Вы тут

Жывыя вітаміны


У дзяцінстве я не любіла ягады. Пакуль не трапіла на канікулы да бабулі. На якія яна толькі хітрыкі не ішла, каб накарміць мяне вітамінамі. У выніку я ўпісвала нават чырвоныя парэчкі. А ўсяго толькі і трэба было — расцерці ягады з цукрам і на ноч паставіць у халадзільнік. Маса гусцела, застывала, мне падабалася «наразаць» яе лыжкай. Чарніцы і суніцы ішлі з малаком, маліны падаваліся з мёдам. Часта бабуля выціскала сок з ягад, а макуху залівала вадой, кіпяціла. Пасля іх змешвала, у выніку мы пілі «жывыя вітамінчыкі».


Пазней пачаліся эксперыменты з жэле. Бабуля награвала ягады з невялікай колькасцю вады, каб тыя пусцілі сок, які пасля цадзіла праз тканіну, дадавала цукар, кіпяціла і разлівала па слоіках. Мне, малой, цікава было назіраць, як яна змешвала сокі з розных ягад — малін, чорных і чырвоных парэчак. Безумоўна, жэле нарыхтоўвалася на бяз'ягадны перыяд, але для мяне спецыяльна налівалі крыху ў кубачак, каб астылую масу паставіць у лядоўню (там яна хутчэй гусцее).

Сёння ўжо я шукаю прыёмчыкі, каб прывучыць сваіх дзетак да ягад. Мы нанізваем суніцы на травінку. Малым падабаецца такі «шашлык». Не цікавіць неслухаў талерка з садавінай? Але праблема рашаецца, калі кавалкі яблыкаў, бананаў, ягады нанізаць на шпажкі.

Акрамя таго сама раблю для дзетак мармелад. Чорныя парэчкі на некалькі гадзін засыпаю цукрам (грам 800 на 1 кілаграм ягад). Калі ягады пачынаюць пускаць сок, вару на невялікім агні хвілін 20. Астуджаную масу пераціраю праз сіта. І зноў стаўлю на агонь на гадзіну. Застаецца толькі разліць масу па формачках і астудзіць.

Адзін з нашых любімых дэсертаў — айс-крэм. У кубачак кладу марозіва, ягады, фрукты (свежыя ці кансерваваныя), заліваю сіропам ці сокам. Айс-крэмы не размешваюцца і падаюцца з лыжачкай. Смачна есці!

Алена ВАЎЧКОВА, г. Мінск.

Даражэнькія гаспадары і гаспадыні, дзяліцеся і вы сваімі праверанымі часам рэцэптамі і парадамі. Хатнік чакае вашых лістоў.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.