Вы тут

Дзіцячыя пляцоўкі - за кошт жыльцоў?


Летам запатрабаванасць дзiцячых пляцовак нашмат узрастае. Тыя, хто па розных прычынах не можа выехаць у вёску, на дачу альбо на працяглы адпачынак, дружна выходзяць у двары.


Но­вая пля­цоў­ка ад за­бу­доў­шчы­ка.

У дзесяць-адзiнаццаць ранiцы, як правiла, да пясочнiц падцягваецца першая партыя мацi з дзецьмi. У абед пляцоўкi пусцеюць, бо малыя адпачываюць, а пасля абеду тут асаблiва многа наведвальнiкаў. З дзецьмi гуляюць мамы, таты, дзядулi, бабулi. Вось як, напрыклад, на вулiцы Луцкай у Брэсце.

Луцкая i суседнiя вулiцы ўяўляюць сабой раён тыповай забудовы канца 80-х — пачатку 90-х гадоў. Гэта самы, вiдаць, няўдалы перыяд у сэнсе праектавання жылля, калi для паркоўкi машын прастора фактычна не прадугледжвалася. Цяпер любы вольны лапiк зямлi займаецца транспартам, якi не толькi забiрае месца ў патэнцыяльных пляцовак, але i «з'ядае» бардзюры, разбiвае дарожнае пакрыццё вулiц. Некаторыя дамы на памянёнай вулiцы ўзведзены так, што праезная частка праходзiць у трох метрах ад пад'езда. А яшчэ асаблiвасць названай вулiцы ў тым, што будынкi ў пачатку i ў канцы яе значацца па iншых вулiцах — Валгаградскай i 28 лiпеня.

Яшчэ адной характэрнай прыкметай вулiцы можна назваць вялiкую колькасць дзяцей. На невялiкай па працягласцi тэрыторыi (адзiн прыпынак гарадскога транспарту) размешчаны дзве школы, тры дзiцячыя садкi. У садок i школу зараз пайшлi ўнукi навасёлаў дамоў мiкрараёна.

На пляцоўцы, якая размясцiлася ў двары дамоў па вулiцы Валгаградскай, 28, 30 i Луцкай, 50, заўсёды шматлюдна. Маладыя бацькi Дар'я i Мiхаiл Квяткоўскiя прывялi на прагулку сына Данiка. Дар'я сказала, што яны жывуць у 50-м доме па Луцкай. Побач з iм пляцоўка зусiм лядашчая, там для самых малых нават небяспечна гуляць, а тут — прастор, нiякiх машын побач. У пясочнiцу завезены свежы пясок, ёсць горка, арэлi, а таксама турнiкi, дзе могуць трэнiравацца малодшыя школьнiкi. Вось толькi грыбок, што засланяе ад сонца пясочнiцу, хтосьцi нядаўна прабiў у трох месцах.

Беражлiвага стаўлення да маёмасцi дзiцячых пляцовак не хапае, — заўважае начальнiк ЖЭСа № 11, чые рабочыя пляцоўку ўзводзiлi, Аляксандр АЎДЗЯЙЧУК. — Там грыбок прабiлi, у iншым месцы бардзюры пясочнiцы папсавалi. Даводзiцца рамантаваць. Зараз на ЖЭС атрымалi ўсяго тры новыя грыбкi для замены, а ў нас iх 18.

У начальнiка ЖЭСа карэспандэнт «МС» пацiкавiлася, што за канструкцыi стаяць ля некаторых дамоў. Бетонныя аркi дзе-нiдзе з такiмi ж бетоннымi дарожкамi займаюць многа месца, яны пазарасталi травой, нiяк не выкарыстоўваюцца. Аказалася, гэтыя грувасткiя пабудовы ўзводзiлi падчас будаўнiцтва жылля як дзiцячыя гарадкi-пляцоўкi пры кааператыўных дамах. А вось замацаваць iх за кiм-небудзь забылiся, як бывала на пачатку 90-х. За два дзясяткi гадоў, пакуль iх нiхто не даглядаў, яны часткова паразбуралiся, зрабiлiся непрыдатнымi i нават сталi небяспечнымi. Iх, на добры толк, цяпер неабходна зносiць. Але ж на гэта патрэбны немалыя сродкi. Лiшнiх грошай нiхто не мае. Так i стаяць гэтыя «катакомбы», а на iх месцы маглi б быць сапраўдныя пляцоўкi для дзяцей.

