Вы тут

На што мае права пакупнік і калі ён вінаваты?


Чалавек пражывае ў рэжыме чакання ад 2 да 6 гадоў свайго жыцця, сведчаць розныя даследаванні. Трэцяя частка гэтага часу прыпадае на чэргі: на вакзалах, у аўтамабільных заторах, крамах. Апошнія характарызуюцца асаблівым напружаннем і псаваннем нерваў сабе і навакольным. Пры гэтым часцей за ўсё спажыўцы вінавацяць у маруднасці і непрафесіяналізме касіраў. Ніхто не задумваецца, як адчуваюць сябе яны падчас 12-гадзіннай змены, калі на касе можа абслугоўвацца да 2000 чалавек.


Мая суразмоўца за 10 гадоў працы паспытала касірскага хлеба ў крамах некалькіх сеткавых рытэйлераў. Частыя аб'явы пра недахоп касіраў у такіх крамах тлумачацца жорсткай сістэмай штрафаў і пакаранняў і не вельмі прывабным сацыяльным пакетам.

«Адмена! Прынясіце ключ!»

Памятаючы правіла, што спажывец заўсёды мае рацыю, мы, на жаль, забываемся не толькі на нашы абавязкі як пакупніка, але і на элементарныя павагу і кемлівасць.

— Большасць пакупнікоў — нармальныя людзі, аднак сустракаюцца такія экземпляры, што проста жах. То кідаюць пакункі на транспартную стужку, а то ставяць прама на яе кошык і камандуюць: выкладвай, гэта твой абавязак! — расказвае Жанна. — Аднак менавіта пакупнік павінен выкласці тавар на транспарцёр, пры гэтым бутэлькі абавязкова трэба класці, а не ставіць. Я заўсёды папярэджваю пра гэта, і калі хтосьці не паслухаў і бутэлька разбілася, за яе плаціць пакупнік. Калі я не папярэдзіла — кошт разбітай бутэлькі вылічаць з мяне.

Яшчэ адзін абавязак пакупніка — аддзяляць свае пакупкі ад іншых, карыстаючыся спецыяльным раздзяляльнікам, што ляжыць на стужцы. Касір не можа ўвесь час сачыць, дзе скончыліся тавары аднаго і пачаліся пакупкі іншага. Праз гэта, дарэчы, часта і ўзнікаюць адмены на касе, калі прыходзіццца крычаць «Адмена! Нясіце ключ!» і клікаць старэйшага касіра, каб адмінусаваць з чэка лішні тавар. А гэта лішні час і нервы.

Часам прыходзіцца адмяняць цэлую гару пакупак, бо спажыўцы «не заўважаюць» надпіс «каса працуе толькі па наяўным разліку» або ў іх не хапае грошай. Здараюцца адмены і праз чыста тэхнічны момант, калі выпадкова сканер пікне два разы запар замест аднаго або касір націсне на адну лічбу двойчы.

— Ліміту на колькасць адмен за змену няма, аднак калі яны па віне касіра, а не пакупніка, гэта абыходзіцца дорага. Вось здарылася, што пакупнік бярэ 5 сыркоў, а ты незнарок прабіў 55, і ён аплаціў, тады ты выплаціш за 50 лішніх сыркоў са сваёй кішэні і нават забраць іх не зможаш, — уздыхае дзяўчына. — А ёсць магазіны, дзе кіраўніцтва вырашыла не дапускаць адмен увогуле. Калі яны здараюцца, касір аплачвае суму вернутага тавару, прычым часам у 10-разовым памеры. Тавар пры гэтым застаецца ў краме.

На паліцы цана адна, на касе — іншая

Калі пакупнік прыходзіць з таварам, цана якога на касе не супадае з той, што напісана на паліцы ў аддзеле, ён можа патрабаваць разлічыць яго па ўказанай цане, а адміністрацыі крамы прыйдзецца пакрываць розніцу. Гэта здараецца, калі ведамасць з новай цаной толькі закрылі, на касу давялі, а змяніць цэннікі на зале яшчэ не паспелі. Аднак пакупнік можа ўвайсці ў становішча і заплаціць новую цану.

Здараецца, што на пэўным тавары пазначана ўвогуле іншая цана (скажам, на латок з ялавічынай наклеена этыкетка з сумай коштам свініны). Тады спажывец мае права купіць яго менавіта за ўказанную суму. У гэтым выпадку заплацяць эканамісты магазіна, якія пераблыталі лічбы.

Шмат спрэчак паміж касірамі і пакупнікамі ўзнікае і адносна акцыйных тавараў. Прыгожыя рэкламныя праспекты запрашаюць набыць прадукцыю па прывабных цэнах, а ў краме такіх найменняў часам проста не аказваецца.

