Вы тут

На восень айчынныя санаторыі прапануюць пуцёўкі са зніжкай


Цэны на аздараўленчыя паслугі за год выраслі прыкладна на 18 працэнтаў. Калі летась дзень пражывання ў стандартным нумары санаторыя ў самы пікавы перыяд абыходзіўся ў 41 рубель (ці 410 тысяч да дэнамінацыі) на чалавека, то цяпер — у 48,5 рубля. Але на восеньскія месяцы ўжо прадугледжана сістэма зніжак. Хутчэй за ўсё цэны на гэты час упадуць да 41 рубля за суткі.


Папулярныя працоўныя лагеры

Кошты пуцёвак у дзіцячыя аздараўленчыя лагеры аказаліся ніжэйшымі, чым прагназавалася.

— Гэта дасягнута таму, што пастаўкі тых жа прадуктаў, напрыклад, ажыццяўляюцца ад прамых вытворцаў, — патлумачыў дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Генадзь БАЛБАТОЎСКІ.

Так, адправіць дзіця на 18 дзён у кругласутачны летнік абыдзецца ў сярэднім у 378 рублёў (да дэнамінацыі — 3 мільёны 780 тысяч) пры планаваным кошце ў 385 рублёў. Пуцёўка ў дзённы лагер па факце выйшла таннейшай на 20 рублёў: набыць яе можна за 84,5 рубля. На 10 рублёў паменшаў кошт знаходжання ў лагеры працы і адпачынку і склаў 90 рублёў за змену. Звяртаем увагу, што тут указаны поўныя цэны. Бацькі ж, набываючы пуцёўкі для сваіх малых, могуць разлічваць на пэўныя датацыі і ў выніку заплаціць значна меншую суму.

За першую і другую змены ў летніках аздаравіліся больш за 286 тысяч дзяцей. З іх 94 тысячы пабывалі ў кругласутачных лагерах, 192 тысячы — у дзённых. 56 тысяч дзяцей наведвалі спартыўна-аздараўленчыя лагеры, 31 тысяча — профільныя, каля 14 тысяч — лагеры працы і адпачынку. Апошнія, трэба сказаць, становяцца ўсё больш папулярнымі сярод падлеткаў.

— Лагеры працы і адпачынку дзейнічаюць ужо чацвёрты год, і іх колькасць расце, — кажа Генадзь Балбатоўскі. — Напачатку нас крытыкавалі, быццам дзяцей прымусова будуць заганяць туды працаваць. Але асцярога скептыкаў не апраўдалася. Сёння гэтая форма адпачынку вельмі запатрабавана. Падлеткі зарабляюць там грошы, набываюць навыкі. Мы нават не можам прыняць усіх ахвотных, дзеці просяцца на другую змену.

Пяцізоркавыя санаторыі і SPA-салоны

Сёння айчынныя санаторыі цалкам запоўнены. І на аздараўленне туды едуць не толькі беларусы. За першае паўгоддзе ў санаторыях спыніліся больш за 95 тысяч замежнікаў (на 16 тысяч больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года). Як і раней, асноўная частка — расіяне. Іх доля хоць крыху і зменшылася, але ўсё роўна складае 80—90 працэнтаў ад усіх грамадзян іншых краін.

Разам з тым актыўней сталі прыязджаць да нас жыхары Заходняй Еўропы: палякі, немцы. Напрыклад, экспарт аздараўленчых паслуг па Гродзенскай вобласці за першае паўгоддзе вырас у тры разы.

— Брэндам беларускіх санаторыяў застаецца медыцынскі складнік. Але замежнікі заходняга рэгіёна хочуць ехаць на зразумелы для іх від паслуг — звычайна гэта SPA. Санаторна-курортныя арганізацыі сёння працуюць над развіццём гэтага рынку, і ў нас ужо ёсць паўнавартасныя сертыфікаваныя SPA-салоны, якія адпавядаць міжнародным стандартам, — адзначае Генадзь Балбатоўскі.

Клапоцяцца ў айчынных здраўніцах і пра тое, каб стварыць больш камфортныя ўмовы пражывання. Напрыклад, пры рэканструкцыі перарабляюць чатырохмесныя нумары ў адна- і двухмесныя. Летась амаль чвэрць выручкі ад рэалізацыі паслуг — каля 70 мільёнаў (700 мільярдаў недэнамінаваных рублёў) — уласнікі санаторыяў уклалі ў развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы. А каб прывучыць абслуговы персанал быць больш ветлівым, актыўна накіроўваюць пакаёвак і афіцыянтаў на курсы гасціннасці.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Эканомія — сем рублёў у дзень

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.