што гэта, калі не цуд? Знайшла ружанец пад турыстычным дыванком...

* * *

Дасведчаныя пілігрымы нагадваюць мне вопытных маракоў, марскіх ваўкоў, у якіх на кожны выпадак ёсць свая гісторыя. Юлія Казіміровіч хоць яшчэ і атрымлівае вышэйшую адукацыю, але ідзе ў пілігрымку да Будслава ўжо чатырнаццаты раз.

— Для пілігрыма схадзіць у лазню — вялікая справа. І падчас адной з пілігрымак у нас атрымалася гэта рабіць штодня, — з усмешкай прыгадвае Юля. — Пра лазню мы не прасілі людзей, яны самі прапаноўвалі. Гэта было як Божае благаслаўленне. А гады тры таму ў апошні дзень пілігрымкі перад самым Будславам нас накрыла такая моцная навальніца, што не было дзе схавацца. Ніякія дажджавікі ўратаваць не маглі. Нават тэлефоны пазалівала. Калі заходзілі ў касцёл, вады было сантыметраў дваццаць. Так шмат з вільготнага адзення накапала. І мы станавіліся ў ваду на калені, рушылі да алтара. Але гэта не перашкаджала, каб аддаць пашану Маці Божай.

* * *

У Стайках, Камене, Альковічах, Акцябрскім і Даўгінаве мясцовыя жыхары доўга не выпускаюць пілігрымаў з абдымак гасціннасці. Іх прыход для многіх сапраўднае свята. Кожны тыдзень вяскоўцы бачаць выключна суседзяў і аўталаўку, а тут такі ажыятаж. Пілігрымаў сустракаюць хлебам і соллю. Выносяць на панадворак сталы, ставяць бідоны з калодзежнай вадой, слоікі з кампотам, талеркі з печывам і цукеркамі. А ў Камене пілігрымам наогул зладзілі сапраўдны абед. Для іх прыгатавалі халаднік, бутэрброды, нарэзалі свежую гародніну, нехта нават прынёс хатні кефір.

Апошнія дзве ночы перад Будславам начуем з пілігрымамі ў Мацькаўцах і Даўгінаве — у Алы Белаковай і Галіны Сяліцкай. Многіх паломнікаў тут заўжды чакае распаленая лазня, смачная вячэра і мяккая пярына. Большасць жа пілігрымаў начавала ў Альковічах.

А для тых, хто вырашыў спаць у палатках, але хоча схадзіць у лазню, у Даўгінаве, дзе адначасова сабраліся пілігрымы з розных гарадоў, гаспадары дамоў павязвалі на агароджах стужачкі — апазнавальны знак. І такі ход неўзабаве сябе апраўдаў. Ад ахвотных схадзіць у лазні не было адбою.

* * *

Пілігрымка — не вандроўка. Тут ніхто не будзе ў мікрафон расказваць масу анекдотаў, гісторыі мясцін, якія праходзіш. Ад цябе чакаюць павагі да ўсіх тых, з кім ты ідзеш. Правілы паводзінаў пілігрымаў ніхто не раздрукоўвае, але яны ёсць і агаворваюцца яшчэ напачатку. Пажадана як мага менш кантактаваць па тэлефоне, не паліць і не піць. Айцец Кірыл кажа, гэта найперш дрэнны прыклад для іншых людзей, сярод якіх можа быць той, хто на час паломніцтва адмовіўся ад падобных спакус. Дрэс-код таксама існуе. Нягледзячы на спёку, дзяўчатам непажадана надзяваць празмерна кароценькія шорты і вузкія легінсы. Асабліва гэта тычыцца апошняга дня, калі ты ўваходзіш у Будслаў. Спрактыкаваныя рушылі ў лёгкіх доўгіх спадніцах, а нехта — у звычайных штанах. Калі чалавек пастаянна не рэагуе на заўвагі, паводзіць сябе неадэкватна, яго могуць адправіць дадому. Але выпадковыя людзі ў пілігрымцы таксама сустракаюцца. Ксёндз Дзмітрый Дубовік расказвае, як падчас адной з пілігрымак летась некалькі чалавек збеглі ўжо на другі дзень, калі атрымалі майку і бэйджык. «Калі нехта хоча ўбачыць у пілігрымцы турыстычны паход, расчароўваецца даволі хутка», — дадае ён. Кожнаму сваё, аднак абсалютная большасць усё роўна рушыць у Будслаў з-за духоўнай патрэбы.

— Пілігрымка — гэта такі міласэрны час, калі можна вучыцца любіць, — разважае Роза Міхайлоўская са Слуцка. — Кожны з нас нясе Хрысту свае падзякі, перапрашэнні, ціхія інтэнцыі ў сэрцы. І я пайшла таму, што хачу быць сведкам Хрыста, а душа прагне праслаўляць Бога.

* * *

Кульмінацыяй нашай рэлігійнай вандроўкі становіцца апошні дзень, калі выходзім з Даўгінава на Будслаў. Па дарозе спыняемся ў Ваўкалатцы. Адзін з гаспадароў, які адкрыў калодзеж перад пілігрымамі, раіць як мага больш набіраць вады, бо да Будслава вёсак ужо не будзе. Затое наперадзе нас сустракае шмат пілігрымаў з іншых гарадоў, якія прыселі адпачыць каля дарогі. Але яшчэ большую шчырасць адчуваеш ужо перад самым Будславам, калі падымаешся на так званую гару перапрашэння. Кожны кожнаму глядзіць у вочы, абдымаецца і перапрашае за тое, што зрабіў не так за апошнія пяць дзён. Магчыма, ты ўжо ніколі не сустрэнешся з кімсьці з гэтых людзей, але ўдзячны ім за падтрымку, братэрскасць. І цяпер ты цалкам разумееш, што нездарма некаторыя пілігрымы называюць адно аднаго братамі. Разам з кожным з іх за гэты тыдзень ты паспеў перажыць многае. Як духоўна, так і фізічна.

У хрысціянстве пілігрымкай называюць вандроўкі ў Святую Зямлю і іншыя рэлігійна значныя геаграфічныя мясціны. Згадкі пра падобныя паломніцтвы можна сустрэць нават у Бібліі. Самымі папулярнымі месцамі для паломнікаў у Еўропе быў Рым і іспанскі горад Санцьяга д Кампастэла, дзе пахаваны святы Якуб, для беларусаў – Жыровічы, Бялынічы, Вільня. А цяпер – у Тракелі, Росіцу і, безумоўна, Будслаў, куды да цудатворнага абраза Маці Божай ў 26-ы раз пехатой сёлета рушылі пілігрымы.

Тарас ШЧЫРЫ

taras@zviazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Шлях радасці

Каментары

Насамрэч, 2 апошнія ночы начуем у Альковічах і Даўгінаве(а не ў Мацькаўцах і Даўгінаве)!
Большасць вернікаў і сапраўды начавала ў Альковічах, але частка - у Мацькаўцах. Дзякуй за заўвагу. У тэксце дапоўнена.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».