Вы тут

Прэзентаваны беларускі выпуск таджыкскага часопіса “Памир”


Імпрэза прайшла ў канферэнц-зале Выдавецкага дома “Звязда”.


Другі нумар літаратурна-мастацкага, грамадска-палітычнага часопіса Саюза пісьменнікаў Таджыкістана “Памир”, які выйшаў сёлета, мае на мэце знаёмства чытача з сучаснай паэзіяй і прозай Беларусі. У перакладзе на рускую мову тут прадстаўлены творы каля 20 аўтараў – нашых сучаснікаў.

Гэта Мікола Мятліцкі, Анатоль Аўруцін, Лізавета Палеес, Алесь Бадак, Міхась Башлакоў, Навум Гальпяровіч, Валерый Грышкавец, Васіль Зуёнак, Казімір Камейша, Георгій Кісялёў, Васіль Макарэвіч, Юрый Мацюшка, Уладзімір Мазго, Генадзь Пашкоў, Міхась Пазнякоў, Алесь Жук, Алег Ждан і іншыя аўтары, якія актыўна публікуюцца ў літаратурна-мастацкіх выданнях Беларусі і могуць лічыцца выдатнымі прадстаўнікамі сучаснага літаратурнага працэсу нашай краіны. Дарэчы, некаторыя творцы, чые вершы і проза пабачылі свет у новым выпуску «Памира», - а гэта Міхась Пазнякоў і Навум Гальпяровіч – таксама прысутнічалі на прэзентацыі. 

Часопіс “Памир” – адзін з найстарэйшых літаратурных рускамоўных часопісаў сярэднеазіяцкага рэгіёна. Ён пачаў выдавацца пасля вайны, у 1946 годзе, быў створаны па ініцыятыве Саюза пісьменнікаў Таджыкістана і ўнёс вялікі ўклад у распаўсюджванне звестак пра таджыкскую літаратуру на прасторах усяго былога СССР. Сучасны часопіс “Памир”, хоць крыху зменшыў аб’ём, застаўся верным сваім высакародным традыцыям.

Адметна, што прэзентаваны выпуск «Памира» - не першы сумесны праект Беларусі і Таджыкістана ў галіне літаратурнага сяброўства. Падчас прэзентацыі Казідаўлат КАІМДОДАЎ, Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Таджыкістана ў Беларусі зазначыў:

- Сёлета мы адзначаем 20-годдзе ўстанаўлення дыпламатычных адносінаў паміж нашымі дзяржавамі. Беларусь і Таджыкістан звязваюць доўгія гады моцнага сяброўства, адметнасць нашых стасункаў – узаемаразуменне, узаемадапамога, шчырасць. Сёння мы з’яўляемся стратэгічнымі партнёрамі, але і культурнае, літаратурнае супрацоўніцтва – таксама адна з галоўных сфер нашай дзейнасці. Гэта аснова, што стварае пазітыўныя перадумовы для ўмацавання і пашырэння ўзаемаадносінаў у іншых сферах.

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ, дырэктар – галоўны рэдактар Выдавецкага дома “Звязда”, старшыня таварыства дружбы “Беларусь – Таджыкістан” распавёў:

- Фармат такой актыўнай працы сведчыць пра тое, што ў пісьменніцкім асяродку ёсць інтарэс да нацыянальных літаратур, штогод адбываюцца падзеі, якія сведчаць пра ўмацаванне адносінаў. Гэта таксама адлюстраванне вялікай работы, што стаіць за кожным з фактаў і праектаў, - праца перакладчыкаў, рэдактараў і рэдакцый літаратурна-мастацкіх выданняў.

Адказам беларускага боку калегам з Таджыкістана стане восьмы нумар часопіса “Нёман”, які сёлета будзе прысвечаны таджыксвай літаратуры. Як падкрэсліў галоўны рэдактар гэтага часопіса Аляксей ЧАРОТА, надзвычай важна прадставіць менавіта сучасную літаратуру Таджыкістана, слаба знаёмую айчыннаму чытачу, пазнаёміць з імёнамі маладых аўтараў.  

Падрабязней пра прэзентацыю чытайце ў бліжэйшых выпусках “Звязды”

Марына ВЕСЯЛУХА

vesialuha@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.