Вы тут

На Магілёўшчыне працуе цэнтр рэабілітацыі нарказалежных людзей


Побач з вёскай Камянiца, на маленькiм хутары, якi мясцовыя жыхары называюць Брэнькаў, больш за 5 гадоў працуе рэабiлiтацыйны цэнтр для людзей, якiя пакутуюць ад наркатычнай залежнасцi. Стварыла яго рэспублiканская дабрачынная грамадская арганiзацыя «Жыццё». Праблемамi нарказалежных людзей яна займаецца ўжо 12 гадоў.


Да­па­мож­ная гас­па­дар­ка ў рэ­абi­лi­та­цый­ным цэнт­ры —  вы­дат­ны сты­мул на­ву­чыц­ца пры­яз­ным ад­но­сi­нам да жы­вёл.

— Цiхае i спакойнае месца ў адноснай далечынi ад гарадскога тлуму — адна з галоўных умоў паспяховай рэабiлiтацыi нарказалежных людзей, — адзначыў адзiн з кiраўнiкоў цэнтра Дзмiтрый ЦЫБУЛЬКIН. —  Справа ў тым, што ў медыцынскiх установах людзям здымаюць фiзiчную залежнасць i так званую наркатычную «ломку», але ў чалавека, якi прымае забароненыя рэчывы, пакутуе не толькi цела, але i душа. На Магiлёўшчыне наш цэнтр — адзiная ўстанова, дзе чалавек можа перамагчы залежнасць ад наркотыкаў ва ўсiх сэнсах. Прычым абавязковая ўмова — дабравольная згода чалавека. Калi за яго просяць бацькi, родныя, а сам не жадае пазбаўляцца ад залежнасцi, то дапамагчы яму немагчыма. Нашы былыя рэабiлiтанты, якiя справiлiся са сваiмi праблемамi, цяпер актыўна дапамагаюць iншым пазбавiцца ад наркотыкаў. Яны iдуць да сваiх былых сяброў, натхняюць iх на лячэнне жывым прыкладам.

Рэабiлiтацыйны цэнтр — гэта два падворкi, якiя выкупiла дабрачынная арганiзацыя. Вяскоўцы, дарэчы, паставiлiся да новых суседзяў прыязна, ды яны i пасялiлiся на даволi значнай адлегласцi ад вёскi. Пакуль пыталася, як праехаць на Брэнькаў, усе з задавальненнем паказвалi i хвалiлi насельнiкаў: «Звычайныя маладыя хлопцы», «Добрыя, вiтаюцца заўсёды!».

У цэнтры пастаянна пражываюць чатыры чалавекi. Трое з iх праходзяць рэабiлiтацыйную праграму, а чацвёрты выконвае функцыi куратара i дарадчыка, настаўнiка i проста сябра.

— Да нас прыходзяць людзi, якiя знаходзяцца на глыбокiм дне залежнасцi, некаторыя нiколi не працавалi, кралi, вялi антыграмадскi лад жыцця, — гаворыць Яўген ЮДЗIН, былы наркаман са стажам. — Пакуль што яны прыязджаюць з Мiнска, але мы ў першую чаргу чакаем ахвотнiкаў з Магiлёва i вобласцi. Проста не ўсе яшчэ ведаюць пра наш цэнтр i як да нас прыехаць.

У 16 гадоў Жэня пачаў ужываць наркотыкi. На iх iшлi ўсе грошы. Хлопец нарабiў шмат пазык, сапсаваў адносiны з бацькамi i блiзкiмi. Родныя паставiлi на iм тлусты крыж. Аднойчы Яўген сам зразумеў, што ён залежны, паспрабаваў лячыцца ў бальнiцы. Выйшаў — i ўсё пачалося зноў. Знаёмыя падказалi адрас цэнтра для нарказалежных у Радашковiчах. Там ён прайшоў гадавую праграму рэабiлiтацыi, якая складаецца з 12 крокаў, пасля — шэсць месяцаў адаптацыi да жыцця ў грамадстве. Цяпер дапамагае iншым атрымаць свабоду ад «чортавага зелля».

Пля­цоў­ку для за­ня­ткаў спор­там ства­ры­лi са­мi.

Па праграме 12 крокаў працуюць усе цэнтры РДГА «Жыццё». Iдэю падказалi галандцы, дзе легалiзаваны продаж так званых «лёгкiх» наркотыкаў i створана шырокая сетка рэабiлiтацыйных устаноў для нарказалежных.

— Побыт нашых рэабiлiтантаў вельмi просты, — расказвае Яўген. — У кожнага ўласны ложак, тумбачка для асабiстых рэчаў. Тэлефонам, камп'ютарам, тэлевiзарам, iнтэрнэтам карыстацца нельга. Калi блiзкiя хочуць звязацца са сваяком, то яны тэлефануюць мне.

Увогуле, у цэнтры стараюцца кантакты са знешнiм светам звесцi да мiнiмуму — дзеля таго, каб у чалавека менш спакусы было вярнуцца да мiнулага жыцця. Рэабiлiтанты падпiсваюць спецыяльныя дакументы, iм тлумачаць абавязкi, правiлы паводзiн. Некаторыя, здараецца, парушаюць рэжым, але строга iх не караюць. Да кожнага чалавека шукаюць iндывiдуальны падыход.