— Гэта не віна магазіна, — тлумачыць Жанна. — У кожным буклеце напісана, што акцыя дзейнічае пры наяўнасці тавару на складзе. А здараецца, што пастаўшчык гэтай прадукцыі прывозіць вельмі абмежаваную партыю ў першы дзень акцыі, а пасля проста не папаўняе аб'ём. Спажывец павінен зразумець, што мы рэалізатары тавара, а не вытворцы.

Узяў — пакладзі на месца!

Сутыкненні на касе часта ўзнікаюць і праз цацкі. Маленькія пакупнікі часта перастаўляюць іх з месца на месца. А бацькі потым бяруць іх з паліцы, не звяртаючы ўвагі на тое, чаму вялізны ружовы слонік каштуе 2 рублі, і толькі на касе высвятляецца, што гэты слонік каштуе 12 рублёў, а той, што танны, — у 5 разоў меншы па памеры.

Тое ж самае тычыцца выпадкаў, калі дзіця нешта паб'е — заплаціць за рэч давядзецца бацькам. А вось калі дарослы пакупнік выпадкова зачапіў нешта сумкай ці спадніцай або яго штурхнулі і ён наляцеў на паліцы і нешта разбіў, гэта расцэньваецца як ненаўмыснае псаванне маёмасці. Выплочваць за зламанае грошы спажывец не павінен, хоць большасць крам настойвае на адваротным. І вось тут ужо трэба адстойваць правы і разбірацца.

— З іншага боку, калі прадавец «раіць» вам сачыць за малым, каб не чапаў тавар, бо ён не туды паставіў боцікі, а то «нам потым усё расстаўляць», спажывец мае права не слухаць такіх «парад». Расстаўляць рэчы па месцах пасля прымерак — абавязак прадаўца, — адзначыла мая суразмоўца.

«Вампіры», «кафейнікі», «жвачнікі»

Асаблівы кантынгент пакупнікоў — тыя, хто хоча атрымаць тавар задарма і спрабуе вынесці яго з залы. Іх па «спецыялізацыі» называюць «кафейнікамі», «жвачнікамі», «каўбаснікамі». Такія людзі бяруць на зале тавар, адрываюць штрых-код, засоўваюць рэчы ў кішэні ці пад адзенне і прама крочаць на выхад.

— Часцей за ўсё мы іх затрымліваем, бо ўжо ведаем у твар, сочым за іх паводзінамі і вядзём на агляд у спецыяльнае памяшканне, — распавяла Жанна. — Але аднойчы дзяўчына-«жвачніца» была ў краме разам са сваім хлопцам, якому, пэўна, паспела перадаць тавар, перш чым мы да яе падышлі. У знак праведнага абурэння, што мы яе падазраём, яна цалкам агалілася проста каля касы. А хлопец спакойна вынес пачак жуйкі.

Тыя, каму трэба пахмяліцца, бяруць на зале мінералку, выпіваюць яе, пераліваюць у пластык гарэлку і спрабуюць заплаціць на касе, як за мінералку. Ёсць таксама аматары паесці, пакуль ходзяць па зале. Ядуць усё. Супрацоўнікі потым знаходзяць скуркі ад каўбасы, абгорткі ад цукерак, пачкі з-пад соку і іншае.

Аднак калі дзіця будзе есці булачку ці піць сок, пакуль маці занятая пакупкамі, заўвагу яму не зробяць. Галоўнае — на касе не забыцца папярэдзіць, што трэба гэты пачастунак дадаць у квіток.

— Ёсць людзі, якія проста прыходзяць у краму «павампірыць» энергетыку. Яны нешта бубняць сабе на касе, абураюцца, а калі не вядзешся на гэта і ім не адказваеш, чуеш: «А чаму вы маўчыце? Як вы так можаце?!» Некаторыя проста адкрыта абражаюць, — успамінае касір. — А ёсць малады хлопец, які ўжо месяц штодня прыходзіць у краму, набірае поўны кошык тавараў, сярод якіх абавязкова знаходзіцца піва, прабівае на іх чэк на касе і... пакідае ўсе пакупкі ў касіра, бо спіртное яму прадаць не могуць , бо ён непаўналетні. Ён так і паабяцаў: «Я буду да вас хадзіць, пакуль вы мне не прададзіце». Дарэчы, 18 яму споўніцца літаральна праз месяц...

Такія вось атрымліваюцца «карціны з выстаўкі». Асабіста мне было вельмі цікава паглядзець на сябе збоку, слухаючы суразмоўцу. Цікава, а ці пазнае хто з вас сябе ў замалёўках партрэтаў пакупнікоў?..

Ірына СІДАРОК

sіdаrоk@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Спатканне на касе

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».