Воль­га Ва­сi­люк з сы­нам Паў­лам.

Праўда, яны i ёсць па ўсёй вулiцы. Хоць невялiкiя, з мiнiмальным наборам дзiцячых атракцыёнаў. Як, напрыклад, каля кааператыўнага дома №36 па Луцкай. Мама двух сыноў Вольга Васiлюк гуляе з iмi тут кожны дзень. Малодшы Паша любiць катацца з горкi альбо на арэлях. I ўсе малыя насельнiкi двара выходзяць з дому з поўным наборам цацак, каб будаваць мудрагелiстыя пясочныя палацы.

— Усiм нам, мамам, хацелася б, каб у нас была такая пляцоўка, як побач з новымi дамамi 33А i 33Б па вулiцы 28 Лiпеня, куды i мы часам наведваемся, — гаворыць Вольга. — Тыя пляцоўкi летась здавалiся забудоўшчыкам разам з дамамi. Але добра, што ў нашым двары ёсць хоць невялiкая свая. Гэта месца, дзе нашы дзецi вучацца пазнаваць свет, упершыню сутыкаюцца з жывой прыродай. Дрэнна толькi, што асобныя жыльцы без павагi ставяцца да дзiцячага насельнiцтва. Кажу найперш пра гаспадароў сабак, якiя не прыбiраюць за сваiмi гадаванцамi. Iншым разам баiшся дзiця выпусцiць на зямлю, бо яно можа ўлезцi ў прадукт сабачай жыццядзейнасцi. А дзiцячыя пляцоўкi i тэрыторыя вакол iх павiнны быць забароненай зонай для сабачнiкаў. I гэта залежыць толькi ад iх сумлення, — заўважае маладая мацi.

У кожнай паўакружнасцi дамоў, якiя i складаюць дваровыя тэрыторыi па ўказанай вулiцы, ёсць дзiцячыя пляцоўкi. Хоць невялiкiя, не багата аснашчаныя, але ёсць. Прыкладна палавiна iх належыць ЖЭСу, астатнiя ўзведзены за кошт сродкаў кааператываў. Начальнiк ЖЭСа №11 Аляксандр Аўдзяйчук сказаў, што грошы для паляпшэння названых аб'ектаў выдзеленыя, i некаторыя з iх будуць адрамантаваны i добраўпарадкаваны яшчэ ў гэтым годзе. Кааператывы вырашаюць гэта пытанне самастойна. Як адзначыў старшыня Брэсцкага гарадскога Савета дэпутатаў Мiкалай КРАСОЎСКI, прэзiдыум гарсавета даручыў дэпутатам каардынаваць работу грамадскiх iнiцыятыў у гэтым кiрунку. Цяпер пляцоўкi ўзводзяцца найбольш за сродкi грамадзян. Але да такiх аб'ектаў ёсць асаблiвыя патрабаваннi, прадыктаваныя правiламi бяспекi. Таму пры правядзеннi работ павiнны быць прыцягнутыя адпаведныя спецыялiсты i арганiзацыi. Вось гэта i ёсць клопат дэпутата.

...Да 1000-годдзя заснавання Брэста застаецца тры гады. Пачынаецца многа праектаў па ўдасканаленнi гарадской iнфраструктуры, iншымi словамi, разгортваецца вялiкая будоўля, асаблiва ў цэнтральнай частцы горада.

У сувязi з гэтым старшыня Брэсцкага гарвыканкама Аляксандр РАГАЧУК падрыхтаваў спецыяльны зварот да гараджан. Мэр просiць праявiць падтрымку i разуменне ў перыяд, калi давядзецца цярпець транспартныя i iншыя абмежаваннi. I гэта зразумела. Часовыя нязручнасцi акупяцца потым прыгожымi i дагледжанымi вулiцамi, адноўленымi старымi будынкамi i кварталамi. Але пры гэтым вельмi важна не забывацца пра двары, дзе людзi бавяць час кожны дзень i дзе малыя пазнаюць свет, вучацца ўспрымаць навакольнае асяроддзе i ўсведамляць сябе як частку родных мясцiн.

Святлана ЯСКЕВIЧ

yackevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Дзе пазнаецца свет?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».