Вы тут

Як зрабіць крэйдачкі для малявання на асфальце?


Вы ідзяце на дзень нараджэння да сяброў, у якіх маленькія дзеткі? І не ведаеце, чым іх здзівіць? Ёсць ідэя! Падарыце бацькам і іх дзеткам новыя ўражанні. Напрыклад, які-небудзь незвычайны майстар-клас.


Менавіта такі падарунак атрымала Аляксандра Сержановіч са сваімі дзеткамі Янам і Юстынай, якіх я сустрэла ў майстэрні «Святло керамікі». Мы разам у той вечар зрабілі шэсць вялізных крэйдачак. Дапамагала нам у гэтай неверагодна захапляльнай справе Хэлен Машчанка. Я з захапленнем назірала, як лёгка і нязмушана гэтая маладая дзяўчына знаходзіла падыход да дзетак.

Спачатку яна навучыла нас рабіць формачкі для будучых крэйдачак. Для гэтага раздала кожнаму па кардонным тубусе ад харчовай фольгі. Яго трэба было грунтоўна абматаць кавалкам шчыльнай плёнкі (такой звычайна ў вёсцы абцягваюць парнік). І добра замацаваць яе пры дапамозе скотча ў трох месцах — знізу, зверху і па цэнтры. Дно цыліндра мы зафіксавалі плёнкай ад поліэтыленавага пакета і скотчам, каб гіпсавая маса не выцекла падчас застывання.

Так, як вы правільна здагадаліся, для вырабу самаробных крэйдачак патрэбны гіпс. А яшчэ акрылавыя фарбы і вада. Для таго, каб прыгатаваць каляровую масу, белы гіпсавы парашок трэба змяшаць з вадой (у прапорцыі 1:1,5 (то бок парашку больш, чым вады) і дадаць туды фарбу (колькасць залежыць ад таго, якое адценне і яркасць крэйды вы хочаце атрымаць). Можна мяшаць лыжкай, але хутчэй і весялей рукамі. Мы ў гэтым пераканаліся на ўласным досведзе. Выпэцкаліся з ног да галавы, затое шчасця колькі! Праўда, любавацца на свае рознакаляровыя рукі мы будзем пасля. Бо цяпер нельга губляць час. Хэлен нас папярэдзіла, што гіпс застывае вельмі хутка, прыблізна хвілін 8-15. А нам жа яшчэ трэба пераліць праз лейку атрыманую каляровую масу ў загадзя падрыхтаваныя формачкі. Каб крэйдачкі атрымаліся больш вясёлымі, палову цыліндра запаўнялі адным колерам, палову — іншым. Паводле слоў Хэлен, гэта вельмі зручна рабіць, калі на майстар-клас збіраецца шмат дзяцей. Усе замешваюць гіпс адначасова і пры гэтым выбіраюць сабе фарбу любімага колеру, а потым абменьваюцца. Крэйдачкі тады атрымліваюцца наогул вясёлкавымі.

Пакуль наш рукатворны цуд сохне, мы п'ём гарбатку з печывам і дзелімся ўражаннямі. Разглядаем вырабы з гліны, якія зрабілі людзі на іншым майстар-класе — па кераміцы. Праз хвілін дваццаць Хэлен бярэ ў рукі адзін з цыліндрыкаў, які ўжо практычна цвёрды, і прапаноўвае нам дакрануцца. «Адчуваеце цяпло? Гэта ідзе хімічная рэакцыя з цеплавыдзяленнем».

Радасныя, мы забіраем гіганцкія крэйдачкі, зробленыя ўласнымі рукамі з сабой. Цяпер імі ўсё лета можна маляваць, пакуль асфальт не скончыцца! На развітанне Хэлен дае інструктаж: «Калі прыйдзеце дадому, вызваліце свае крэйдачкі з поліэтыленавага цыліндра. Занясіце на балкон і пакіньце іх там ляжаць яшчэ суткі, каб цалкам прасохлі.

Пры жаданні можна паспрабаваць зрабіць крэйдачкі і дома. Пры гэтым ад вас не патрабуецца мора часу, намаганняў і фінансавых выдаткаў. А дзіця, хутчэй за ўсё, з задавальненнем паўдзельнічае ў гэтым працэсе. Бо так прыемна гуляць з тым, што ты зрабіў сам.

А гульняў на асфальце — як дроў у лесе. Можна намаляваць «класікі», альбо зладзіць конкурс сярод дзяцей у двары на самы арыгінальны малюнак. Прапануйце сваёй малечы пагуляць разам: вы малюеце, дапусцім, хмарку, а ён — кроплі дажджу. Гэта вельмі збліжае. Таксама можна намаляваць дарогу і разметку на ёй, ці трасу са стартам і фінішам — гэта можна пасля скарыстаць падчас рухомых гульняў.

Дарэчы, самаробнымі крэйдачкамі можна маляваць не толькі на асфальце і не толькі летам. Фонам для дзіцячых малюнкаў могуць стаць нават сцены дзіцячага пакоя. Саша, напрыклад, расказала, што ім сябры падарылі чорную грыфельную дошку. Яна лёгка мацуецца да сцяны. І там Янка з Юстай з задавальненнем малююць таксама.

Надзея ДРЫЛА

dryla@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.