Вы тут

Рэвізоры, ахаладзіце пыл!


Падчас Усебеларускага сходу яшчэ раз прагучала думка пра тое, што вытворцам і прадпрымальнікам не трэба перашкаджаць у іх дзейнасці.


Залішнія праверкі розных наглядных і іншых органаў не дапамагаюць працаваць. Таму дзейнасць тых, хто правярае, таксама правяраюць.

Сітуацыя з праверкамі абмяркоўвалася на сумесным пасяджэнні калегій Камітэта дзяржкантролю і пракуратуры вобласці.

Дарэчы, яшчэ ў 2009 годзе выйшаў Указ Прэзідэнта №510 «Аб удасканаленні кантрольнай (нагляднай) дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь».

— Больш за 6 гадоў дзейнічае ўказ, які быў прыняты для кардынальнага скарачэння колькасці праверак. Паралельна ён павінен спрыяць стварэнню сістэмы папераджальнага кантролю, якая не перашкаджала б рэалізацыі дзелавой ініцыятывы. Але па-ранейшаму дапускаюцца парушэнні і хібы, — сказаў Вадзім Заранкін, старшыня Камітэта дзяржкантролю Віцебскай вобласці.

За апошнія тры гады колькасць усіх праверак на Віцебшчыне не перавысіла 16,7 тысячы. Найбольш актыўныя — інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах (каля 2,9 тысячы праверак). А сярод наглядных органаў — падраздзяленні Міністэрства аховы здароўя, МНС, інспекцыя Дзяржбуднагляду. Для параўнання, летась Камітэтам дзяржкантролю вобласці зроблена толькі 101 праверка.

Як адзначылі ў камітэце, па-ранейшаму вялікая частка праверак — пазапланавыя. Пры гэтым іх колькасць узрасла летась на 7,2%. Значная праверачная нагрузка прыпадае на некаторыя арганізацыі. Даходзіла да 40 і больш праверак у год — і гэта на адно прадпрыемства! Некаторыя праверкі, якія праводзіліся па даручэнні праваахоўных органаў, цягнуліся да 140 дзён!

«Рэвізорам» нагадалі, што не патрэбны праверкі дзеля саміх праверак. Калі ўжо збіраецеся, напрыклад, на мясакамбінат, дык прыходзьце, калі ёсць дакладная інфармацыя аб парушэнні, якое ўчыняецца. Або, калі, скажам, цікавяць будаўнікі, дык даследуйце адразу некалькі аб'ектаў замест аднаго.

На калегіі дадзены канкрэтныя даручэнні ўпаўнаважаным органам вобласці па ўпарадкаванні кантрольнай і нагляднай дзейнасці і скарачэнні праверак.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

pukshanskі@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.

Грамадства

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

З 2000 года ў Беларусі выяўлена 4421 злачынства, звязанае з гандлем людзьмі.