— Кожны дзень у нас распiсаны пагадзiнна, — паказвае Жэня стэнд з абавязкамi. — Ранiца заўсёды пачынаецца з малiтвы. Наш цэнтр iснуе не толькi на дапамогу галандскiх спонсараў, а яшчэ i на ахвяраваннi вернiкаў, таму шмат часу адводзiм вывучэнню Бiблii. Акрамя таго, у хлопцаў часта жыццёвыя прыярытэты расстаўлены няправiльна, цi iх увогуле няма, таму далучэнне да спрадвечных духоўных каштоўнасцяў — адзiн з галоўных кiтоў нашай праграмы. Таксама шмат увагi ўдзяляецца фiзiчнай працы. За кожным з нашых насельнiкаў замацаваны пэўныя абавязкi. Не ўсе рэабiлiтанты маюць прафесii, прыходзiцца прывiваць iм самыя элементарныя працоўныя навыкi. У нас ёсць падсобная гаспадарка: куры, козы. Раней гадавалi бычкоў, свiней. Садзiм вялiкi агарод, дапамагаем з сяўбой цi ўборкай, калi трэба, суседзям.

Вольнага часу ў насельнiкаў цэнтра амаль што няма. Культурная праграма для рэабiлiтантаў таксама накiравана на паляпшэнне iх маральнага i фiзiчнага стану. Калi дазваляе надвор'е, яны гуляюць у баскетбол, валейбол, ходзяць у паходы...

Асаблiва адведзеных дзён для сустрэч з роднымi няма ў асноўным таму, што блiзкiя не падтрымлiваюць з iмi адносiн. А тыя, хто не страцiў сваяцкiх сувязяў з залежнымi, не заўсёды вераць у станоўчы рэзультат. А ён ёсць. З 23 чалавек, якiя прайшлi праграму рэабiлiтацыi ў Камянiцы i паспрабавалi змянiць сваё жыццё да лепшага, сем сталi паўнапраўнымi членамi грамадства. Яны цалкам вызвалiлiся ад залежнасцi, уладкавалiся на працу, наладзiлi адносiны з роднымi, стварылi ўласныя сем'i i нарадзiлi дзяцей.

Даведка

Сёння актыўна працуюць чатыры рэабiлiтацыйныя ўстановы для людзей, якiя пакутуюць ад наркатычнай залежнасцi: у Вiцебскай i Магiлёўскай абласцях, Радашковiчах (для мужчын) i Вiлейцы (для жанчын).

З першых вуснаў

Кiрыл МIХАЛЬСКI:

— За шэсць гадоў паспрабаваў на сабе амаль усе наркатычныя сродкi. Проста было цiкава. Яшчэ ў дзяцiнстве страцiў бацькоў, дык захацеў як мага раней лiчыць сябе самастойным. Красцi не ўмею, прыходзiлася вельмi шмат працаваць, каб зарабiць на чаканую «дозу». Калi прыехаў у вёску на рэабiлiтацыю, быў у шоку. Уяўляеце —  усё жыццё правесцi ў мегаполiсе i потым апынуцца ў абсалютнай цiшынi. Тут, зразумеў пасля, важнае кожнае дзеянне. Ты вучышся планаваць свой час, самадысцыплiнуешся. Пачаў заўважаць тое, чаго не бачыў раней, напрыклад, прыгажосць прыроды, стаў цанiць сяброўскiя адносiны.

Аляксей УСЦIНАЎ:

— З дзяцiнства мяне прываблiвала ўсё дрэннае. З 13 гадоў пачаў калоць iн'екцыйныя наркотыкi. Сядзеў неаднаразова ў турме за крадзеж. Сябры памiралi ад перадазiровак, i я звыкся з тым, што ў хуткiм часе i мяне напаткае такi ж лёс. Аднойчы сустрэў знаёмага, пра якога даўно нiчога не чуў i думаў, што яго няма на гэтым свеце. Ён быў абсалютна здаровы, расказваў, што ажанiўся, ёсць дзецi, а галоўнае, некалькi гадоў не прымае наркотыкаў. Цяжка было паверыць у гэта. Я працягваў жыць сваiм жыццём, але сябар не забыў пра мяне: пiсаў лiсты, дасылаў невялiкiя падарункi. Ён спачатку адвёў мяне ў рэабiлiтацыйны цэнтр у Радашковiчах, а потым я трапiў сюды. За гэты час прыйшло пераасэнсаванне ўсяго ранейшага жыцця, шмат чаму прыйшлося вучыцца нанава. Вельмi ўдзячны людзям, якiя дапамагаюць мне. Я нiколi ў жыццi не працаваў, а тут у мае абавязкi ўваходзiць догляд жывёл, i гэты занятак мне вельмi падабаецца.

Святлана МАГIЛЕЎЧЫК

Загаловак у газеце: 12 крокаў да жыцця

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.